Ангельская мова зьмяняецца да непазнавальнасьці
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
07.08.2018 14:00
У Брусэлі карыстаюцца іншым варыянтам ангельскай мовы, чым у Оксфардзе.
Фота: pixabay.com/Public Domain CC0
Выхад Вялікабрытаніі з Эўрапейскага зьвязу не паўплывае на статус ангельскай мовы ў ЭЗ. Яна па-ранейшаму застанецца рабочай. Аднак, прагназуюць экспэрты, у сувязі з тым, што самі жыхары Вялікабрытаніі пакінуць многія пасады ў структурах зьвязу, гэта паўплывае на якасьць ангельскай мовы. Яна аддаліцца ад оксфардзкай нормы.
Ужо сёньня тая ангельская мова, на якой гавораць у брусэльскіх офісах ЭЗ, адрозьніваецца ад чыстага брытанскага ўзору. Ёю ў адміністрацыйным цэнтры зьвязу карыстаюцца прадстаўнікі 28 краін.
Адзін брытанскі дыплямат расказваў, як падчас спатканьня зьвярнуў увагу на тое, што тэкст, напісаны па-ангельску, ня быў правільны з пункту гледжаньня граматыкі і ня меў сэнсу. Аднак яму адказалі, што гэта не істотна, а важна, каб тэкст быў зразумелы тым, хто карыстаецца ангельскай мовай, нават калі яна для іх няродная.
Кожны народ уносіць у ангельскую “эўрамову” свае складальнікі. Напрыклад, палякі кажуць eventual у значэньні магчымы (па-польску ewentualny), а не “апошні”, як мае быць па-ангельску. Таксама з польскай паходзіць слова actual са значэньнем “цяперашні” (aktualny), тым часам як паводле брытанскай нормы гэта слова павінна азначаць “правільны”.
Калі паляк ужывае тэрмін “англасаксонскі”, то гэта можа азначаць, напрыклад, заходнеэўрапейскую мадэль капіталізму. А самі брытанцы так ня кажуць, бо для іх англасаксы — гэта плямёны, якія з V стагодзьдзя пасяліліся на Брытанскіх астравах.
Мовазнаўцы прадказваюць, што сыход брытанцаў з устаноў ЭЗ паспрыяе фарміраваньню адмысловага варыянта ангельскай мовы.
Rzeczpospolita/вк