Сацыяльная праграма дапамогі сем’ям зь дзецьмі «Сям’я 500+» была флягманам перадвыбарчай кампаніі партыі «Права і справядлівасьць» перад апошнімі парлямэнцкімі выбарамі. У гэтым годзе зноў у Польшчы выбары, адсюль і новыя прапановы пашырэньня «сацыялкі».
«ПіС» на партыйнай канвэнцыі ў выходныя прадставіла свае перадвыбарчыя абяцаньні. Самае важнае: пашырэньне праграмы «500+» на першае дзіця ў сям’і, 13-ая пэнсія для пэнсіянэраў, адмена падаткаў для маладых супрацоўнікаў (да 26 году жыцьця).
Нагадаем, фінансавая падтрымка сем’яў зь дзецьмі функцыянуе ўжо некалькі гадоў. На кожнае другое і наступнае дзіця бацькі атрымліваюць па 500 злотых у месяц. Сем’і з адным нашчадкам могуць атрымаць грошы толькі пры ўмове, што іх даход на аднаго чалавека не перавышае 800 злотых у месяц. Гэта мала, асабліва ў вялікіх гарадах, таму дагэтуль няшмат сем’яў магло разьлічваць на дапамогу на першае або адзінае дзіця.
Пашырэньне праграмы «500+» цешыць прэзыдэнта Анджэя Дуду. Галава дзяржавы падкрэсьлівае, што польская дзяржава не забывае пра бацькоў, пра сямей, і бярэ на сябе частковы кошт гадаваньня малых жыхароў краіны. Па словах Дуды, праграма дапамогі на дзяцей зьяўляецца рэальнай падтрымкай.
А. Дуда: Я цешуся, што мы цяпер зможам гэтую праграму «500+» пашырыць. Менавіта так, на маю думку, выглядае адказная палітыка. Аказалася, што можна спыніць раскраданьне дзяржаўных сродкаў, перш за ўсё падатку на дабаўленую вартасьць (ВАТ). Звычайныя жыхары Польшчы нічога ад гэтага не атрымлівалі, зламысьнікі проста кралі гэтыя сродкі, акрамя таго, гэтыя грошы як правіла вывозілі за межы дзяржавы. Гэтыя грошы кралі, а цяпер працэс спынены, дзякуючы чаму між іншым можна было ўвесьці праграму «500+», а цяпер можна гэтую праграму пашырыць, пра што апошнім часам заявіў старшыня Яраслаў Качыньскі.
Дэпутатка Сэйму ад партыі «Права і справядлівасьць», сябар Рады нацыянальных СМІ Яанна Ліхоцка адзначае, што прапановы яе групоўкі павінны палепшыць матэрыяльны быт палякаў.
Я. Ліхоцка: Гаворка ідзе пра тое, каб дагнаць узровень даходаў краін Заходняй Эўропы, заходні стандарт жыцьця. Польшча – паўнапраўная эўрапейская краіна, мы адмаўляемся ад каляніяльнай палітыкі, якая назіралася да гэтае пары. У выніку такой палітыкі з дзяржавы на эміграцыю зьехалі два мільёны чалавек.
У часе выбарчай кампаніі партыі прапануюць, канешне, самыя розныя рэчы, а электарат прывык, што многія перадвыбарчыя абяцаньні ніколі ня будуць зьдзейсьненыя. Аднак правячая ў Польшчы групоўка паказала, што яна на самой справе выконвае свае абяцаньні, нават калі апазыцыя ды розныя экспэрты кажуць, што гэта немагчыма, што ў бюджэце няма грошай і г.д. Цяпер жа, калі жыхары ўбачылі, што праграма дапамогі на дзяцей спрацоўвае, а дзяржаўны бюджэт не рассыпаўся, эканоміка не праламалася пад цяжарам сацыялкі, іншыя партыі памянялі тактыку. Яны вырашылі, што будуць прапанаваць яшчэ больш, пераплюнуць ПіС у папулізьме. І вось, надоечы прадстаўнік апазыцыйнай «Грамадзянскай плятформы» Марцін Сьвенціцкі казаў, што ягоная групоўка раней прадстаўляла частку прапаноў, якія цяпер абяцае ажыцьцявіць «ПіС».
М. Сьвенціцкі: Гэтыя вырашэньні цяпер рэалізуюцца «Правам і справядлівасьцю», бадай, таму, што мы раней іх прапанавалі. І 500 злотых на першае дзіця, і трынаццатая пэнсія для пэнсіянэраў – па гэтых пытаньнях мы падавалі законапраект, але ён дасюль ня быў вынесены на галасаваньне. Мы ўвесь час пра гэта казалі, уносілі законапраекты, але ПіС іх адхіляў. А цяпер, перад выбарамі, баючыся прайграць, кіруючая партыя гэтыя праекты ўводзіць.
Прадстаўнікі партыі «ПіС» абяцаюць, што пэнсіянэры ўжо ў траўні гэтага году атрымаюць гэтак званую трынаццатую пэнсію – 1100 злотых. Па словах дэпутата Януша Сьнядэка, дапамога будзе аднаразовая, але не выключаецца, што яна вернецца ў будучым годзе, калі яго партыя застанецца пры ўладзе.
Я. Сьнядэк: Гэта вялікі паклон усім пажылым асобам, пэнсіянэрам. Гэтыя людзі пераважна маюць невысокі даход. З траўня гэтага году будзе аднаразовая «трынаццатая пэнсія» – 1100 злотых. Мы зробім усё магчымае, каб гэтая дапамога была таксама ў будучым годзе, але ўмовай дзеля гэтага зьяўляецца перамога нашай партыі на выбарах, працяг кіраваньня краінай партыі «Права і справядлівасьць» у чарговым тэрміне паўнамоцтваў.
Паводле падлікаў партыі «Права і справядлівасьць», новыя сацыяльныя прапановы абыдуцца дзяржаўнаму бюджэту прыкладна ў 40 млрд. злотых кожны год (амаль 10 млрд. даляраў ЗША). Выдаткаваньне такой вялізнай сумы патрабуе перагляду бюджэту краіны, але палітыкі партыі заявілі, што яны не зьбіраюцца мяняць закон аб дзяржбюджэце. Пакуль што да канца невядомыя крыніцы фінансаваньня шчодрых сацыяльных прапаноў.
нг