Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч пацьвердзіў гамафобную заяву свайго ведамства.
У Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй над амбасадай Вялікабрытаніі ў Менску залунаў вясёлкавы сьцяг, які ўжо на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў сымбалізуе ЛГБТ-супольнасьць і іх барацьбу за грамадзкія правы.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на афіцыйным сайце пракамэнтавала гэтую падзею. Як сьцьвярджаюць праваабаронцы і ЛГБТ-актывісты ананімная заява МУС была напісаная моваю варожасьці і нянавісьці, у прыватнасьці, у ёй былі выкарыстаныя адкрыта гамафобныя фармулёўкі, а аднаполыя стасункі назваліся «падробкаю».
У баку ад гэтай справы не застаўся і сам міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч. У эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня чыноўнік пацьвердзіў заяву, апублікаваную на афіцыйным сайце МУС, а таксама ўзмацніў яе сваім камэнтаром, назваўшы аднаполыя адносіны «дэструктыўнай асаблівасьцю і ідэалёгіяй». Падобным праявам ня месца ў беларускім грамадзтве, перакананы Шуневіч.
Чалец Беларускага Хэльсінскага Камітэту, праваабаронца Натальля Манькоўская лічыць, што дадзеныя заявы дзяржаўных органаў зьвязаныя з міжнароднай увагай, якая надаецца праблемам ЛГБТ-супольнасьці ў Беларусі. Працягвае Натальля Манькоўская.
Натальля Манькоўская: Сапраўды, гэта дзіўна, бо амбасада Вялікабрытаніі ня ў першы раз вывешвае вясёлкавы сьцяг. Некалькі гадоў гэтага не адбывалася, але ў гэтым годзе традыцыя працягнулася. Дадзеную заяву МУС магу зьвязаць толькі з тым, што апошнім часам узрасла колькасьць крытыкі ў дачыненьні да Беларусі з боку міжнародных структур.
У міжнародных дакумэнтах павялічылася колькасьць узгадак пра злачынствы ў дачыненьні да ЛГБТ у Беларусі. (...)
На міжнародных пляцоўках Беларусі ўсё часьцей сталі задаваць пытаньні пра ЛГБТ-меншасьць і выкананьне іх правоў. Магчыма вывешваньне вясёлкавага сьцяга стала трыгэрам рэакцыі дзяржаўных органаў на гэтую праблему.
Прадстаўнік Руху ЛГБТ-хрысціянаў у Беларусі Валянцін Цішко, перакананы, што беларуская дзяржава займае глыбока гамафобную пазыцыю, а праваахоўныя органы часьцяком сабатуюць сьледчыя дзеяньні накіраваныя на абарону правоў геяў. Гаворыць Валянцін Цішко.
Валянцін Цішко: На вялікі жаль мы жывем у такой краіне, прэзыдэнт якой дазваляе сабе заявы кшталту, «калі жанчына з жанчынай, я гэта магу зразумець, а калі мужчына з мужчынам - гэта ўжо не зусім». (...)
Большасьць з тых хто пацярпеў ад нянавісьці на глебе сваёй арыентацыі, нават не зьвяртаецца ў праваахоўныя органы. Асабіста я некалькі разоў зьвяртаўся да іх з афіцыйнымі заявамі, бо мне прыходзілі пагрозы праз сацыяльныя сеткі. Нашая міліцыя адказвала, што немагчыма ўстанавіць, хто дасылае гэтыя паведамленьні. Гэта ж абсурд!
На сёньня ЛГБТ-супольнасьць Беларусі нямае ніякай магчымасьці абараняць свае правы.
У сваю чаргу гендэрная дасьледчыца Ірына Саламаціна сьцьвярджае, што ўспрыняцьцё беларускім грамадзтвам ЛГБТ-супольнасьці паволі зьмяняецца ў лепшы бок. Даследчыцца нагадвае, што пакуль ніякія грамадзка-палітычныя інстытуцыі, якія б займаліся абаронай правоў геяў і лесьбіянак у Беларусі не зьявіліся. Аднак, пазытыўныя зрухі ў гэтым накірунку ўжо пачаліся, сьцьвярджае Ірына Саламаціна.
Неабыякавыя грамадзяне імкліва адрэагавалі на заяву Міністэрства унутраных спраў. На сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя супраць гамафобнай заявы ведамства. Аўтары пэтыцыі заклікаюць спыніць варожае стаўленьне да ЛГБТ з боку МУС, а таксама прыбраць скандальную заяву з афіцыйнага сайту ведамства.
Агулам пад пэтыцыяй свой подпіс паставілі звыш 1,5 тысячы чалавек.
Эдуард Жолуд
поўную вэрсію матэрыялу слухайце ў далучаным зьверху гукавых файлу