Дарагія суседзі, не чакайце надта многа
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
14.05.2019 19:23
Брусэль сьвяткуе дзесяць гадоў Усходняга партнэрства (УП), аднак прычын для задавальненьня ўсё менш.
polish.ruvr.ru
Ініцыятывай УП, якая ахоплівае шэсьць дзяржаваў, найбольш скарысталі Грузія, Украіна й Малдова. Падпісаныя пагадненьні аб супрацоўніцтве і свабодным гандлі з ЭЗ, у гэтых краінах сталі рухавіком рэформаў. Акрамя гэтага, чальцы УП атрымлівалі дадатковае фінансаваньне на шматлікія праекты, а грамадзяне - магчымасьць у бязьвізавым рэжыме перамяшчацца па Эўропе.
Аднак за апошнія гады Ўсходняе партнэрства стала тармазіць. ЭЗ пасьля міграцыйнага крызісу засяродзілася на супрацоўніцтве з паўднёвымі суседзямі, пакідаючы перамовы з усходнімі. Акрамя гэтага, некаторыя чальцы ЭЗ, як Нідэрлянды ці Францыя, ня хочуць збліжэньня з краінамі УП, каб не раздражняць Расею. У дадатак, самі ж чальцы УП не ажыцьцяўляюць прынятых абавязацельстваў па рэфармаваньні краін, у прыватнасьці, найбольшай перашкодай зьяўляецца карупцыя.
Да супрацоўніцтва з ЭЗ з дыстанцыяй сталі ставіцца астатнія тры дзяржавы – Беларусь, Азэрбайджан, Армэнія. Доказ - адсутнасьць Лукашэнкі на саміце УП у Брусэлі.
Дарэчы, Беларусь атрымала найменш балаў па паказчыку, які адлюстроўвае прагрэс краіны на шляху да эўрапейскай інтэграцыі.
Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае ЭЗ для сваіх інтарэсаў, як зброю ў перамовах з Расеяй. Праўда, у 1995 годзе Беларусь падпісала пагадненьне аб партнэрстве й супрацоўніцтве з ЭЗ, але ў выніку дэмантажу дэмакратыі ўладамі ў Менску, гэтае пагадненьне ніколі не было ратыфікавана. Такім чынам Беларусь адзіная дзяржава УП, у якой няма базавага дакумэнту, які вызначае ўзаемадачыненьні з Брусэлям. Пасьля анэксіі Крыму, Менск палепшыў адносіны з ЭЗ, але і так не ў стане дагаварыцца з эўрапейскай супольнасьцю па пытаньні візавага рэжыму.
Dzienik.Gazeta Prawna/яс