Logo Polskiego Radia
Print

У Эўропе кожны дзень гіне ў выніку нешчасьлівых выпадкаў 115 дзяцей

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.01.2019 14:33
  • дзіця.mp3
Галоўная роля бацькоў – прадбачыць і прадухіліць сур’ёзныя выпадкі, якія могуць закончыцца трагічна.
photo: www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Кожны дзень на сьвеце каля дзьвюх тысяч дзяцей гіне ў выніку нешчасьлівых выпадкаў. На думку адмыслоўцаў, 90% гэтых здарэньняў можна было б прадухіліць, калі б бацькі падрыхтавалі адпаведным чынам свой дом для прабываньня ў ім дзіцяці.

Найбольш нешчасьлівых выпадкаў з удзелам дзяцей здараецца менавіта дома, дзе, здавалася б, дзіця павінна быць у найбольшай бясьпецы. Аўтары праграмы «Бясьпечны дом» вырашылі нагадаць бацькам, якім чынам падрыхтаваць свой дом для прабываньня ў ім маленькага дзіцяці, і пачалі кампанію «Увага! Дзіця!». Гаворыць ініцыятар праграмы Караль Клёс.

К. Клёс: Я адразу хачу адзначыць – мы не зьбіраемся пужаць бацькоў, а хочам зьвярнуць іх увагу на праблему. Па ўсёй Эўропе здараецца 42 тыс. сьмяротных выпадкаў у год. Гэта 115 у дзень. Шмат, тым больш, што дзьве трэція гэтых здарэньняў маюць месца дома, а дзіця лічыць свой дом самым бясьпечным месцам на Зямлі, дзе ніхто яго не пакрыўдзіць.

Псыхолягі падкрэсьліваюць, што ў малых дзяцей яшчэ не разьвітае ўяўленьне таго, што можа здарыцца, калі яно, скажам, засуне палец у разэтку. І дзіця ўсё хоча праверыць само, яно рэдка слухае папярэджаньні бацькоў – не рабі гэтага, не рабі таго. Як правіла першае, пра што думаюць бацькі, калі ў доме паяўляецца малеча, гэта разэткі пад токам, і іх яны перш за ўсё засланяюць.

К. Клёс: Так, дарослыя перакананыя, што ток больш ім пашкодзіць, чым, скажам, падзеньне. Мы думаем, што важна для нас, а для дзіцяці вельмі важнае азнаямленьне са сьветам, дзіця ўсё хоча само спрабаваць, гэта магутны інстынкт пазнаваньня. Немагчыма прадухіліць усе здарэньні, у дзіцяці на пэўна будуць сінякі, драпіны, ня раз разьбітыя каленкі ці галава. І няма сэнсу ўсе такія выпадкі прадухіляць. Дзіця павінна пазнаваць сьвет, каб за сьценамі свайго дому таксама магло нармальна функцыянаваць. Галоўная роля бацькоў – прадбачыць і прадухіліць сур’ёзныя выпадкі, якія могуць закончыцца трагічна. Большасьць такіх выпадкаў датычыць дзяцей, якім менш за 4 гады. Мы павінны думаць за дзяцей.

У Польшчы існуе прымаўка «Запалкі + дзіця = пажар». Сапраўды, дарослыя часта вельмі баяцца, што дзіця падпаліць дом, і гэты страх абгрунтаваны, паколькі агонь вельмі прыцягвае, цікавіць дзяцей. Цяпер, праўда, мы значна радзей карыстаемся адкрытым агнём, у многіх дамах ёсьць электрычныя пліты, а не газавыя, але і так трэба вучыць дзіця абыходзіцца з агнём.

К. Клёс: У мяне самога былі такія выпадкі, і сусед ня раз ратаваў нас ад пажараў. Немагчыма ўсё прадбачыць, дзіця і так знойдзе магчымасьць зрабіць нешта неадпаведнае. Нельга на дзяцей перакладваць наш страх. Мы размаўляем з дарослымі, якія зразумеюць наш пасыл, а не размаўляем з дзецьмі. Малыя вучацца толькі праз гульню, гэта найлепшая форма адукацыі. Мы таксама супрацоўнічаем з варшаўскай Камэндатурай паліцыі, якая мае багаты досьвед у дадзенай галіне.

Ёсьць некалькі месцаў у доме, якія абсалютна не павінны быць даступныя дзецям – адзначае Караль Клёс.

К. Клёс: Гэта, напрыклад, крыніцы агню або хімікаліі. Мы іх трымаем часьцей за ўсё ў кухні, пад ракавінай, у лёгка даступным месцы. Дзеці вучацца, назіраюць нашы паводзіны, хочуць рабіць тое, што мы робім. Таму трэба хаваць ад іх небясьпечныя прадметы, але таксама трэба паказваць, размаўляць, тлумачыць. Мая пяцігадовая дачка бавіцца сваімі кухоннымі рэчамі, у яе ёсьць свая шафка, і яе не цягне да «дарослых» рэчаў. Нярэдка здараюцца выпадкі каля кухоннай пліты, калі дзіця вылівае на сябе нешта гарачае. Але калі дзіця не апарыцца хаця б раз, яно не зразумее, што азначае «гарачае». Трэба яму дазволіць дакрануцца да гарачага, але, канешне, не на столькі, каб моцна апарыцца. Калі дзіця не ўдарыцца, то ня будзе ведаць, што гэта балюча. Нельга абкладваць увесь дом падушкамі, але ёсьць месцы, як вострыя вуглы, якія неабходна засланіць. Часам трэба дазволіць, каб дзіця ўдарылася.

Па словах Караля Клёса, найбольш небясьпечных прадметаў ды элемэнтаў мэблі знаходзіцца ў кухні і ванным пакоі, але неабходна таксама праверыць і прааналізаваць іншыя пакоі, перш за ўсё дзіцячы і гасьцінную, дзе дзіця праводзіць большасьць свайго часу. Шмат нешчасьлівых выпадкаў здараецца таксама на лесьвіцах.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт