Неабходна канстытуцыйна ўрэгуляваць сяброўства Польшчы ў ЭЗ
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.05.2019 15:32
Інтарэсы польскай дзяржавы зусім безабаронныя перад эгаістычнай палітыкай некаторых устаноў ЭЗ або дзяржаў.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
У Польшчы зноў загаварылі пра тое, каб унесьці ў асноўны закон дзяржавы пытаньне аб сяброўстве ў Эўрапейскім Зьвязе. Пакуль што гэта чыста рытарычнае пытаньне, паколькі цяпер няма магчымасьці, каб пасвараныя партыйныя групоўкі польскага парлямэнту дагаварыліся наконт гэтай справы, – піша ў выданьні «Rzeczpospolita» Марэк Ціхоцкі.
Калі краінай кіраваў Сэйм папярэдняга скліканьня, быў падрыхтаваны законапраект аб урэгуляваньні сяброўства Польшчы ў ЭЗ, падрыхтаваны канстытуцыйнай камісіяй пад кіраўніцтвам Яраслава Говіна. Аднак якраз у той час назіраўся востры канфлікт паміж Говіным і Дональдам Тускам, таму Туск выкінуў праект у сьметніцу. Дарэчы, за праект выступала таксама тагачасная апазыцыя, партыя «Права й справядлівасьць». Такім чынам быў зьведзены на «не» шанец унесьці ў Канстытуцыю асноўныя правілы функцыянаваньня Польшчы ў Зьвязе.
Сёньня відаць як на далоні, наколькі гэта было важнае пытаньне. Цяпер Польшча належыць да ЭЗ, але няма ніякіх мэханізмаў абароны чальцоўства. Апазыцыя мае рацыю, калі кажа, што дастаткова звычайная большасьць у парлямэнце, каб прыняць рашэньне пра выхад з супольнасьці. З іншага боку, інтарэсы польскай дзяржавы зусім безабаронныя перад эгаістычнай палітыкай некаторых устаноў ЭЗ або іншых краін. Усё часьцей установы ЭЗ ды моцныя дзяржавы рашаюцца дзейнічаць насуперак прынцыпам, прапісаным у дамоўленасьцях, каб аказаць палітычны прэсінг на нейкую краіну ў Эўрапейскім Зьвязе. Правілы, якія вынікаюць з палітычных трактатаў, усё больш уступаюць месца палітычнай сіле. Гэты працэс будзе нарастаць, асабліва пасьля выбараў дэпутатаў Эўрапарлямэнту. У выніку адсутнасьці канстытуцыйных нормаў функцыянаваньня Польшчы ў ЭЗ краіна становіцца ўсё больш безабароннай перад наступствамі парушэньня трактатаў дзеля дасягненьня вузкіх палітычных мэтаў, – піша аўтар камэнтара.
Rzeczpospolita/нг