Logo Polskiego Radia
Print

Штучны інтэлект ірвецца ў сьвет людзей

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 17.06.2018 10:30
  • робаты.mp3
У бліжэйшыя гады мільёны робатаў зьявяцца на рынку працы.
Foto: pixabay.com/CC0

Яны ўжо могуць весьці хатнюю гаспадарку, мыць вокны, касіць траву. Больш за тое робаты ўжо пішуць навіны, чытаюць і сьпяваюць ды прыдумваюць кнігі. Што гэта азначае для людзей: больш камфортнае жыцьцё ці неабходнасьць перакваліфікацыі ды вострая канкурэнцыя?

У 2014-м годзе кампутар упершыню здаў тэст Тюрынга, то бок пераканаў людзей, што ён не кампутар, а сапраўдны чалавек. Вядомы матэматык лічыў, што гэта абавязковая ўмова, каб прызнаць машыну падобнай да чалавечага інтэлекту. Доўгі час лічылася, што штучны інтэлект не зможа пераадолець дадзены бар’ер.

Сёлета падобны выніку дасягнуў Асабісты асыстэнт Google. Падчас прэзэнтацыі новай сыстэмы кампанія паказала функцыю Google Duplex, калі электронны асыстэнт звоніць сам па просьбе ўладальніка апарата ў цырульню ды дамаўляецца на стрыжэньне для яе.

Паказанае ІТ-гігантам ускалыхнула сьвет. Многім падалося, што зьдзяйсьняюцца бачаньні фантастаў і робаты падобныя да чалавека. Гаворыць перакладнік ды блёгер, аматар сучасных тэхналёгій Алесь Навіцкі.

Алесь Навіцкі: Прэзэнтацыя найноўшай апэрацыйнай сыстэмы Андроід ды паказ магчымасьцяў гэтага Google Duplex – гэта вядома было Waw. Ніхто раней такога не паказваў. Так што асыстэнты разьвіваюцца, гэта ня проста цацка, якая адказвае на простыя пытаньні. Гэта ўжо нешта глыбейшае. Надзвычай цікавы працэс.

Яшчэ больш цікавяцца гэтымі працэсамі прадпрымальнікі. Робат-працаўнік не патрабуе адпачынкаў, не захварэе, не патрабуе перапынкаў і ніколі не папрасіць падняць заробак. Паведамляецца, што ў бліжэйшыя гады на эўрапейскі рынак працы ўвойдуць ад 2 да 3 мільёнаў робатаў. Яны зьявяцца ў крамах, шпіталях, у фабрыках, у войску ды на дарогах. Ці гэтая робатызацыя дапаможа чалавеку, ці разбурыць «лад нашага жыцьця»?

Гэта памылковае і шкоднае пытаньне кажа інжынэр Яраслаў Панасюк з Лабараторыі прамысловай робататэхнікі Вайсковай тэхнічнай акадэміі.

Яраслаў Панасюк: Гэта шкодна, таму што мы павінны чакаць ад штучнага інтэлекту, што ён нам дапаможа, павысіць нашыя магчымасьці, што ён нам падтрымае ў тых абшарах, дзе чалавек слабейшы, а не тое, што яна апране шаты чалавека і будзе як жывёла ў цырку.

Разьвіцьцё штучнага інтэлекту ідзе не ў бок стварэньня робатаў-андроідаў, а ў бок аптымалізацыі праграмаваньня, каб паўтаральныя функцыі выконвалі замест людзей машыны, кажа мэнэджэр з фірмы Sage-Poland Пётр Ціскі.

Пётр Ціскі: Сёньня дамінуе бачаньне робатаў, як з фільмаў пра Тэрмінатара. З такім падыходам трэба скончыць. Напрыклад, у ЗША адна з фірм хацела паставіць робата на абслугоўваньне кліентаў. Гэта не ўдалося, у першую чаргу таму, што людзі на гэта негатовыя. Яны ня ведаюць, як камунікаваць з робатам. Скажам у рэстаране мы б хацелі, каб нас абслугоўваў чалавек, хоць гэта простае заданьне. Сёньня разьвіцьцё робататэхнікі разьвіваецца ў першую чаргу ў праграмаваньні. Паўтаральная нудная офісная праца – яе аддаюць робатам, толькі яны не выглядаюць як людзі, а гэта праграмы.

Небясьпека робатаў пакуль больш уяўная, гэта так здаецца людзям, фактаў пакуль такіх няма, кажа Алесь Навічкі.

Алесь Навіцкі: Тут няма ніякай рэвалюцыі, штучны інтэлект – гэта ня новая ідэя, проста цяпер на яе кінуліся гіганты ІТ-індустрыі ды вядуць вайну за гаманцы людзей. Пагрозы я ў ёй ня бачу пакуль, тут больш працуе фантазія людзей, падсычаная навуковай фантастыкай, ці проста фантастыкай.

Аўтаматызацыя, штучны інтэлект на стала загасьцілі ў сьвеце людзей. З аднаго боку, гэта спрашчае чалавечае жыцьцё ды робіць яго больш камфортным, зь іншага будзе змушаць да больш частай перакваліфікацыі. Гучаць галасы засьцярогі, што робаты могуць пагражаць людзей. Аднак фактаў, якія б гэта пацьвярджалі, пакуль бракуе.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт