Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве ўшануюць памяць жыхароў гета, створанага нямецкімі акупантамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.01.2019 18:01
  • Музэй Варшаўскага гета.mp3
Ідзе падрыхтоўка да адкрыцьця пастаяннай экспазыцыі ў Музэі варшаўскага гета.
Будова муру гета на вуліцы Сьвентакшыскай (1940)Будова муру гета на вуліцы Сьвентакшыскай (1940)Domena publiczna/commons.wikimedia.org

Да вайны ў Варшаве пражывала звыш 300 тыс. асоб габрэйскага паходжаньня. Большая частка гэтых людзей загінула падчас нямецкай акупацыі, але перад сьмерцю яны прайшлі празь пекла габрэйскага гета. І менавіта гэтую трагічную старонку гісторыі польскай сталіцы намераны прыгадваць Музэй Варшаўскага гета, які плянуецца адкрыць у 2023 годзе, у 80-ую гадавіну паўстаньня ў гета. Аб падрыхтоўцы пастаяннай экспазыцыі ў музэі распавядае доктар гістарычных навук Ганна Вэнгжынэк (Hanna Węgrzynek), віцэ-дырэктар установы.

Г. Вэнгжынэк: Перш за ўсё неабходна зрабіць рамонт у будынку музэю, дзе ў даваенныя часы знаходзіўся шпіталь. Мы павінны сабраць шмат экспэртыз. Каля паўгоду таму мы пачалі працу над падрыхтоўкай пастаяннай экспазыцыі музэю, якая абавязкова павінна прадстаўляць інфармацыю пра варшаўскіх габрэяў. Нідзе няма асобнай выставы, прысьвечанай варшаўскім габрэям. Варшава ў міжваенныя часы была вялікім цэнтрам габрэйскай актыўнасьці – палітычнай, культурнай, рэлігійнай. Перад Другой сусьветнай вайной тут пражывала 368 тыс. габрэяў, гэта было каля 30% усіх жыхароў сталіцы. Што цікава, большасьць з іх (звыш 80%) не размаўляла па-польску ў штодзённым жыцьці, яны размаўлялі на мове ідыш, таму Варшава была вельмі важным цэнтрам габрэйскага жыцьця. І тут нямецкія фашысты стварылі самае вялікае габрэйскае гета ў Эўропе.

Музэй Варшаўскага гета яшчэ не адчыніў сваіх дзьвярэй, а ўжо паявіліся меркаваньні, што ён будзе неаб’ектыўна прадстаўляць гісторыю польскіх габрэяў. Такія выказваньні чуваць у Ізраілі – маўляў, гэта падазроная ініцыятыва польскіх уладаў.

Г. Вэнгжынэк: Калісьці я прымала актыўны ўдзел у падрыхтоўцы Музэя польскіх габрэяў Polin, і той музэй таксама адмоўна ўспрымаўся ў Ізраілі. Ізраільскі ўрад лічыць, што калі ўжо існуе ізраільская дзяржава, то менавіта яна павінна прадстаўляць сьвету гісторыю габрэяў. Ёсьць вялізны інстытут Яд Вашэм, адным з важных элемэнтаў якога зьяўляецца копія помніка героям Варшаўскага гета. Ізраільская дзяржава мяркуе, што палітыка адукаваньня грамадзтваў павінна быць манаполіяй Ізраіля. І гэта самая важная прычына таго, што ў Ізраілі даволі холадна ўспрымаюць такія замежныя ініцыятывы.

Сумненьні наконт падобных польскіх ініцыятыў узьніклі ў Ізраілі, калі летась у Польшчы былі прынятыя папраўкі ў закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, у выніку якіх крымінальная адказнасьць пагражала за хлусьлівае абвінавачваньне польскага народу ў Галакосьце. Спрэчныя палажэньні закону былі зьмененыя, канфлікт з Ізраілем вычарпаны, але сумненьні засталіся. Аднак нічога дзіўнага няма ў тым, што кожны народ хоча падкрэсьліваць тое, што ёсьць і было ў ім добрага, і палякі таксама ахвотней зьвяртаюць увагу на польскіх праведнікаў народаў сьвету (людзей, якія ратавалі габрэяў) чым на тых, хто габрэяў выдаваў фашыстам.

Г. Вэнгжынэк: На маю думку, трэба казаць праўду. У кожным народзе ёсьць розныя людзі. Дарэчы, не нам ацэньваць, ніхто з нас не трапіў у такую жахлівую сытуацыю. Нельга забываць пра крайнюю дэмаралізацыю ў тыя часы, адбываліся страшныя рэчы, у тым ліку па прычыне чалавечай дурноты. Я хачу сказаць, што ў часы вайны нярэдка палякі паступалі дрэнна ў адносінах да палякаў, быў распаўсюджаны бандытызм. Людзі выдавалі сваіх суседзяў, нават чальцоў сям’і, каб заняць іх маёмасьць. Вайна падымае наверх усе самыя брудныя, агідныя інстынкты. І мы хочам пра ўсе гэта казаць. Калі мы будзем аднабаковымі, то нам ніхто не захоча паверыць, а гэтага ж мы не жадаем.

