Logo Polskiego Radia
Print

90 гадоў таму была спушчаная на ваду першая польская падводная лодка «Вільк»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 15.05.2019 07:03
  • ORP WILK.mp3
Разьвіцьцё Ваенна-марскіх сіл Польшчы пачалося ў 1920 годзе пасьля перамогі ў вайне з бальшавікамі.
Падводная лодка «Вільк» зь сяброўскім візытам у Даніі, Капэнгаген, жнівень 1934 году Падводная лодка «Вільк» зь сяброўскім візытам у Даніі, Капэнгаген, жнівень 1934 году Narodowe Archiwum Cyfrowe

90 гадоў таму была спушчаная на ваду падводная лодка «Вільк» («Воўк») – першая падлодка Ваенна-марскіх сіл Польшчы. Гісторыя падводнай адзінкі вельмі бурлівая й цікавая, гэтаксама, як і даваенных ВМС краіны.

Разьвіцьцё Ваенна-марскіх сіл Польшчы пачалося ў 1920 годзе пасьля перамогі ў вайне з бальшавікамі. Ініцыятарамі стварэньня моцнага флёту былі віцэ-адміралы Казімеж Парэмбскі й Ежы Сьвірскі – дасьведчаныя афіцэры, якія першыя адміральскія званьні атрымалі яшчэ ў Расейскім імпэратарскім флёце. У прыватнасьці, яны лічылі, што ваенна-марскія сілы павінны складацца хоць і з малой колькасьці плывучых адзінак, але вельмі сучасных. Плян разьвіцьця прадугледжваў будаўніцтва як наводных караблёў, так і падводных лодак. Падлодкі былі добрай зброяй у тыя часы, бо маглі непрыкметна схавацца ад мацнейшага ворага, напрыклад, нямецкага флёту, а ў выпадку неабходнасьці незаўважальна пакінуць Балтыку праз Дацкія пралівы.

Будаўніцтва падводнай лодкі «Вільк» (ORP «Wilk») Польшча заказала ў Францыі ў 1929 годзе. 12 красавіка 1929 году падлодка была спушчаная на ваду, а ў кастрычніку 1931 году над падлодкай быў падняты сьцяг ВМС Польшчы ў прысутнасьці Міністра ваенных спраў маршала Юзэфа Пілсудскага, які дэ-факта быў кіраўніком дзяржавы. Пазьней лодка накіравалася ў Балтыйскае мора, дзе пачала служыць у Дывізіёне падводных лодак.

Калі гітлераўская Нямеччына напала на Польшчу 1 верасьня 1939 году і такім чынам пачалася Другая сусьветная вайна, падводная лодка «Вільк» знаходзілася на сваёй базе ў ваенным порце Гдыні. Пачатак вайны згадвае камандзір судна камандор-падпаручнік (капітан трэцяга рангу) Брунан Яблоньскі (архіўны запіс).

Брунан Яблоньскі: Мы выйшлі ў мора й адразу ж пасьля гэтага пагрузіліся. У гэты дзень і пазьней мы бачылі над морам эскадры нямецкіх самалётаў, якія ляцелі нізка й накіроўваліся бамбіць Гдыню й порт на паўвостраве Хэль. Мы дасканала бачылі ў пэрыскоп нямецкія караблі, якія абстрэльвалі Хэль. Нам не ўдавалася правесьці атаку на ворага, таму што нямецкія караблі былі вельмі хуткія. Акрамя таго, у нас была задача – замініраваць месцы знаходжаньня нямецкіх караблёў. Нам двойчы прыходзілася спыняць выконваньне задача ў сувязі з тым, што немцы нас закідалі глыбіннымі бомбамі.

Калі пачалася вайна, польскія падводныя лодкі атрымалі ваеннае заданьне: замініраваць Гданьскі заліў ад Гдыні ажно па Хэль. Заданьне было вельмі цяжкім, таму што яго прыходзілася выконваць пры моцнай актыўнасьці нямецкай марской авіяцыі й мінаносцаў. 5 верасьня «Вільк» быў пашкоджаны з паветра, падлодка залягла на нейкі час на дно. Немцы падумалі, што яе затапілі, і нават пра гэта паведамілі камандаваньню ВМФ.

І хоць «Вільк» застаўся наплыву, то быў пашкоджаны – падлодка пачала працякаць. У сувязі з адсутнасьцю магчымасьці рамонту ў порце камандзір прыняў рашэньне спрабаваць прабіцца ў Вялікабрытанію. У лістападзе падлодка прычаліла да брытанскіх берагоў і была ўключаная ў склад 2-й флятыліі падводных лодак.

У студзені 1940 году «Вільк» быў пастаўлены на капітальны рамонт. У 1942 годзе падводную лодку перавялі ў рэзэрв. У 1951 годзе адзінка вярнулася ў Польшчу, у ваенны порт Гдыні. Праслужыла яна нядоўга, бо праз чатыры гады была парэзаная на мэтаталом у сувязі тым, што была гэта ўжо старая канструкцыя.

Валеры Саўко

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт