21 сакавіка а 18-й гадзіне ў Вільні, у Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя Марцінаса Мажвідаса, адбудзецца прэзэнтацыя шасьцітомнага выданьня дзёньнікаў Міхала Ромэра (1880-1945) — польскага і літоўскага грамадзка-палітычнага, дзяржаўнага дзеяча, які ў першай палове ХХ ст. выступаў за незалежнасьць і супрацоўніцтва Польшчы, Літвы і Беларусі.
Міхал Ромэр — юрыст, публіцыст. З 1911 да 1945 года, да самай сьмерці, вёў дзёньнік. Амаль штодня. У гэтых запісах заключана шмат фактаў, якія кідаюць сьвятло на ключавыя падзеі, якія прадвызначылі лёсы ня толькі Польшчы і Літвы, але і Беларусі.
У Варшаве ў выдавецтве цэнтра Karta ажыцьцёўлена выданьне шасьці тамоў запісаў Міхала Ромэра.
Агнешка Кныт, каардынатар выданьня дзёньнікаў Міхала Ромэра ў варшаўскім цэнтры Karta: Міхал Ромэр нарадзіўся ў польскай арыстакратычнай сям’і. Гэты род паходзіў зь нямецкіх арыстакратаў з Інфлянтаў — цяперашняй усходняй Латвіі. З часам гэты род апалячыўся і яго прадстаўнікі мелі глыбокія польскія патрыятычныя пачуцьці.
Міхал Ромэр трохі адышоў ад сьветапогляду сваёй сям’і. Ён піша ў дзёньніку, што не згаджаўся са сваім бацькам, бо зьяўляўся носьбітам г. зв. краёвай ідэі. Сам сябе лічыў і палякам, і літоўцам. Меў падвойную польска-літоўскую ідэнтычнасьць. Хаця, гэта не зусім добрая характарыстыка. Дакладней будзе сказаць, што ён меў і польскую, і літоўскую ідэнтычнасьць. Ён у пачатку ХХ ст. лічыў, што ўсе народы, якія жывуць у былым ВКЛ, на Віленшчыне, павінны самі вырашаць лёс сваёй будучай дзяржаўнасьці — агульнай для ўсіх. Гэтыя землі Ромэр называў «Краінай» — па-польску Krajem. Адсюль, уласна, паходзіць краёвая ідэя.
Да Першай сусьветнай вайны Міхал Ромэр быў адным са стваральнікаў руху краёўцаў, якія жылі гэтай ідэяй і спадзяваліся, што некалі іх землі атрымаюць незалежнасьць. Але ў выніку Першай сусьветнай вайны ўтварыліся незалежныя Літва і Польшча. А краёвая ідэя прыйшла ў заняпад. Але Міхал Ромэр жыў ёю ўвесь час.
Для Міхала Ромэра было вялікай пакутай тое, што не ўдаецца дасягнуць свайго ідэалу. У канцы 1920-х гг. Ромэр пісаў пра сябе як пра апошняга з магікан, які зьяўляецца носьбітам краёвай ідэі. Ён лічыў, што палякі, літоўцы і беларусы могуць жыць у згодзе. Але ў 1920-1930-я гады ўзмацняліся нацыяналізмы, антысэмітызм, пачалася Другая сусьветная вайна, што цалкам перакрэсьліла надзеі на ажыцьцяўленьне мар Ромэра.
Наш праект выданьня дзёньнікаў Ромэра, які рэалізаваны разам з Інстытутам гісторыі Літвы, Бібліятэкай АН Літвы імя Ўрублеўскіх, Бібліятэкай Віленскага ўнівэрсытэта, якія далі магчымасьць працаваць з рукапісамі дзёньніка Міхала Ромэра, мы лічым працягам ідэі Ромэра. Нам удалося ажыцьцявіць супольны праект па абодва бакі нашай граніцы. Да працы далучыліся і польскія, і літоўскія вучоныя.
І дзякуючы гэтаму апублікавана гістарычная крыніца, напісаная жывой мовай, якая тлумачыць нашу супольную гісторыю. Дзякуючы Міхалу Ромэру можна зразумець, што адбывалася ў першай палове ХХ ст., якое карэньне маюць гістарычныя падзеі і якія вывады трэба зь іх зрабіць.
Вокладка апошняга тома дзёньнікаў Міхала Ромэра "Dzienniki. Tom VI. 1939-1945" Фота: Ksiegarnia.karta.org.pl
Міхал Ромэр, вырасшы ў маёнтку Багданішкі ва ўсходняй Літве, зь дзяцінства гаварыў і па-літоўску, і па-польску, а ў выніку стаў чалавекам падвойнай ідэнтычнасьці — адчуваў сябе патрыётам зямлі, на якой жыў, — Літвы. Разумеючы, што немагчыма дасягнуць незалежнасьці перш за ўсё ад Расеі без апоры на просты народ, Ромэр выступаў за тое, каб Польшча разглядала Літву і Беларусь, літоўцаў і беларусаў як раўнапраўных партнэраў, саюзьнікаў. Міхал Ромэр сябраваў зь Юзафам Пілсудскім. Аднак пасьля таго, як Пілсудскі абвясьціў пра жаданьне далучыць Літву да Польшчы і ажыцьцявіў такія ж намеры ў дачыненьні да заходніх зямель Беларусі і да ўсходняй Літвы, Ромэр пераехаў у Каўнас і стаў літоўскім дзяржаўным дзеячам, рэктарам Літоўскага ўнівэрсытэта ў Каўнасе, членам Дзяржаўнай рады Літвы. Аднак мара пра польска-літоўска-беларускае паразуменьне не пакідала Ромэра да канца жыцьця.
З дзёньнікаў Міхала Ромэра цэнтар Karta выдаў толькі частку запісаў.
Агнешка Кныт: Тое, што існуе такая крыніца, як дзёньнікі Міхала Ромэра, было вядома многа дзесяцігодзьдзяў назад. І былі шматлікія спробы публікацыі гэтых дзёньнікаў, якія зьяўляюцца незвычайнай крыніцай па гісторыі Польшчы, Літвы, польска-літоўскіх адносін, а таксама польска-беларускіх, літоўска-беларускіх, або ўсёй той тэрыторыі, зь якой зьвязана дзейнасьць Міхала Ромэра.
Віктар Корбут
Слухайце гукавы файл