З Польшчы могуць выехаць паўмільёна ўкраінскіх работнікаў
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
29.10.2018 15:49
Прыйдзецца прыцягваць працаўнікоў з Беларусі, Грузіі, Індыі, Віетнаму ці Нэпалу.
Нямеччына плянуе адчыніць свой рынак працы для ўкраінцаў. У выніку з Польшчы могуць выехаць паўмільёна ўкраінскіх работнікаў.
Нямецкі ўрад вырашыў адчыніць на свой рынак працы для грамадзян краін, якія не зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу. Яны паўгоду змогуць знаходзіцца ў Нямеччыне і шукаць працу, а потым легальна працаваць. Немцы наўпрост гэтага ня кажуць, але яны, у прыватнасьці, чакаюць як раз украінцаў. Плянуецца, што новыя правілы пачнуць дзейнічаць на пачатку 2019 г.
Што гэта азначае для польскага рынку працы? Томаш Інглёт з фірмы, якая прыцягвае ўкраінскіх працаўнікоў, лічыць, што ў Польшчы найбольшыя страты адчуе прамысловая галіна, сельская гаспадарка й садаводзтва. Таксама ня будзе каму працаваць у крамах, ці прыбіраць гатэлі.
Rzeczpospolita прагназуе, што польскія фірмы ня будуць спраўляцца з заказамі і зьменшыцца вытворчасьць. Прыйдзецца павышаць заробкі, тым больш, што ў Нямеччыне ўкраінцы змогуць зарабіць у 3-4 разы больш, чым у Польшчы.
Экспэрты, у якіх газэта запытала, што рабіць, кажуць, што прыйдзецца прыцягваць працаўнікоў з Беларусі, Грузіі, Індыі, Віетнаму ці Нэпалу. Цяпер беларусы працуюць у 10% польскіх прадпрыемстваў.
Rzeczpospolita/яс