Logo Polskiego Radia
Print

«На могілках квітнее хаос і дылетантызм» (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 27.07.2018 14:37
  • 0728 Кальварыйскія могілкі.mp3
Што пагражае менскім Кальварыйскім могілкам і ці дапаможа іх упарадкаваць польскі вопыт.
Брама Кальварыйскіх могілакБрама Кальварыйскіх могілакФота: Дзьмітрый Ласько

На Вайсковых могілках у Менску спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня з чэрвеня праводзіць г. зв. добраўпарадкаваньне. Надмагільлі, якія знаходзяцца ў аварыйным стане і не прыведзены ў належны выгляд сваякамі, замяняюцца на стандартныя помнікі — г. зв. падгалоўнікі. Работы ўжо загадала прыпыніць пракуратура Менска. Аднак ужо цяпер “добраўпарадкаваньне” плянуюць прадоўжыць на Кальварыйскіх могілках.

Яшчэ ў 2012 годзе спэцкамбінат камунальна-бытавога абслугоўваньня на недагледжаных пахаваньнях на Кальварыйскіх могілках разьмясьціў аб'явы з просьбай да сваякоў прывесьці ўчасткі ў парадак. Калі гэта ня будзе зроблена, работнікі спэцкамбіната дэмантуюць старыя надмагільлі і ўстановяць замест іх стандартныя памятныя знакі — г. зв. падгалоўнікі. Праўда, гэтым ліпенем Віктар Лапцеў, намесьнік старшыні Менскага гарвыканкама, заявіў: «Плянаў па Кальварыйскіх [могілках] сёньня няма, але ў любым выпадку парадак там наводзіцца будзе».

Надмагільныя
Надмагільныя помнікі на Кальварыйскіх могілках

Кальварыйскія могілкі былі адкрыты для пахаваньняў з канца XVIII да сярэдзіны ХХ ст. Цяпер там можна хаваць толькі сваякоў.

Ала Сакалоўская, дасьледчыца гісторыі могілак, расказвае пра тое, што цяпер уяўляе сабой Кальварыя, дзе пахаваны яе продкі і сваякі.

Ала Сакалоўская: Некатолікаў пачалі хаваць пасьля вайны. Да вайны ж усе могілкі Менска былі падзелены па канфэсіях. Не хавалі праваслаўных на каталіцкіх могілках. А калі, напрыклад, жонка католіка была праваслаўная, то на помніку будзе напісана, што яна пахавана з дазволу [касьцельных улад].

А пасьля вайны [на Кальварыі] пачалі хаваць усіх. І тады сталі зьяўляцца надпісы на расейскай мове. Было па-польску ці па-расейску.

Па-польску выкананы надмагільлі старыя. Цяпер ужо зьяўляюцца надмагільлі і з надпісамі на беларускай мове.

А так там інтэрнацыянал. І па-габрэйску ёсьць. Там ёсьць магілы, у якіх па некалькі чалавек пахавана.

Ала Сакалоўская пакуль не турбуецца за будучыню магіл сваіх продкаў. Яна ўпэўнена, што добраўпарадкаваньне не закране тых помнікаў, якія добра выглядаюць.

Ала Сакалоўская: Помнікі маім продкам і сваякамі зроблены з граніту. Як гэта яны іх заменяць?! Я паставіла помнікі ў пачатку ХХІ ст.: такі мэмарыял, што ніхто нічога зь ім ня зробіць. Там пахаваны і мой дзед, і бабуля. Я і маму туды перавезла. Яшчэ пахавалі маю сястру стрыечную.

Там, дзе многа закінутых магіл, там, мабыць, і будуць нешта рабіць. Як будзе, так будзе... Горш ня будзе.

Што ж будзе зь недагледжанымі магіламі, пашкоджанымі помнікамі? На думку Цімафея Акудовіча, члена грамадзкай арганізацыі “Беларускі камітэт ICOMOS”, падставы для трывогі за іх цэласьць ёсьць. Выклікае хваляваньне пазыцыя Сяргея Тура, кіраўніка ідэалягічнага аддзела спэцкамбіната.

Фрагмент
Фрагмэнт надмагільнага помніка на Кальварыйскіх могілках

Цімафей Акудовіч: Гэта вельмі зацяты чалавек. У яго ідэя фікс менавіта гэткім чынам, як ён цяпер робіць, упарадкаваць могілкі. Ён лічыць, што ўсё робіць правільна. І ён працуе больш, чым мог бы працаваць чыноўнік. Трэба ці яму даказаць, што так нельга, ці спыніць яго афіцыйнымі мерамі.

Як я разумею, ён зьбіраецца на Кальварыю прыйсьці так жа — зьнішчыць па максымуме ўсе надмагільлі, усе дрэвы, каб засталося максымальна голае поле, каб яго найбольш зручна было прыбіраць і чысьціць у будучыні.

Мне здаецца, што любы іншы варыянт, напрыклад, давайце гэта зьнясём, а гэта ня будзем зносіць, яго не здаволіць. Бо гэта будзе азначаць, што ў наступным годзе яго работнікам трэба будзе корпацца рукамі. Бо там ня пройдзе ні экскаватар, ні трымэр, нічога іншага.

Таму адзіны варыянт — гэта спыніць чалавека зьверху, даць загад спыніцца. А тут зноў пытаньне — хто дасьць гэты загад.

Пракуратура Менска, як стала вядома 26 ліпеня, накіравала ў Міністэрства культуры і Менскі гарвыканкам два акты пракурорскага рэагаваньня. Работы па добраўпарадкаваньні Вайсковых могілак павінны быць прыпынены.

Дэкаратыўная
Дэкаратыўная аздоба брамы Кальварыйскіх могілак

Адам Глобус, пісьменьнік і мастак, старшыня менскага гарадзкога таварыства па ахове помнікаў і мэмарыялаў “Кальварыя”, лічыць, што чыноўнікам трэба прааналізаваць зробленыя памылкі і прыслухацца да іншых меркаваньняў.

Адам Глобус: Калі стваралася наша грамадзкая арганізацыя, я склаў плян таго, што трэба зрабіць, каб навесьці парадак на могілках. Бо там квітнее хаос, дылетантызм і ідыятызм. Кожны сам сабе гаспадар. І я лічу, што гэта няправільна.

Але кожны чалавек мае права на мінімальны помнік. Як чалавек мае права на пашпарт, так і на помнік мае права.

Я напісаў праграму, як упарадкаваць могілкі. Дзіўна, што яна ў такой форме цяпер рэалізуецца [на Вайсковых могілках]. Як заўсёды: праект ідэальны, а рэалізацыя — як атрымалася. Як заўсёды.

Я ўвогуле добра стаўлюся да ўпарадкаваньня могілак. Я лічу, што даўно іх трэба было ўпарадкаваць. І я лічу, што трэба стварыць спэцыяльныя войскі пры МНС, якія адказваюць за могілкі, рытуалы пахаваньня і г. д. Бо ў нас шматканфэсійная дзяржава, кожная канфэсія цягне на сябе. І таму ў гэтай справе патрэбна ўмяшаньне дзяржавы. Але на сёньняшні дзень гэта выглядае крыху... Ну як усё. Першая спроба — блін камяком. Але тое, што сама ідэя ўпарадкаваньня правільная, гэта так.

Дарэчы, я супраць такой формы мэмарыяла як «оградки» на могілках. Яны нязручныя. А калі яны завальваюцца — гэта жудасна. Я за тое, каб на могілках быў мінімалізм і ўніфікацыя.

Аднак як навесьці ідэальны парадак на могілках? Ала Сакалоўская прапануе зьвярнуцца да польскага вопыту.

Ала Сакалоўская: А як, напрыклад, у Беластоку? Там парадак зроблены. Там няма ніякіх агародж. Хаця яны і былі. І там яны лёгка прыбіраюць.

Спэцкамбінат і краязнаўцы, мяркуе Цімафей Акудовіч, павінны выпрацаваць агульныя пазыцыі разам зь Міністэрствам культуры.

Цімафей Акудовіч: Ёсьць дзьве крайнія пазыцыі, і ніхто пакуль не спрабаваў знайсьці паміж імі кампраміс. Гэтым хтосьці павінна быць Міністэрства культуры. Але Мінкульт у нас аб’ектыўна слабы і не гатовы ўзяць на сябе гэту адказнасьць.

Ёсьць крайняя пазыцыя ахоўнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія кажуць, што трэба чапаць як найменш усяго, бо помнік на могілках — гэта помнік гісторыі.

Ёсьць пазыцыя спэцкамбіната, дзяржаўнай установы, якая адказная за могілкі ў нас, у Менску. І пазыцыя спэцкамбіната такая, што трэба магілы, якія ня маюць гаспадароў, добраўпарадкаваць цяпер так, каб у будучыні іх было лёгка прыбіраць. Бо цяпер, калі на могілках шмат дрэў і помнікаў розных форм і выгляду, калі на могілках ёсьць агароджы, то іх вельмі складана даглядаць. Трэба ўсё ўручную рабіць, нават з трымэрам [які косіць траву] немагчыма нармальна прайсьці. А на гэта патрэбны рэсурсы, а іх няма і г. д. Гэта такая жыцьцёвая, штодзённая, што называецца, пазыцыя.

Як заўсёды, праўда дзесьці пасярэдзіне. Усё заключаецца ў тым, каб дамовіцца, якія разбураныя надмагільлі сапраўды павінны быць зьнесены [і заменены на падгалоўнікі]. У гэтым няма нічога страшнага.

Але няма стала, за якім можна было б сабрацца і пагаварыць. Вось таму склалася такая тупіковая сытуацыя.

На думку Адама Глобуса, трэба падумаць і пра тое, як засьцерагчы могілкі ад вандалаў. З гэтай мэтай варта папулярызаваць культуру надмагільных помнікаў у мінімалістычным стылі. Адам Глобус расказвае, які помнік паставіў бацьку Вячаславу Адамчыку на Кальварыйскіх могілках.

Фрагмэнт
Фрагмэнт надмагільнага помніка Вячаславу Адамчыку на Кальварыйскіх могілках

Адам Глобус: Я чаму паставіў помнік не вэртыкальны, а камень? Бо вандалы перакульваюць вэртыкальныя надмагільлі.

Пракатваюцца хвалі: то сатаністы, то жлабы мікрараённыя, то яшчэ нехта. То ім габрэі не падабаюцца, то беларускія надпісы, то выбівалі фоткі з рагаткі.

Таму я паклаў камень, бо ляжачы камень ужо не перакуляць.

На могілках павінен быць мінімалізм. І павінна быць ахова могілак.

Ала Сакалоўская мяркуе, што могілкі нельга разглядаць у адрыве ад гісторыі горада і тых зьмен, якія ў ім адбываюцца. Але трэба дбаць як пра захаваньне гістарычнай памяці, так і пра парадак — у прыватнасьці, на Кальварыйскіх могілках.

Ала Сакалоўская: Там ёсьць магілы закінутыя. Стаяць старыя агароджы, прычым не якія-небудзь гістарычныя.

Ну як будзе, так будзе. Усё мяняецца. Гарады мяняюцца, людзі мяняюцца, зьнікаюць... Ну што рабіць? Нічога ня зробіш.

Але парадак, вядома, трэба навесьці. Бо там асабліва пасьля вайны хавалі дзе хто.

І нават каля касьцёла ёсьць магілы праваслаўныя з агароджамі. Абы што...

Ала Сакалоўская падрыхтавала энцыкляпэдыю пра Кальварыйскія могілкі, якая выйдзе ў сааўтарстве з ксяндзом Уладыславам Завальнюком (фінансуе выданьне касьцёл Сьвятых Сымона і Алены, пробашчам якога зьяўляецца а. Завальнюк). У кнізе будзе 800 старонак: з фотаздымкамі, гісторыяй могілак. Ала Сакалоўская мяркуе, што перад тым, як брацца за добраўпарадкаваньне могілак, адказныя асобы павінны вывучыць іх гісторыю.

Віктар Корбут

Фота: Дзьмітрый Ласько

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт