Нямецкі гісторык: Нямеччына павінна выплаціць ваенныя рэпарацыі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
05.11.2018 11:30
«Пытаньне кампэнсацыі – гэта этычная праблема. У нас апошні шанец вырашыць справу рэпарацый».
Варшава, 08.1944.Foto: Wikimedia Commons/Ewa Faryaszewska (1920-1944) (Museum of Warsaw)/Public domain
На сайце «DW.com» вялікае інтэрвію зь нямецкім гісторыкам Карлам-Хайнцам Ротам (Karl-Heinz Roth) на тэму ваенных рэпарацый, якія Нямеччына павінна выплаціць Польшчы, Грэцыі ды іншым краінам, якія пацярпелі ў часы Другой сусьветнай вайны. Гісторык напісаў кнігу, у якой разглядае галоўным чынам Грэцыю, паколькі Нямеччына магла б такім чынам сплаціць частку даўгоў Грэцыі. Менавіта Нямеччына прымусіла Цэнтральны банк Грэцыі ўзяць шматмільярдныя пазыкі, цяпер гэтыя даўгі можна было б сьпісаць. З іншага боку, кажа Рот, Польшча была непараўнальна больш зьнішчаная ў выніку вайны, чым Грэцыя. Розьніца датычыць таксама забітых мірных жыхароў – 5,4 млн. у Польшчы, і 330 тыс. у Грэцыі. У рэпарацыйнай палітыцы пра Польшчу і Грэцыю забылі – кажа гісторык.
«Пытаньне кампэнсацыі – гэта этычная праблема. Гаворка ідзе пра тое, каб адкрыта і шчыра вырашыць гэтую спрэчку, без тактычных манэўраў, – кажа Рот. – Гэта апошні шанец вырашыць справу рэпарацый». Якія падлікі гісторыка, колькі Польшча павінна была б атрымаць ад Нямеччыны? Страты – як матэрыяльныя, так і чалавечыя, і за прымусовую працу – ацэненыя ў 78 млрд. даляраў у цэнах 1938 году. Цяпер гэта больш за адзін більён эўра. Канешне, ніколі ня будзе магчымасьці выплаціць цэлага доўгу, гэта будзе толькі невялікая частка – адна дзясятая, можа адна пятая. Немцы абавязаныя выплаціць рэпарацыі, але трэба ўзяць пад увагу, якую частку кампэнсацыі Нямеччына ўжо заплаціла раней.
Цяпер перамовамі на тэму рэпарацый павінны заняцца экспэрты. Першая канфэрэнцыя адбылася ў верасьні ў Варшаве. Меркаваньнем нямецкага гісторыка, прайшла адкрытая навуковая дыскусія. Урад Нямеччына лічыць справу зачыненай, але, на думку Карла Рота, неабходна яе зноў распачаць. Па словах гісторыка, найлепшым варыянтам была б сумесная ініцыятыва Грэцыі, Польшчы, Італіі, краін былой Югаславіі. Рэпарацыйны доўг ня мае тэрміну даўніны, на думку экспэртаў міжнароднага права, сытуацыя адназначная. Дарэчы, пры дапамозе Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця да перамоваў маглі б падключыцца дзяржавы, якія не ўваходзяць у склад ЭЗ, але моцна пацярпелі ў часы вайны – Беларусь ды Ўкраіна.
DW.com/нг