Logo Polskiego Radia
Print

39-гадовая Аляксандра Дулькевіч стане мэрам польскага Гданьска

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.03.2019 17:06
Датэрміновыя выбары мэра гораду былі праведзены ў сувязі з трагічнай сьмерцю Паўла Адамовіча, які быў абраны на пяцігадовы тэрмін у лістападзе 2018 году.
Новы мэр Гданьска Аляксандра ДулькевічНовы мэр Гданьска Аляксандра ДулькевічPAP/Marcin Gadomski

У нядзелю ўвага цэлае Польшчы была скіраваная на балтыйскі Гданьск – жыхары гораду выбіралі мэра. Кіраваць горадам будзе Аляксандра Дулькевіч, якая была намесьніцай мэра Паўла Адамовіча, забітага на канцэрце ў студзені бягучага году.

Аляксандра Дулькевіч з камітэту «Ўсё для Гданьска» выйграла на выбарах мэра гораду. Яна атрымала 82,22% галасоў.

Акрамя яе, у выбарах прымалі ўдзел рэжысэр дакумэнтальных фільмаў і публіцыст, ультракансэрватар Гжэгаж Браўн, які атрымаў 11,86% галасоў, і Марэк Скіба з камітэту «Адказныя – Гданьск», за якога прагаласавалі 5,92% выбаршчыкаў. Яўка склала 48,6%.

Згодна з Выбарчым кодэксам Польшчы, каб атрымаць перамогу ў выбарах на кіраўніка населенага пункту, кандыдат павінен атрымаць ня менш за 50% падтрымкі ўдзельнікаў галасаваньня плюс 1 голас.

Датэрміновыя выбары мэра гораду былі праведзены ў сувязі з трагічнай сьмерцю Паўла Адамовіча, які быў абраны на пяцігадовы тэрмін у лістападзе 2018 году. Агулам Адамовіч займаў пасаду гораданачальніка больш за 20 гадоў. На апошніх мясцовых выбарах, якія прайшлі ў мінулым годзе, ён заручыўся падтрымкай 65% насельніцтва. Ён памёр 14 студзеня пасьля таго, як напярэдадні падвергся нападу ўзброенага нажом злачынцы падчас дабрачыннай акцыі. 13 студзеня, калі мэр быў на сцэне, туды забег раней судзімы 27-гадовы мясцовы жыхар і некалькі разоў ударыў палітыка нажом. Злачынец пракрычаў у мікрафон, што гэта помста за нібыта несправядлівы турэмны тэрмін.

Пасьля раненьня Адамовіч трапіў у клініку, дзе мэдыкі некалькі гадзін змагаліся за яго жыцьцё. Аднак раны, нанесеныя злачынцам, аказаліся несумяшчальныя з жыцьцём.

Пасля сьмерці Паўла Адамовіча Аляксандра Дулькевіч выконвала абавязкі мэра Гданьска, да гэтага яна была віцэ-мэрам. Дарэчы, найбуйнейшыя польскія партыі, у тым ліку кіруючая «Права й справядлівасьць», якая знаходзіцца ў апазыцыі да выбранага новага мэра Гданьска, адмовіліся высоўваць сваіх кандыдатаў на пасаду кіраўніка гораду. Гэта быў знак салідарнасьці з жыхарамі гораду, сям’ёй і прыхільнікамі Паўла Адамовіча.

Пасьля таго, як былі абвешчаныя вынікі выбараў, Аляксандра Дулькевіч падзякавала жыхарам за галасы й папрасіла падтрымліваць яе на пасадзе мэра ў імя працы на карысьць гораду.

Аляксандра Дулькевіч: Я ня супраць канструктыўнай крытыкі, я прашу мяне падтрымліваць і дапамагаць у імя працы на карысьць гораду. Але я адначасова заклікаю, каб мы стараліся быць супольнасьцю, каб адзін аднаму дапамагалі, усьміхаліся, кіроўцы прапускалі кіроўцаў на вуліцы... Я ведаю, што мы гэта ўмеем, і што такія паводзіны залежаць выключна ад нас саміх.

Аляксандра Дулькевіч нарадзілася ў ліпені ў 1979 годзе ў Гданьску. Закончылася юрыдычны факультэт мясцовага ўнівэрсытэту, вучылася таксама ў ВНУ ў Аўстрыі. У палітыку трапіла ў студэнцкія часы, будучы членам правых маладзёвых арганізацый. З 2010 да 2017 году была дэпутатам гарадзкой рады з партыйнага сьпісу права-цэнтрысцкай «Грамадзянскай плятформы». У 2017 годзе была прызначаная немесьнікам мэра Гданьска, пасьля забойства Паўла Адамовіча прызначаная прэм’ер-міністрам Польшчы камісарам (в.а. мэра – рэд.) гораду.

Гданьск – адзін з буйнейшых польскіх гарадоў, важны эканамічны, турыстычны, культурны й навуковы цэнтар. Шосты па колькасьці насельніцтва горад Польшчы (больш за 470 тыс. жыхароў). Важны транспартны вузел: некалькі чыгуначных вакзалаў, найбуйнейшы ў краіне гандлёвы порт, міжнародны аэрапорт імя Леха Валэнсы. Гданьск, Гдыня й Сопат, разьмешчаныя побач, ствараюць балтыйскую агламэрацыю, якая ў Польшчы атрымала назву Трыгорада (Trójmiasto).

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт