Logo Polskiego Radia
Print

Як сябе паводзіць і што піць падчас вялікай сьпякоты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 14.08.2018 15:45
  • 14-сацыяльная.mp3
Важна ня толькі тое, колькі мы п’ем, але таксама, што п’ем.
фота: А. Вялічка/radyjo.net

Лета 2018 году яшчэ не закончылася, а ў Польшчы яго ўжо назвалі выключным. Нават «найстарэйшыя горцы», як кажуць палякі, не памятаюць, каб на столькі высокая тэмпэратура пратрымалася летам такі доўгі пэрыяд. Відаць, трэба нам прывыкаць да таго, што летам неабходна сябе паводзіць як у паўднёвых гарачых краінах.

Магчыма, сёлетняе лета – толькі выключэньне, але магчыма таксама, што яно пацьвярджае погляды шматлікіх навукоўцаў, што наш клімат мяняецца, і такіх гарачых гадоў будзе ўсё больш. Калі тэмпэратура расьце да 30 градусаў і больш, то нам здаецца, што немагчыма вытрымаць без кандыцыянэра. Але ахалоджваньне паветра спальвае больш электраэнэргіі, чым ацяпленьне, таму лепш падумаць, што зрабіць, каб пражыць без кандыцыянэра. Ёсьць некалькі правілаў, якімі варта карыстацца. Па-першае, трэба праветрываць кватэру ноччу і раніцай, калі паветра адносна прахалоднае, і зачыняць вокны на дзень, а нават завешваць шторы або закрываць жалюзі. Па-другое, трэба пазьбягаць прыгатаваньня гарачай ежы, паколькі неабходна ўключыць электрычную або газавую пліту, якія таксама награваюць паветра. Лепш есьці халодныя стравы, напрыклад, розныя халаднікі, салаты. Часам можна прыгатаваць нешта на грылі, але нельга забываць, што пераварваньне мяса (а дакладней, бялка з яго) разагравае арганізм. Па-трэцяе, трэба насіць шырокую, свабодную і лёгкую вопратку, а спаць лепш за ўсё на льняной пасьцелі.

Такія простыя правілы, магчыма, дапамогуць нам перажыць летнюю сьпякоту. Аднак у гарачыя дні самае важнае – шмат піць. Асабліва старэйшыя людзі павінны пра гэта памятаць, паколькі на старасьць часта здараецца, што людзі проста не адчуваюць прагі, таму некаторыя нават трапляюць у шпіталь пад кропельніцу з прыкметамі абязводжваньня арганізму. Але важна ня толькі, колькі мы п’ем, але таксама, што п’ем. Кожны ведае, што пры высокай тэмпэратуры неабходна шмат піць. Некаторыя выбіраюць чай, гарбату, іншыя кефір або сок. Паводле дыетолягаў, газаваныя напоі, нават дыетэтычныя, не гасяць прагі.

Многія напоі падсалоджаныя аспартамам або іншымі субстанцыямі, якія замяняюць цукар. Яны сапраўды маюць менш калёрый, але паяўляецца шмат супярэчлівай інфармацыі на тэму іх спажываньня, – адзначае Кляўдыя Вісьнеўска з Інстытуту харчоў і харчаваньня.

К. Вісьнеўска: Ёсьць вельмі многа публікацый, якія пацьвярджаюць, што ў выніку спажываньня дазволенай колькасьці заменьнікаў цукру на працягу дня не паяўляюцца ніякія адмоўныя наступствы для здароўя. Аднак ёсьць таксама паасобныя дасьледаваньні, якія сьведчаць пра адмоўны ўплыў заменьнікаў цукру на наша здароўе. Напрыклад, яны могуць нэгатыўна ўплываць на мікрафлёру кішэчніка, ускладняць кантроль масы цела.

У сваю чаргу доктар Павал Бальсам з клінікі кардыялёгіі Варшаўскага Мэдычнага ўнівэрсытэту падкрэсьлівае, што вельмі важна, якія вадкасьці мы спажываем.

П. Бальсам: Усе салоджаныя напоі, газаваныя ці не газаваныя, у тым ліку салоджаныя сокі, гэта ня самы лепшы выбар. Справа ў тым, што цукар, які ўтрымліваецца ў такім напоі, як натуральны, так і розныя заменьнікі, перашкаджае ў засвойваньні вадкасьці ў кішэчніку. Цукар мае так званы высокі асматычны ціск, уласны цяжар, у выніку чаго ён сам паглынае ваду ўнутры стрававальнай сыстэмы.

У сувязі з гэтым салодкіх напояў неабходна выпіць значна больш, чым вады, каб задаволіць прагу – нават 4 літры. Такую колькасьць салодкай вадкасьці цяжка пераварыць, гэта дадатковыя пустыя калёрыі, якія зусім непатрэбныя нашаму арганізму. Так што лепш піць чыстую ваду, несалодкія гарбаты, можна таксама зрабіць хатні «энэргетычны» напой: трэба ўзяць паўтара літра вады, тры лыжкі мёду, палову лыжачкі солі і крыху лімоннага або апэльсінавага соку для смаку.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт