Усяго паўгоду засталося да галоўнага сьвята Польшчы — 11 Лістапада, стагодзьдзя аднаўленьня незалежнасьці. І чым бліжэй дата, тым больш асьветных акцый праводзіцца ў розных кутках краіны. Польшча можа быць цудоўным узорам, як трэба выхоўваць патрыятызм.
Музэі сьпяшаюцца падзяліцца з гледачамі сваімі калекцыямі, а звычайныя людзі арганізоўваюць незвычайныя маршруты па Польшчы і па сьвеце, каб напомніць пра подзьвіг продкаў, якія вярнулі краіне свабоду.
Варшава, пляц Маршалка Юзафа Пілсудскага. Ганаровая варта на Магіле невядомага салдата
Лідар па арганізацыі памятных мерапрыемстваў — Інстытут нацыянальнай памяці. У гэтыя дні ў 120 мясцовасьцях Польшчы праходзіць памятная акцыя Biało-czerwony szlak — Moja Niepodległa (“Бела-чырвоны шлях — Мая Незалежная”).
У гарадах і мястэчках адкрыліся выстаўкі пад назвай “Айцы Незалежнасьці”, на якіх людзі могуць успомніць пра ўклад Юзафа Пілсудскага, Рамана Дмоўскага, Ігнацы Падарэўскага, Ігнацы Дашыньскага, Вінцэнты Вітаса, Войцеха Карфанты ў аднаўленьне дзяржаўнасьці.
Яраслаў Шарак, старшыня Інстытуту нацыянальнай памяці: Важна данесьці гістарычныя веды ня толькі да жыхароў вялікіх гарадоў, але і ў глыбінку. Гісторыя Польшчы адбывалася таксама там. Ня толькі ў Кракаве, Варшаве. Кожнае з гэтых мястэчак мае сваю гісторыю. У тым ліку і іх намаганьнямі была адноўлена незалежнасьць.
Адна з выставак ІНП адкрылася ў Пётркуве Трыбунальскім. Тут у 1915 годзе пад кіраўніцтвам Уладыслава Сікорскага фарміравалася ІІІ брыгада Легіёнаў, што змагаліся за незалежнасьць Польшчы. Жыхары, якія прыйшлі на выстаўку, аглядалі яе зь вялікай цікавасцью.
Жыхарка Пётркува Трыбунальскага: Вельмі прыгожая выстаўка! Вельмі патрыятычная! Вельмі патрэбная — для маладых людзей, для вучняў у школах.
Сярод наведвальнікаў былі і тыя, хто пра выстаўку даведаўся выпадкова.
Жыхарка Пётркува Трыбунальскага: Вельмі добрая выстаўка! Вельмі разумна зроблена. Але вельмі кепска папулярызавана. Калі б не мае знаёмыя з групы рэканструктараў гісторыі, не даведалася б пра яе.
Акцыя “Бела-чырвоны шлях — Мая Незалежная” разьлічана на пэрспэктыву. У верасьні наступнага году вучні польскіх школ атрымаюць пэн-драйвы з матэрыяламі пра гісторыю аднаўленьня дзяржаўнасьці Польшчы.
З гэтымі і іншымі мерапрыемствамі ІНП можна пазнаёміцца на партале www.mojaniepodlegla.pl.
Варшава, Лазенкаўскі парк. Аўтамабіль Юзафа Пілсудскага
Нацыянальны музэй у Кракаве запрашае на 1918 бясплатных лекцый і музэйных прагулак. Наведвальнікі змогуць паслухаць даклады на 90 тэм па гісторыі Польшчы. Гэтыя лекцыі можна наведваць да канца году. Але трэба загадзя запісвацца.
Данута Махэта, супрацоўніца адукацыйнага аддзелу Нацыянальнага музэю ў Кракаве: Стандартная лекцыя для дарослых будзе працягвацца паўтары гадзіны. Малодшых удзельнікаў, зь дзіцячых садоў запрашаем на 60 хвілін.
У Аполі дзеці паказалі свае здольнасьці па адлюстраваньні патрыятызму ў творах мастацтва. Творы прыбылі на конкурс з 300 школ. Такі конкурс стымулюе фарміраваньне нацыянальнай сьвядомасьці ў маладых палякаў.
Віялета Пароўска, ваявода Апольскага ваяводзтва: Калі дзеці мусілі падрыхтаваць працы пра Польшчу, то мусілі даведацца нешта пра гэту Польшчу. Мусілі даведацца ад сваіх бацькоў, настаўнікаў, запытаць у таты, чаму я павінен ганарыцца тым, што я паляк. І тады тата патлумачыць: таму і таму. Гэта цудоўная справа! Я рада, што ёсьць такія конкурсы.
Варшава. Прэзыдэнцкі палац
Стагодзьдзе незалежнасьці натхняе на напісаньне і публікацыю гістарычных кніг многіх аўтараў і выдавецтвы ў Польшчы. Напрыклад, нядаўна зьявілася кніга Sportowcy dla Niepodległej (“Спартсмэны для Незалежнай”), выдадзеная Інстытутам Лукасевіча пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму. У выданьні зьмешчаны расказы пра выдатных спартсмэнаў даваеннай Польшчы. Але ня толькі пра іх высокія паказчыкі на спаборніцтвах.
Аляксандра Вуйцік, сааўтар кнігі Sportowcy dla Niepodległej: Сярод герояў кнігі — людзі, якія падчас Другой сусьветнай вайны дапамагалі ратаваць вязьняў канцлягераў. Такія асобы, як Эўгэніюш Лякайскі, які ўдзельнічаў у Варшаўскім паўстаньні 1944 году. Ён таксама адзначыўся ў гісторыі, як фатограф-дакумэнталіст. Захавалася больш за тысячу зробленых ім здымкаў, якія паказваюць жыцьцё Варшавы ў самыя цяжкія імгненьні гісторыі гэтага гораду.
А мы перанясёмся зь мінулага ў будучыню. Цяпер на хвалях Балтыйскага мора плыве карабель Dar Młodzieży. Ён адправіўся ў кругасьветны “Рэйс Незалежнасьці”, што паўтарае аналягічны шлях, які прайшло ў 1934 годзе судна Dar Pomorza. У дарогу сучасны фрэгат праводзіў прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі. Судна накіравалася з Гдыні ў Талін. За 10 месяцаў падарожжа карабель спыніцца ў 22 портах на пяці мацерыках.
Ірэнэуш Левандоўскі, капітан карабля Dar Młodzieży: Карабель будзе спыняцца ў розных портах. Мы ведаем, што прадстаўнікі польскай дыяспары прыйдуць нас сустракаць. Сярод іх будзе многа тых, хто даўно не бываў на бацькаўшчыне. І для іх наша судна будзе як кавалак польскай зямлі.
На борце карабля “Dar Młodzieży” знаходзіцца 1000 маракоў. У Гдыню судна вернецца толькі ў сакавіку 2019 году. Мы ж вернемся на сушу і завітаем у крамы. Тут неўзабаве можна будзе атрымаць рэшту новай манэтай наміналам 5 злотых. На манэце зьмешчаны надпіс 100-lecie Odzyskania Przez Polskę Niepodległości (“Стагодзьдзе аднаўленьне незалежнасьці Польшчы”).
Барбара Ярошак, дырэктар эмісійна-валютнага дэпартамэнту Нацыянальнага банку Польшчы: Манэты наміналам 5 злотых вельмі трывалыя. І нямногія зь іх па прычыне зношанасьці вымаюцца з абароту. Мяркую, што новая манэта магла б абарачацца на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. Потым хтосьці перадасьць адну манэту ўнуку, другую пакіне ў шуфлядзе. І празь некалькі гадоў гэта будзе добрым успамінам.
Манэта выдадзена тыражом 38 мільёнаў 420 тысяч штук — столькі людзей цяпер жыве ў Польшчы. А такія манэты на вякі застаюцца ў прыватных калекцыях і музэях. Такім чынам памяць пра стагодзьдзе незалежнасьці Польшчы застанецца жыць ня толькі сярод нашага, але і ў наступных пакаленьнях.
Віктар Корбут
Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл