Logo Polskiego Radia
Print

У гэтым годзе чыноўнікі запаўняюць за палякаў падатковыя дэклярацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.03.2019 10:36
Арганізацыі трэцяга сэктару выказваюць боязі, што будзе менш сродкаў з 1% падаткаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Арганізацыі трэцяга сэктару заклікаюць палякаў быць актыўнымі пры запаўненьні падатковай дэклярацыі. Гаворка ідзе пра 1% падатку, які кожны падаткаплатнік у Польшчы можа прызначыць на падтрымку няўрадавай арганізацыі – нагадвае «Rzeczpospolita». Справа ў тым, што сёлета ўпершыню падатковыя дэклярацыі запаўняе за падаткаплатнікаў падатковая інспэкцыя. Трэба толькі ўвайсьці на сайт ведамства, праверыць, ці ўсё ў парадку і выслаць дакумэнт, або нават нічога не рабіць, у такім выпадку дэклярацыя, запоўненая чыноўнікамі, паступіць у сыстэму.

Канешне, для падаткаплатнікаў гэта вельмі зручна, ня трэба займацца падаткам. Аднак гэта азначае, што ўстановы трэцяга сэктару атрымаюць менш сродкаў на сваю дзейнасьць з 1% падатку. Праўда, падатковая абяцае, што калі хтосьці летась перадаў 1% свайго падатку выбранай арганізацыі, то яна таксама ў гэтым годзе яго атрымае. Але ў іншым выпадку, калі год таму падаткаплатнік ня выбраў такой арганізацыі, то сёлета яго 1% паступіць у дзяржбюджэт.

Да гэтае пары колькасьць асоб, якія дзяліліся сваім падаткам з установамі трэцяга сэктару, з кожным годам расла, – адзначае Дарота Пенькоўска з Польска-амэрыканскага фонду пазыкаў на грамадзкія ініцыятывы. У гэтым годзе грошай можа быць менш, таму варта быць сьвядомым падаткаплатнікам – камэнтуе журналістка выданьня. І дадае, што адсутнасьць неабходнасьці самому запоўніць і выслаць дэклярацыю можа ў далейшым прытупіць пачуцьцё, што агулам трэба плаціць падаткі. А кожны чалавек павінен памятаць, што з падаткаў дзяржава фінансуе працу дзяржаўнай адміністрацыі, сыстэму адукацыі, аховы здароўя і г.д.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт