Старэйшае пакаленьне як правіла больш давярала лекарам, чым цяпер. Калі дактары казалі, што трэба лячыцца, трэба прымаць лякарствы або трэба зрабіць прышчэпку, то рэдка хтосьці пратэставаў. Цяпер жа, у нашу эру разьвіцьця сацмэдыяў, усе мы самі сабе дактары. Вельмі шырокім рэзанансам праходзіць інфармацыя пра ўсе рэдкія выпадкі, калі людзі, а хутчэй малыя дзеці, пацярпелі ў выніку прышчэпкі. Вакцынацыя заўсёды была зьвязаная з пэўнай рызыкай для здароўя, але ніколі яшчэ рух супраць яе ня быў на столькі моцны.
Тэматыка вакцынацыі загучала таксама надоечы ў польскім парлямэнце, куды быў унесены грамадзкі законапраект, які адмяніў бы абавязковую вакцынацыю, калі б быў прыняты Сэймам. Дэпутаты правялі дыскусію на тэму дакумэнту, які падрыхтавала арганізацыя «Stop Nop», якая здаўна імкнецца да ўвядзеньня такога стану рэчаў у Польшчы, каб людзі самі вырашалі, рабіць прышчэпку ці не.
Прынцыпы законапраекту прадставіла ў Сэйме старшыня таварыства Юстына Соха. Паводле яе словаў, вакцына можа быць прычынай цяжкіх мэдычных наступстваў. Яна казала, што ў Польшчы абавязковай зьяўляецца ня толькі вакцынацыя дзяцей, але таксама ў некаторых выпадках – дарослых.
Ю. Соха: У дваццаці краінах Эўропы абавязковымі зьяўляюцца толькі тыя прышчэпкі, якія могуць прадухіліць масавае захворваньне насельніцтва на небясьпечныя хваробы, або нават эпідэмію. Грамадзкі законапраект не зьбіраецца ўводзіць забарону такой вакцынацыі. Няма таксама ліквідацыі ахоўных прышчэпак, ён толькі ўводзіць прынцып добраахвотнасьці.
Найбольшая фракцыя польскага парлямэнту – клюб партыі «Права і справядлівасьць» запрапанаваў скіраваць законапраект на далейшую дапрацоўкі і разгляд у камісіі парлямэнту. Дэпутат ПіС Кшыштаф Астроўкі зьвяртае ўвагу на тое, што дакумэнт падпісала больш за 120 тыс. чалавек, а гэта азначае, што існуюць канкрэтныя боязі, зьвязаныя з вакцынацыяй. Ён казаў таксама пра тое, што падобныя боязі назіраюцца ў іншых краінах, скажам, у Францыі, дзе ў апытаньні звыш 40% асоб казала, што яны лічаць прышчэпкі небясьпечнымі. Тым ня менш, – дадаў дэпутат, – сам ён зьяўляецца прыхільнікам вакцынацыі.
К. Астроўскі: Гэта грамадзкі законапраект, таму, згодна выбарчаму абяцаньню «Права і справядлівасьці», мы далей будзем яго разглядаць. Мы ніколі не адхіляем аўтаматычна такіх праектаў. Сам я асабіста цешуся, паколькі гэта цудоўная нагода для дэбатаў на тэму рацыянальнай праграмы вакцынацыі ў Польшчы і ўзгадненьня яе з бясьпечнымі эўрапейскімі нормамі.
Поліяміэліт, коклюш, адзёр. Гэта небясьпечныя для людзей, асабліва дзяцей, хваробы, пра якія мы практычна забылі дзякуючы прышчэпкам. У Польшчы больш за дзесяць відаў вакцынацыі абавязковыя, нельга ад іх адмовіцца. І менавіта супраць гэтага пратэстуюць супраціўнікі прышчэпак. Актывісты арганізацыі «Stop Nop» імкнуцца, каб вакцынацыя была добраахвотная, а лекар быў абавязаны прадставіць бацькам усе патэнцыйныя адмоўныя наступствы прышчэпкі. Юстына Соха казала падчас свайго выступу ў Сэйме, што ў 20 краінах Эўропы вакцынацыя добраахвотная, бацькі вырашаюць, ці даць дзіцяці прышчэпку. На што міністар аховы здароўя Лукаш Шумоўскі адказаў, што апошнім часам гэтыя краіны мяняюць свой падыход да вакцынацыі.
Л. Шумоўскі: Дзяржавы, дзе вакцынацыя была добраахвотная, усё часьцей адмаўляюцца ад добраахвотнасьці. Я прывяду прыклад Італіі, дзе дзіця ня будзе прынятае ў дзіцячы садок або ў школу, калі яно ня пройдзе камплекту прышчэпак.
На думку супраціўнікаў вакцынацыі, людзі часта бунтуюцца супраць таго, што яны абавязаныя зрабіць прышчэпку дзіцяці, таму трэба даць ім магчымасьць выбару. У сваю чаргу лекары адзначаюць, што тады адсотак асоб з устойлівасьцю да канкрэтных захворваньняў рэзка ўпадзе, што можа быць небясьпечна для ўсяго насельніцтва. Гаворыць нацыянальны кансультант у галіне эпідэміялёгіі доктар Івона Парадоўска-Станкевіч.
І. Парадоўска-Станкевіч: Магчымая адмена абавязковай вакцынацыі можа выклікаць паніжэньне адсотка прышчэпленых асобаў у папуляцыі да такога ўзроўню, які б не дазваляў захаваць калектыўную ўстойлівасьць грамадзтва на хваробы. Дзякуючы такой калектыўнай устойлівасьці заразныя хваробы не распаўсюджваюцца хутка сярод людзей, асабліва сярод асоб, якія аслабленыя па нейкай прычыне, у якіх не была праведзеная вакцынацыя.
Таму Галоўная палата лекараў і бюро экспэртызаў Сэйму выставілі адмоўную ацэнку дадзенаму законапраекту. Тым ня менш, дэпутаты не рашыліся цалкам адхіліць законапраект, а накіравалі яго на дапрацоўку ў камісіі.
нг