Вялікая частка жыхароў Варшаўскага гета ня выжыла, многія загінулі ў канцлягерах. Але былі сярод герояў гета людзі, якія перад абліччам сьмерці стараліся захаваць для нашчадкаў сваю гісторыю. Я маю на ўвазе гэтак званы архіў Рынгельблюма. Ён сабраў і прыхаваў тысячы памятных рэчаў, якія зьяўляюцца аб’ектам дасьледаваньняў гісторыкаў да нашых часоў.

Г. Вэнгжынэк: Гэта адна з самых каштоўных калекцый, датычных Варшаўскага гета. Яна занесеная ў сьпіс ЮНЭСКА пад рубрыкай «Памяць сьвету». Пачатак архіву датуецца 1940 годам. Яго аўтар Эмануэль Рынгельблюм быў гісторыкам, ён пісаў пра гісторыю габрэяў у Варшаве з 15-га да 18-га стагодзьдзя. У часы вайны ён узначаліў групу «Онэг шабат», якая пачала зьбіраць памятныя рэчы жыхароў гета. Зьбіралі ўсё – успаміны, дзёньнікі, копіі аб’яваў, але ёсьць таксама вельмі простыя рэчы, якія на мяне робяць самае вялікае ўражаньне – напрыклад, трамвайны квіток, паперкі ад цукерак. Дзякуючы гэтым рэчам мы ведаем, як выглядала штодзённае жыцьцё ў гета. А пазьней, калі жыхары гета ўжо ведалі, што іх чакае, у архіў пачалі зьбіраць справаздачы з іншых гета. Ёсьць там таксама інфармацыя, што адбываецца ў гета, якія былі створаныя на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі.

27 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень ушанаваньня памяці ахвяр Галакосту. У Польшчы ў многіх кінатэатрах, а таксама іншых аб’ектах, будзе паказаны фільм «Хто напіша нашу гісторыю», які расказвае, між іншым, менавіта пра архіў Рынгельблюма. Дарэчы, прадусарам карціны была Нэнсі Спілбэрг, сястра вядомага галівудзкага рэжысёра Стывена Спілбэрга. Фільм быў зьняты па матывах кнігі Самуэля Касава.

Г. Вэнгжынэк: Ён прысьвяціў сваю кнігу як самому Рынгельблюму, так і архіву. Фільм быў зьняты прыкладна паўтара году таму, так што ў Польшчы ён вядомы, прынамсі гісторыкам. Я спадзяюся, што стужка пакіне сьлед, выкліча зацікаўленасьць. Я хачу дадаць, што шмат гадоў Габрэйскі гістарычны інстытут у Варшаве выдае архіў Рынгельблюма, гэта ўжо некалькі дзясяткаў тамоў. Многія дакумэнты былі перакладзеныя на польскую мову, паколькі арыгіналы былі на мове ідыш. У Габрэйскім гістарычным інстытуце ёсьць таксама выстава, прысьвечаная архіву.

Нельга забываць, што ў Варшаўскім гета была ўзброеная барацьба супраць нямецкіх акупантаў, было паўстаньне. Яму таксама неабходна прысьвяціць увагу ў Музэі варшаўскага гета.

Г. Вэнгжынэк: Першыя паўстаньні ў габрэйскіх гета мелі месца ў Нясьвіжы, у Лахве, мясцовасьцях, якія знаходзяцца цяпер на тэрыторыі Беларусі. Там узброены супраціў супраць акупантаў пачаўся ў 1942 годзе, значна раней, чым у Варшаве (паўстаньне ў Варшаўскім гета – красавік 1943 г). Там людзі разумелі, што немцы пачынаюць масавае зьнішчэньне габрэяў. Асноўнай мэтай паўстаньня было вырвацца з гета, прабрацца ў лес і далучыцца да партызанскіх атрадаў. І сапраўды, многія з тых людзей, каму ўдалося вырвацца з гета, далучаліся да савецкіх партызанаў.

Гісторыя Варшаўскага гета – гэта таксама важная старонка гісторыі самой польскай сталіцы. Аб гэтым сьведчыць хаця б той факт, што тэрыторыя гета ахоплівала каля трохсот гектараў у самым цэнтры Варшавы. А пра трагічную гісторыю варшаўскіх габрэяў распавядала віцэ-дырэктар Музэя Варшаўскага гета Ганна Вэнгжынэк.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт