Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрты: Папа рымскі Ян Павал ІІ аказаў вялізны ўплыў на зьвяржэньне камунізму

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 31.05.2019 18:10
  • уплыў папы рымскага на зьвяржэньне камунізму.mp3
У Крамлі было прынятае рашэньне аб тым, каб усімі даступнымі сродкамі змагацца з Янам Паўлам ІІ.
Foto: archiwum/Polskie Radio/PAP/Wojciech Kryński

40 гадоў таму папа рымскі Ян Павал ІІ упершыню наведаў Польшчу ў якасьці галавы каталіцкага касьцёла. Гэта было 2 чэрвеня 1979 году, а на пачатку 80-ых гадоў быў створаны Незалежны прафсаюз «Салідарнасьць», з якім улады краіны не маглі справіцца, і былі прымушаныя ўвесьці ваеннае становішча, каб прадухіліць увод савецкіх танкаў у Польшчу. На думку экспэртаў, візыт папы ў Польшчы аказаў вялізны ўплыў на зьвяржэньне камунізму.

Ваеннае становішча стала практычна пачаткам канца камуністычнай улады ў краіне. Але раней было яшчэ першае паломніцтва Караля Вайтылы (Яна Паўла ІІ) у Польшчу, якое ўзбудзіла ў палякаў вялізную прагу свабоды. Гісторыкі, экспэрты, якія вывучаюць спадчыну папы рымскага-паляка, падкрэсьліваюць, што першае паломніцтва аказала вялізны ўплыў на пазьнейшыя падзеі, у тым ліку нараджэньне «Салідарнасьці». Папа між іншым казаў пра тое, наколькі важная для кожнага чалавека годнасьць, – гаворыць віцэ-дырэктар Музэю Яна Паўла ІІ і Стэфана Вышыньскага Пётр Дмітровіч.

П. Дмітровіч: Гэта словы, якія прагучалі з вуснаў Яна Паўла ІІ на пачатку яго пантыфікату. Выступаючы на міжнародным форуме, ён казаў, што фундамэнтам усяго зьяўляецца годнасьць чалавека. І з гэтага ўсё пачалося, у тым ліку правы чалавека, рэлігійная свабода. Ян Павал ІІ ня толькі быў першым папам-не італьянцам, але таксама першым папам з краіны камуністычнага блёку. І гэты досьвед прыгнёту з боку дзьвюх таталітарных сыстэм – нямецкага фашызму, а пазьней савецкай сыстэмы, самы важны, каб зразумець пасланьне Яна Паўла ІІ.

І пра гэтую годнасьць чалавека ды народу, пра яго права самому вырашаць пра свой лёс казаў Ян Павал ІІ падчас сваіх паломніцтваў у Польшчу.

Папа рымскі Ян Павал ІІ: Гэта наша Айчына, гэта наша «быць» і наша «мець». І ніхто ня можа пазбавіць нас права, каб будучыня гэтага нашага «быць» і «мець» не залежала ад нас. Кожнае пакаленьне палякаў, асабліва на працягу апошніх 200 гадоў, але і раней таксама, цягам цэлага тысячагодзьдзя, сутыкалася з адной і той жа праблемай. Можам яе назваць праблемай працы над сабою. І трэба сказаць, што калі ня ўсе, то вельмі многія не баяліся, не пазьбягалі цяжкасьцяў, якія ставілі перад імі тыя часы, у якіх яны жылі. Для хрысьціяніна ніколі сытуацыя не бывае безнадзейнай. Хрысьціянін зьяўляецца чалавекам надзеі.

Папа рымскі быў першым папам з краіны Ўсходняй Эўропы, з Польшчы. Многія гісторыкі падкрэсьліваюць, што гэты пантыфікат аказаў вялізны ўплыў на зьвяржэньне камунізму, як у Польшчы, так і агулам па Эўропе. Працягвае намесьнік дырэктара Музэю Яна Паўла ІІ.

П. Дмітровіч: Немагчыма пераацаніць ягоную ролю. Як я ўжо казаў, папа рымскі разумеў, што такое камуністычны таталітарызм, ён у гэтай сыстэме пражыў шмат гадоў. Ён сам ня быў палітыкам, але сваімі словамі, сваімі ўчынкамі ад самага пачатку абраньня яго галавой каталіцкага касьцёла ён аказваў вялікі ўплыў на палітыкаў у розных дзяржавах, а таксама аказваў уплыў на розныя ўстановы і на звычайных людзей. Неўзабаве пасьля выбару на пасаду, у кастрычніку 1979 году, ён выступіў са сваёй першай прамовай у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гаварыў прыгожай, простай мовай – пра правы чалавека, пра права на свабоду веравызнаньня. І адзін з амэрыканскіх дыпляматаў сказаў пасьля выступленьня, што ніколі раней ён не бачыў такога страху на тварах палітыкаў з дзяржаў камуністычнага блёку. У іх вачах быў вялікі страх, яны зразумелі, што словы папы рымскага трапляюць у сэрцы людзей. І неўзабаве ў Крамлі было прынятае рашэньне аб тым, каб усімі даступнымі сродкамі змагацца з Янам Паўлам ІІ. Ён быў прызнаны вельмі небясьпечнай асобай.

Нагадаем, у траўні 1981 году на плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме быў зьдзейсьнены замах на папу рымскага Яна Паўла ІІ. Вельмі верагодна, што рашэньне пра замах на жыцьцё галавы касьцёла было прынятае ў Маскве, хаця ніхто з савецкіх, а пазьней расейскіх палітыкаў у гэтым ніколі не прызнаўся. Калі б расейскія гістарычныя архівы былі адкрытыя для польскіх гісторыкаў, яны маглі б праверыць, які ўплыў навучаньне папы рымскага-паляка аказала на рашэньні савецкіх палітыкаў. Хаця вельмі малаверагодна, каб сьлед пра тое, што яны былі датычныя да замаху, застаўся ў расейскіх архівах.

Пр. 1 ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт