Logo Polskiego Radia
Print

Інстытут POLONIKA плянуе адрэстаўраваць Дом-музэй Ч. Немэна

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.03.2019 14:46
  • дом Немэна.mp3
Дах на дадзены момант крыты шыфэрам, гэта не найлепшы матэрыял, трэба яго зьмяніць.
Дом-музэй Ч. Немэна ў Старых ВасілішкахДом-музэй Ч. Немэна ў Старых Васілішкахwww.tripadvisor.ru

Зорка польскай эстрады Чэслаў Немэн нарадзіўся на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі, у вёсцы Старыя Васілішкі (цяпер Гарадзенская вобласьць). Пад канец 50-ых гадоў сям’я будучага музыканта пераехала ў Польшчу. Цяпер у Старых Васілішках ёсьць Дом-музэй Немэна, падтрымку якому аказвае польская дзяржава.

Дом-музэй Чэслава Немэна (сапраўднае прозьвішча Ч. Выджыцкі) быў адкрыты 8 гадоў таму дзякуючы намаганьням паклоньнікам таленту вялікага музыканта. На жаль, сам будынак, у якім жыла сям’я Выджыцкіх, патрабуе рамонту. Распавядае Дарота Янішэўка-Якубяк, дырэктар Інстытуту POLONIKA, які плянуе правесьці рамонт музэю.

Д. Янішэўска-Якубяк: Гэты музэй разьмешчаны ў доме, дзе сям’я Выджыцкіх жыла да выезду ў Польшчу. Нагадаю, гэта была апошняя хваля рэпатрыяцыі палякаў з Савецкага Саюзу. Сям’я прыняла рашэньне пра эміграцыю тады, калі Чэслаў Выджыцкі (тады ён яшчэ не карыстаўся мянушкай Немэн) атрымаў павестку ў армію. Гэта быў той фактар, які паўплываў на рашэньне пра пераезд.

Сям’я пераехала на сталае жыхарства ў Польшчу, дзе Чэслаў Немэн стаў сапраўднай зоркай музычнай эстрады. Да гэтага часу яго песьні часта гучаць у публічнай прасторы. А дом застаўся ў Старых Васілішках, нейкі час таму там быў створаны музэй, які карыстаецца ўсё большай папулярнасьцю, у тым ліку сярод турыстаў з Польшчы. У якім стане цяпер гэты будынак?

Д. Янішэўска: Канешне, дом ня новы, яму каля ста гадоў. Пасьля выезду сям’і Выджыцкіх нехта ў ім жыў, пазьней там была крама, а звыш 10 гадоў ён стаяў пусты. Гэта, канешне, паўплывала на яго тэхнічны стан. Праўда, аматары таленту Немэна прывялі яго ў парадак, дзякуючы чаму можна было там стварыць невялікі музэй, якога дырэктарам стаў Уладзімер Сянюта. Менавіта дырэкцыя зьвярнулася ў польскую амбасаду з просьбай дапамагчы адрамантаваць дом. Дарэчы, рамонт – гэта не адзіная патрэба. Супрацоўнікі музэю таксама просяць дапамагчы сабраць больш экспанатаў. На самой справе ў музэі вельмі нямнога арыгінальных памятных рэчаў сям’і Выджыцкіх. Гэта або копіі, або падобныя рэчы, сабраныя на месцы, каб стварыць выгляд жылога памяшканьня канца 40-пачатку 50 гг., калі там жыла яшчэ сям’я Выджыцкіх.

Польскі бок адказаў на просьбу дырэкцыі музэю Чэслава Немэна. Вы зьбіраецеся аказаць дапамогу ўстанове. Скажыце, якая гэта дапамога?

Д. Янішэўска: Мы ведаем, што ў самым дрэнным тэхнічным стане знаходзіцца дах будынку музэю, неабходны рамонт. Дах на дадзены момант крыты шыфэрам, зразумела, што гэта не найлепшы матэрыял, трэба яго зьмяніць. Акрамя таго, ёсьць праблемы са страхой, хаця гэта ня самы важны элемэнт, якім неабходна заняцца ў першую чарговасьць. Польскі рэстаўратар помнікаў даўніны ўжо пабываў на месцы, каб правесьці экспэртызу. Паводле яго меркаваньня, будынку не пагражае будаўнічая катастрофа, такой праблемы няма.

Вы сказалі, што неадкладнага рамонту патрабуе дах будынку. Калісьці будынак быў крыты іншым матэрыялам, шкодны для здароўя чалавека шыфэр паявіўся пазьней. Ці вы хацелі б вярнуцца да таго матэрыялу, каб дом выглядаў як мага больш аўтэнтычна?

Д. Янішэўска: Мы ведаем, што будынак быў крыты гонтамі, дарэчы, рэшткі гэтых гонтаў захаваліся пад шыфэрам. Мы таксама ведаем ад жыхароў Васілішак, як раней выглядаў будынак. Трэба сказаць, што калісьці гэта быў адзін з самых заможных дамоў у Старых Васілішках. І таму, калі мы будзем рамантаваць музэй, то мы пастараемся вярнуцца да арыгінальнага пакрыцьця даху, якое было, калі ў будынку жыла сям’я Выджыцкіх.

Старыя Васілішкі – гэта маленькая вёска, там засталося толькі некалькі дзясяткаў жыхароў. Музэй Чэслава Немэна мог бы даць гэтай мясцовасьці новае жыцьцё, калі б знайшоўся хтосьці, хто б сумеў ажыцьцявіць праект па прыцягненьні большай колькасьці турыстаў. Можна было б адкрыць гатэль або пансіянат, краму з памятнымі рэчамі.

Д. Янішэўска: Варта падумаць пра другую частку дому, дзе не было жылых пакояў, там была разьмешчаная майстэрня бацькі Чэслава, які вырабляў абутак. Можна было б падрыхтаваць у гэтай частцы таксама экспазыцыю для наведвальнікаў, якая магла бы быць нават больш цікавай, чым цяперашняя. Вакол дому ёсьць вялікі сад, які мог бы служыць наведвальнікам. Калі прыяжджае большая група, то турысты маглі б у гэтым садзе пачакаць. Гэтае месца пэрспэктыўнае. Я ведаю, што ўлады Старых Васілішак і раёну хацелі б, каб яно стала месцам сустрэч беларусаў, палякаў, маладых людзей, аматараў таленту Чэслава Немэна.

На працягу году музэй наведвае каля трох тысяч турыстаў. Гэта шмат для маленькага музэю, які знаходзіцца ў невялічкай вёсцы, куды нялёгка дабрацца на грамадзкім транспарце.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт