Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ўважліва сочаць за прэзыдэнцкімі выбарамі ў суседзяў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.03.2019 13:47
Украінскія выбары зьяўляюцца добрай нагодай, каб перагледзець польска-украінскія дачыненьні.
Foto:PR24/MS

Польскія газэты шмат увагі прысьвячаюць выбарам прэзыдэнта Ўкраіны, якія адбудуцца ў бліжэйшую нядзелю.

Украінскія выбары зьяўляюцца добрай нагодай, каб перагледзець польска-украінскія дачыненьні – мяркуе камэнтатар выданьня «Rzeczpospolita». На ягоную думку, надта часта адносіны паміж дзьвюмя краінамі становяцца ахвярай бягучай палітыкі. Абодва бакі маюць свае крыўды і сваю праўду. Украінцы павінны зразумець, што Польшча ня згодзіцца ставіцца да злачынстваў, зьдзейсьненых падчас валынскай разьні як да «грамадзянскай вайны» або як рэакцыі на дзейнасьць польскага падпольля.

З іншага боку, палякі павінны зразумець, што для многіх украінцаў польская дзяржава была крыніцай крыўды. У Другой Рэчы Паспалітай большасьць украінцаў адчувала сябе грамадзянамі горшай катэгорыі.

Вельмі цяжка будзе прыйсьці да кансэнсусу. Тым важней, не забываючы пра гісторыю, будаваць сёньняшнія адносіны як сьпелыя нацыі. Варта яшчэ раз падкрэсьліць, наколькі важная для Польшчы свабодная, дэмакратычная і незалежная Ўкраіна. Ад гэтага залежыць ня толькі ваенная бясьпека Польшчы, але таксама эканамічная ды дэмаграфічная.

Апошнім часам у польска-украінскіх адносінах было надта многа сэнтымэнталізму, вяртаньня да мінулага, замест спакойнага абмеркаваньня будучыні.

У іншым камэнтары выданьне згадвае пра эканоміку Ўкраіны. Калі параўнаць Польшчу ў 90-ыя гады з цяперашняй сытуацыяй ва Ўкраіне, то трэба сказаць, што Польшча была ў значна лепшай сытуацыі. Тым ня менш, украінская эканоміка разьвіваецца ўсё хутчэй. Нацыянальны прадукт вырас летась на 3%. Гэта азначае, што найгоршае ўжо за ўкраінцамі. Пытаньне ў тым, ці новы прэзыдэнт здолее ўтрымаць рост і працягваць рэформы.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт