У Варшаву ў сьнежні прыяжджаў Ігар Случак, юрыст, вядомы тым, што ведае, як, выкарыстоўваючы магчымасьці заканадаўства Рэспублікі Беларусь, абараніць правы беларускай мовы.
Ігар Случак наведаў Варшаву разам са сваёй калегай Алінай Нагорнай. У сталіцу Польшчы іх запрасіў фонд «Беларускі дом у Варшаве».
Афіша прэзэнтацыі кнігі І. Случака і А. Нагорнай «Абаронім мову!» у «Беларускім доме ў Варшаве». Фота: facebook.com/BelaruskiDom
У кнізе зьмешчаны юрыдычныя парады носьбітам беларускай мовы па абароне сваіх правоў і магчымасьці свабодна карыстацца сваёй мовай у Беларусі. Але нават гэты дапаможнік не дае гарантыі, што ва ўсіх штодзённых сытуацыях беларускамоўны беларус у Беларусі зможа выкарыстаць сваё права на родную мову.
Ігар Случак: Нічога добрага з боку дзяржавы для беларускай мовы не адбываецца. Калі нехта кажа, што ў Беларусі адбываецца нейкая мяккая беларусізацыя, то гэта абсалютна ня так. На дзяржаўным узроўні ніякай моўнай палітыкі ў дачыненьні да беларускай мовы няма. Можна толькі сказаць, што замест жорсткай русіфікацыі ў нас пачалася мяккая русіфікацыя.
Улады Беларусі не ідуць на беларусізацыю ў тым ліку таму, што ня бачаць сапраўднага запыту на яе з боку людзей. Таму беларусам трэба выказваць сваё жаданьне беларускай мовы ня толькі ў сябе на кухнях, але зьвяртаючыся непасрэдна да дзяржавы.
Беларускія чыноўінкі жывуць па старых лекалах, і карыстаюцца расейскай, бо ім так прасьцей.
Утвараецца замкнёнае кола.
Дзяржава выціскае адну зь дзяржаўных моў на пэрыфэрыю, то другая ўзмацняецца. А мова — гэта перш за ўсё сродак камунікацыі. І звычайны просты беларус будзе карыстацца мовай, якая больш зручная ў жыцьці. Таму беларусы карыстаюцца расейскай мовай па бытавых прычынах.
Цяпер склалася сытуацыя, калі беларуская мова і беларускамоўныя беларусы дыскрымінуюцца ў выніку перагібу ў дзяржаўнай моўнай палітыцы.
Цяжка, на жаль, знайсьці сярод чыноўнікаў тых, хто публічна выказваўся б у падтрымку беларускай мовы. Зь іншага боку, 95% беларускіх чыноўнікаў — не беларусафобы, а звычайныя беларусы, якія ня бачаць запатрабаванасьці беларускай мовы, але калі будзе адпаведнае стаўленьне дзяржавы, загад яе «прасоўваць», то яны будуць гэта рабіць.
Мабыць, упершыню за 20 гадоў нядаўна выступіў прэм’ер-міністар Беларусі, якім цяпер зьяўляецца Сяргей Румас. Магчыма, зь яго прыходам ва ўрад адбудуцца нейкія істотныя зьмены ў дзяржаўнай моўнай палітыцы.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл