Што для палякаў азначае сёньня незалежнасьць?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
09.11.2018 11:12
Незалежнасьць цяпер для нас – больш натуральная справа, чым сто гадоў таму.
pixabay.com/CC0 Creative Commons
Выданьне «Rzeczpospolita» запытала прафэсара гісторыі Влодзімежа Сулею (Włodzimierz Suleja), што для палякаў азначае сёньня незалежнасьць? Для многіх палякаў гэта самая важная каштоўнасьць, – адказвае гісторык. Яна ня толькі дазваляе рэалізаваць свае пляны на жыцьцё, але таксама глыбокія ідэі, зьвязаныя з пачуцьцём нацыянальнага адзінства, клопатам пра даўнія традыцыі народу. Незалежнасьць цяпер для нас – больш натуральная справа, чым сто гадоў таму.
Гісторык кажа, што палякі надалей адносяцца да незалежнасьці як да чагосьці выключнага, вельмі важнага. На лекцыях ён заўважае шчырае зацікаўленьне маладых людзей мэханізмамі, якія давялі да абвяшчэньня незалежнасьці і людзьмі, якія за гэтым стаялі. Усё больш палякаў прэзэнтуе патрыятызм, адчувае гонар за сваю Айчыну і яе гісторыю. Гэта вельмі істотна. Канешне, ня ўсе падзеі ў гісторыі Польшчы былі пазытыўнымі, але людзям, асабліва маладым, патрэбны станоўчы прыклад, каб яны маглі атаясамлівацца з гістарычнымі постацямі.
Па словах гісторыка, калісьці для жыхароў Польшчы элемэнтарным было пачуцьцё неабходнасьці служыць сваёй Радзіме. Цяпер гэтага амаль няма, а шкада. Трэба клапаціцца пра незалежнасьць, выбудоўваючы моц дзяржавы. Важна заўважаць тое, што народ яднае, а ня дзеліць. Адзначэньне 100-годзьдзя незалежнасьці – гэта добрая нагода для згуртаваньня грамадзтва.
Rzeczpospolita/нг