М. Маравецкі: "Мы хочам даць палякам спакойнае жыцьцё і дабрабыт"
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
06.03.2019 11:39
Упершыню за 300 гадоў Польшча можа неўзабаве дагнаць Італію па ўзроўні жыцьця.
Матэвуш МаравецкіFoto: Wojciech Kusiński/Polskie Radio
У выданьні «Rzeczpospolita» вялікае інтэрвію з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Кіраўнік ураду адказвае на самыя розныя пытаньні, але, зразумела, адной з важнейшых тэмаў зьяўляюцца новыя сацыяльныя прапановы кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» – між іншым 500 злотых кожны месяц на першае дзіця ў сям’і (раней праграма ахоплівала другое дзіця і наступных). Маравецкі кажа: часам гавораць, што дзяржава – гэта падаткі. Польскай дзяржаве ўдалося вырваць з шэрай зоны 40, а нават больш мільярдаў злотых падаткаў, якія могуць быць прызначаныя на сацыяльныя праграмы. Эканоміка краіны знаходзіцца ў добрай форме, назіраецца адзін з самых высокіх паказчыкаў росту працоўных месцаў у прамысловасьці ў параўнаньні з іншымі дзяржавамі Эўропы, таму ўлады могуць сабе дазволіць прымаць такія праграмы.
Прэм’ер адзначае, што палякам патрэбнае перш за ўсё спакойнае штодзённае жыцьцё, дабрабыт і магчымасьць свабодна прымаць рашэньні ўнутры асобна ўзятай сям’і. Усё гэта хоча даць ім кіруючая партыя. Упершыню за 300 гадоў Польшча можа неўзабаве дагнаць Італію па ўзроўні жыцьця. Мэты, да якіх імкнуцца ўлады: нізкае беспрацоўе, ліквідацыя дыспрапорцый, салідарная грамадзкая мадэль.
Гучыць таксама пытаньне пра адносіны «Права і справядлівасьці» да Эўрапейскага Зьвязу. Кіраўнік ураду адказвае, што яго партыя не зьбіраецца будаваць хаўрусы з групоўкамі, якія імкнуцца аслабіць ЭЗ. Важнейшы кірунак – моцная Польшча ў магутнай Эўропе і блізкае супрацоўніцтва з Амэрыкай.
Rzeczpospolita/нг