Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы гвалтоўна нарастае праблема са састарэлымі людзьмі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.09.2018 17:37
Гэта вялікі выклік для дзяржавы і для грамадзтва.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:pixabay.com/CC0 Public Domain

Паводле статыстычных дадзеных Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі GUS, у 2050 годзе ўзроставая група 65+ у польскім грамадзтве будзе налічваць кала 12 млн чалавек (зараз насельніцтва краіны складае 38 млн, у гэтым 6 млн людзей 65+).

Мэдыкі адзначаюць, што ўжо цяпер грамадзтва і дзяржава не спраўляюцца з доглядам за пажылымі людзьмі. Перад сьвятамі, перад вакацыямі аддзяленьні ўнутранай мэдыцыны становяцца «камэрамі захоўваньня» дзядуль і бабуль. Родныя такім чынам пазбаўляюцца ад праблемы.

Паводле законаў, у Польшчы адзінокі чалавек, якому з-за ўзросту ці хваробы патрэбная дапамога, ёсьць права на паслугі па догляду. Гэта тэарэтычна, а фактычна ў краіне існуюць тры віды ўстаноў па дагляданьні за старымі людзьмі. Гэтак званы ЗОЛ (Zakład opiekuńczo-wychowawczy), які амаль поўнасьцю аплачвае дзяржава (на месца трэба чакаць вельмі доўга), ДПС (Dom opieki społecznej) Дом сацыяльнай дапамогі, дзе плацяць самі старыкі са сваёй пэнсіі, родныя і мясцовыя ўлады. У ДПС абслугоўваньне абыходзіцца дорага – 4,5 тысячы злотых ($1236) за месяц. І ёсьць яшчэ прыватныя дамы састарэлых, дзе месяц каштуе 3,5 тыс. злотых ($960) і яны прымаюць усіх жадаючых.

Былая супрацоўніца аднаго з такіх дамоў зьвярнулася да тыднёвіка Newsweek і ананімна распавяла пра жудасныя ўмовы працы і жудасны догляд за жыхарамі гэтых дамоў. Жанчына расказала, што там , дзе яна працавала, уладальнікі эканомілі на ўсім, акрамя псыхалептыкаў для пацыентаў. Тры асобы пэрсаналу даглядалі амаль 50 старыкоў, сярод іх многія з хваробай Альзгаймэра і іншымі хваробамі старасьці.

Свой аповед жанчына закончыла словамі: Гэтая праца мяне навучыла аднаму – я ніколі майго роднага не аддам у такі дом.

Newsweek/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт