Logo Polskiego Radia
Print

Любіце слухаць музыку ў навушніках - правярайце свой слых

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.09.2018 09:16
  • слых.mp3
Абсьледаваньне дазволіць пераканацца, ці з нашым слыхам усё ў парадку.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Мэдыкі папярэджваюць, што маладое пакаленьне людзей у цывілізаваных краінах значна раней, чым іх продкі, пачне скардзіцца на праблемы са слыхам. Справа ў тым, што моладзь любіць слухаць музыку, глядзець фільмы ў навушніках, што адмоўна ўплывае на слых. Таму варта час ад часу правяраць свой слых.

Пераважна глухата ў нас асацыюецца з глыбокай старасьцю або хваробай. Лекары кажуць, што гэта паступова мяняецца, і неўзабаве нават маладыя ці адносна маладыя асобы пачнуць скардзіцца або ўжо скардзяцца на тое, што яны дрэнна чуюць. Таму Польскае радыё рэгулярна ладзіць акцыю па прафіляктыцы лярынгалягічных захворваньняў і глухаты. На стаянку радыё ў Варшаве прыяжджае мабільны цэнтар, у якім кожны жадаючы можа праверыць свой слых, ці з ім усё ў парадку. Такое мерапрыемства адбылося на мінулым тыдні – прыехаў аўтобус Сусьветнага цэнтра слыху. Па словах лярынголяга Томаша Брыка, кожны жадаючы мог прыйсьці без накіраваньня і праверыць свой слых.

Т. Брык: Мы прапануем два віды абсьледаваньня – дастаткова прыйсьці. Першае абсьледаваньне – гэта отаскапія. Мы маем магчымасьць паказаць пацыенту на экране манітора, як выглядае яго вуха знутры, у якім яно стане. Мы падказваем, як чысьціць вушы, якія прафіляктычныя меры неабходныя. Калі тут усё ў парадку, то запрашаем на аўдыямэтрыю, якая правярае, на колькі добры ў пацыента слых.

Скарыстацца паслугамі Мабільнага цэнтра слыху заахвочвае таксама пясьняр Гжэгаж Вільк.

Г. Вільк: Многія людзі думаюць так: ай, не пайду я правяраць слых у такі цэнтар, там напэўна апаратура не такая дакладная, як у стацыянары. Магчыма, так яно і ёсьць, але нават такое абсьледаваньне дазволіць пераканацца, ці з нашым слыхам усё ў парадку, ці ёсьць нейкія адхіленьні ад нормы. Я пра свае праблемы даведаўся менавіта ў такім месцы, і тады падумаў таксама, як думаюць, мяркую, многія: а, гэта хіба памылка, мяне глухата не датычыць. Але я завяраю вас – гэта датычыць кожнага, калі ня сёньня, то празь нейкі час. Я раю праверыцца, гэта першы крок, каб даведацца, што нешта можа быць ня так.

Калі мы думаем пра глухату, то пераважна нам прыходзяць на думку пажылыя асобы, старыкі, гэта ж іх праблема – недачуваньне. Аднак лекары кажуць, што гэта няпраўда, расстройствы слыху рознай цяжкасьці здараюцца ў самых розных катэгорый людзей, у тым ліку ў маладым узросьце. Працягвае Томаш Брык.

Т. Брык: Разнастайныя расстройствы слыху здараюцца ў прадстаўнікоў розных катэгорый насельніцтва. Канешне, у старэйшым узросьце ў многіх людзей назіраецца натуральнае прытупленьне слыху, а ў дзяцей нярэдка бывае парок слыху ад нараджэньня, пра што бацькі могуць нават ня ведаць. У сваю чаргу моладзь часта злоўжывае электроннымі прыладамі, гучна слухае музыку. У нас цяпер шмат маладых пацыентаў, у якіх назіраюцца розныя віды недачуваньня.

Па словах спэцыяліста, недачуваньне як правіла не паяўляецца зьнянацку. Слых прытупляецца паступова, на працягу многіх галоў, таму чалавек можа гэтага не заўважыць. Акрамя таго, неабходна тлумачыць, асабліва маладым людзям, якая рызыка зьвязаная з гучным слуханьнем музыкі ў навушніках, асабліва маленькіх, якія ўстаўляюцца ў вушы.

Т. Брык: Неабходна паказваць, якія нормы гучнасьці, што можна рабіць, а чаго не, каб пацыенты з самага малога ўзросту ведалі, што лепш не перабольшваць з гучнасьцю гука. Акрамя таго, трэба памятаць, што недачуваньне разьвіваецца шмат гадоў, гэта паступовы працэс, таму пацыенты часта не заўважаюць, што з іх слыхам нешта не ў парадку. Калі хтосьці пачынае раптам дрэнна чуць, то ён, канешне, гэта заўважыць, а калі гэта адбываецца цягам дзясяткаў гадоў, то чалавек ня бачыць праблемы, а на самой справе ў яго ўжо можа быць глыбокае недачуваньне.

Так што яшчэ раз трэба зьвярнуць увагу ўсіх аматараў гучнай музыкі: нельга доўга слухаць так музыку ў навушніках. Скажам, калі мы стаім побач з кімсьці і чуем тую музыку або іншы гук з яго навушнікаў, то гэта азначае, што гук нашмат гучнейшы, чым павінен быць. Такая гучнасьць можа хутка пашкодзіць слых. Трэба таксама памятаць пра гігіену вушэй, напрыклад, нельга чысьціць вушы ўнутры гігіенічнымі палачкамі, паколькі яны могуць пашкодзіць вушныя перапонкі.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт