Logo Polskiego Radia
Print

"Sieci": Бруднае бабло на польскі Майдан

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 29.08.2018 15:38
Крамэк стварыў плян з 16-ці пунктаў, як скінуць урад ПіС.
screen https://www.wsieciprawdy.pl/aktualne-wydanie-sieci.html

Звонку выглядае, што гэта арганізацыя, якая дапамагае перасьледаваным рэжымамі былога СССР. Але, калі прыгледзецца да Фонду «Адкрыты дыялёг» больш дакладна, то бачна, што дзейнасьць гэтай недзяржаўнай арганізацыі фінансавалі падазроныя фірмы з падатковага раю, а галоўныя асобы НДА наладзілі нячыстае супрацоўніцтва з алігархамі постсавецкіх рэспублік. Ключавую ролю адыгрывае ў гэтым фірма паляка Барташа Крамэка (Bartosz Kramek), які годам раней стаў заклікаць да зьвяржэньня цяперашняга ўраду Польшчы. Журналісты тыднёвіка «Sieci» Марэк Пыза й Марцін Вікла (Marcin Wikło) у выніку журналісцкага сьледзтва выясьнілі, чаму польскія спэцслужбы прыйшлі да высновы, што жонка Крамэка ўкраінка Людміла Казлоўская нясе пагрозу Польшчы, і пастараліся, каб жанчына стала пэрсонай нон грата ня толькі ў Польшчы, але й на тэрыторыі ўсяго Эўразьвязу.

У апошні чацьвер перад офісам Агенцтва ўнутранай бясьпекі ў Варшаве прайшла маніфэстацыя ў абарону Казлоўскай, якая зьяўляецца кіраўніком Фонду «Адкрыты дыялёг». Тыднёвік «Sieci» зазначае, што на пікет не прыйшлі славутасьці, якія падпісалі ў інтэрнэце заклік да ўдзелу ў дэманстрацыі, сярод іх былы прэзыдэнт Лех Валэнса. Пікет закончыўся праз гадзіну.

Марэк Пыза і Марцін Вікла пішуць: «Мы раскрылі інфармацыю, якая павінна расплюшчыць вочы ўсім, хто, магчыма, ня ведае, каго абараняе.

У Польшчы пра Фонд «Адкрыты дыялёг» стала гучна ў 2014 годзе, калі малавядомая арганізацыя вырасла на лідара падтрымкі ўкраінскай апазыцыі падчас Эўрамайдану ў Кіеве. З пэрспэктывы часу бачна, што пара Людміла Казлоўская й Барташ Крамэк прафэсійна дбалі пра свой PR. Разьвешвалі лягатып Фонду «Акрыты дыялёг» у кожным магчымым месцы ды зьяўляліся побач журналістаў і палітыкаў усіх фракцый.

Цікава працытаваць меркаваньне Агнешкі Рамашэўскай, дырэктаркі каналу Белсат, якая яшчэ да дэпартацыі Казлоўскай з Брусэля (13 ліпеня) пісала ў Фэйсбуку, што фонд адзначаўся своеасаблівай формулай дзеяньня й своеасаблівым пэрсаналам. «Мяне ўвесь час непакоіў у іх холад дзеяньня, (я бачыла многіх людзей, якія займаюцца дапамогай, шчырасьць немагчыма ўтоіць) і неверагодны сьпіс донараў.

Рамашэўская падкрэсьліла, што «маніфэст па зьвяржэньні польскага ўраду», зь якім у ліпені 2017 году выступіў Барташ Крамэк, зрабіў зь яго топавага ўдзельніка грамадзкага жыцьця.

Крамэк стварыў плян з 16-ці пунктаў, як скінуць урад ПіС. Ён заклікаў паралізаваць дзяржаву празь генэральны страйк настаўнікаў, судзьдзяў, нявыплату падаткаў, пастаянныя дэманстрацыі на вуліцах, астракізм у дачыненьні да палітыкаў кіруючай партыі «Права і справядлівасьць», а нават зьдзекі зь Яраслава Качыньскага перад яго домам.

Фонд «Адкрыты дыялёг» быў зарэгістраваны ў 2009 годзе ў Любліне. Адным з двух заснавальнікаў быў грамадзянін Украіны Іван Шарсьцюк, знаёмы Людмілы Казлоўскай. Шарсьцюк у 2006 годзе быў назіральнікам на выбарах у Казахстане, адкуль яго дэпартавалі за старонную падтрымку партыі апазыцыянэра Мухтара Аблязава. Шарсьцюк меў падобныя праблемы ў Грузіі, дзе, як бесстароньні назіральнік, спрабаваў паўплываць на вынік выбараў у 2008 годзе.

Прааналізаваўшы дзейнасьць ФАД (Фонд «Адрыты дыялёг») ад самага пачатку, можна зрабіць выснову, што арганізацыя прапанавала свае паслугі абароны па заказу.

Пераважна яна выступала ў абарону алігархаў былых савецкіх рэспублік, якія ў сваіх краінах абвінавачваліся ў фінансавых махлярствах.

Гэта, напрыклад, згаданы Мухтар Аблязаў, якога ў Казахстане абвінавацілі ў шматмільённай растраце сродкаў з банку БТА. Фонд «Адкрыты дыялёг» абараняў бізнэсмэна, які зьбег у Францыю. Казлоўская й Крамэк білі трывогу, што ў Казахстане Аблязаву пагражаюць катаваньні, або нават і сьмерць.

ФАД абараняў таксама ад экстрадыцыі з Аўстрыі ў Расею Наіла Малюціна, расейскага бізнэсоўца, замяшанага ў вывядзеньне мільёнаў зь дзяржаўнай суполкі FLC.

Паводле польскіх спэцслужбаў, Мухтар Аблязаў быў галоўным донарам ФАД. Ён гэта рабіў ад свайго імя або праз іншыя асобы. Крамэк і Казлоўская аспрэчваюць і кажуць, што ў іх гэта як бы сямейная фірма, найбольш грошай даюць самі, атрымліваюць ад знаёмых або са зборак грошай.

Журналісты тыднёвіка «Sieci» даказваюць, што ўсё роўна галоўнае фінансаваньне ідзе ад Мухтара.

Напрыклад, ён даваў грошы праз брата Людмілы Казлоўскай Паўла Казлоўскага, мільён даляраў штогод. Фонд «Адкрыты дыялёг» афіцыйна фінансуе таксама фірма Silk Road – Шаўковы шлях. Яна належыць Барташу Крамэку, працаўладкоўвае дваіх чалавек – у тым ліку яго жонку Людмілу Казлоўскую. Журналісты знайшлі дакумэнты, зь якіх вынікае, што фірма пастаянна мае страты, але падтрымлівае ФАД вялікімі ахвяраваньнямі (710 тыс злотых у 2013 г.). таксама Крамэк як фізычная асоба дае 500 тысяч злотых (2013 г). Людміла Казлоўская – 370 тысяч зл.

Фірма Silk Road значную частку даходаў атрымлівае з-за мяжы пералікам Western Union. Вызначыць усіх донараў немагчыма. Але, напрыклад, кампанія Kariastra Project LP з Глазга перадала каля 1 млн даляраў. Донар ня мае ні сайта, ні нумару тэлефона, невядома, чым займаецца. Іншая кампанія з Шатляндыі Stoppard Consulting LLP перадала Silk Road каля паўмільёна даляраў. Кампанія спыніла сваю дзейнасьць у 2017 г. Яе акцыянэрамі былі суб'екты, зарэгістраваныя ў падатковым раі. Некаторыя зь іх маюць дачыненьне да вывядзеньня з Малдаўскага банкаўскага сэктара аднаго мільярда даляраў – вызначыла гэта амэрыканская сьледчая кампанія Kroll. Мозгам апэрацыі быў Ілян Сгор, 27-гадовы дырэктар малдаўскага банку Banca de Economii. Паводле Румынскіх спэцслужбаў, Сгор зьвязаны з Расеяй. У Кішынёве ў 2012-2014 г.г. адмыў 20 млрд даляраў. Гэтыя грошы трапілі ў падатковы рай і часткова ў ЭЗ.

Міжнароднае сьледзтва 61 журналіста выявіла, што 9 млн даляраў патрапіла ў Польшчу.

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы ацаніла, што Людміла Казлоўская нясе пагрозу бясьпецы Польшчы. І ёсьць на гэта доказы. Пакуль што не вынесенае абвінавачаньне ў шпіянажы, хаця, улічыўшы дзейнасьць і сувязі Казлоўскай і Крамэка, спэцслужбы не выключаюць такой магчымасьці.

Журналісты «Sieci» задаюцца пытаньнем, ці польска-ўкраінская пара зьяўляецца толькі агентурай уплываў у руках алігархаў былога ССР, ці чымсьці больш? Чаму ячэйка агентуры магутных алігархаў была задзейнічана на тэрыторыі Польшчы, чаму настолькі жорстка гэтыя людзі разыгрываюць гульню, мэта якой – сілавая адмена вынікаў выбараў 2015 г. у Польшчы?

Тыднёвік «Sieci» дае два варыянты адказу: Зьмены ў Польшчы (разам з прыходам да ўлады ПіС – рэд.) пашкодзілі інтарэсам магутных груп.

Другі варыянт адказу: Казлоўская й Крамэк разьлічвалі, што апазыцыйныя колы разам са СМІ, бізнэсам, сувязямі па ўсёй Эўропе настолькі магутныя, што без праблемаў адхіляць цяперашнюю ўладу пры дапамозе вулічных пратэстаў. Разьлічвалі, што потым у новых умовах яны атрымаюць для сябе карысьці. Аднак сталася інакш. Польская дзяржава абаранілася.

Sieci/пераклад яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт