Logo Polskiego Radia
Print

Цэны нафты ідуць уверх, а палякі не клапоцяцца пра абнаўляльную энэргію

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.09.2018 15:35
Польскія прадпрыемствы могуць страціць сваю канкурэнтаздольнасьць.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Цана нафты ідзе ўверх. Гэта ня першы і не апошні такі рывок коштаў сыравіны, былі часы, калі цана барэлі нафты даходзіла амаль да 150 даляраў, але яшчэ нядаўна за яе плацілі 50 даляраў – піша ў камэнтары выданьня «Rzeczpospolita» Войцех Раманьскі.

Праўда, аналітыкі не сыходзяцца ў меркаваньнях, што цана бэнзіну на станцыях запраўкі таксама вырасьце, тым ня менш, сытуацыя на глябальным рынку не спрыяе падзеньню коштаў. Самая сур’ёзная прычына – санкцыі ЗША супраць Ірану, якія пачнуць дзейнічаць у лістападзе. Калі на рынку будзе менш нафты, а попыт ня зьменшыцца, то цана немінуча пойдзе ўверх.

Кошты сыравіны аказваюць істотны ўплыў на многія галіны эканомікі, ад хімічнай прамысловасьці па транспарт. А гэта не адзіная праблема, якая ўплывае на дадзены момант на канчатковы кошт тавараў ці паслуг. У Польшчы расьце цана электраэнэргіі, што вельмі балюча б’е па прамысловасьці. Цэны энэргіі на біржы цяпер на 70% вышэйшыя, чым год таму. У чым прычына? Перш за ўсё даражэе вугаль, але таксама кошт правоў на выкіды вуглякіслага газу. Польскія прадпрыемствы, асабліва энэргаёмістыя, могуць страціць сваю канкурэнтаздольнасьць.

Нямала ў гэтым і віны саміх палякаў. З аднаго боку, часам няма альтэрнатывы для нафты, але з іншага боку, часткова яе можна было б замяніць чыстай энэргіяй з абнаўляльных крыніц. Палякі ўпарта трымаюцца вугалю, што будзе аказваць уплыў на эканоміку краіны яшчэ доўгія гады. Замест таго, каб мінімалізаваць рызыку, якая можа перашкаджаць у разьвіцьці нацыянальнай эканомікі, мы самі сабе дабаўляем праблем – завяршае свае эканамічныя разважаньні камэнтатар выданьня «Rzeczpospolita».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт