Чарнагорыю ўзялі пад кантроль бандыты
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
10.05.2018 16:57
Жыхары краіны баяцца, што мафіёзныя войны адпужаюць турыстаў, якія масава прыяжджаюць у Чарнагорыю на адпачынак.
Падгорыцаcommons.wikimedia.org/CC BY 3.0,
Сотні журналістаў і актывістаў пратэставалі ўчора каля будынку ўраду ў сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы супраць бязьдзейнасьці ўлады ў справе бандыцкіх нападаў на грамадзян. Днём раней каля пад'езду свайго дому бандыты зьдзейсьнілі стрэлы ў Оліверу Лякіч, якая займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі. Журналістка расьсьледуе сувязі арганізаванай злачыннасьці зь бізнэсам. Апошнім часам яна пісала пра не зусім легальныя інтарэсы дзяржаўнага цыгарэтнага заводу і прыватнай тытунёвай фірмы, паведамляе Gazeta Wyborcza.
Чарнагорыя з насельніцтвам у 600 тысяч чалавек з часу югаслаўскай вайны стала цэнтрам кантрабанды наркотыкаў (пераважна з Італіі). У вялікіх маштабах доўгі час займаўся гэтым прэм’ер-міністар Чарнагорыі, а потым прэзыдэнт Міла Джуканавіч, які такім чынам спрабаваў утрымаць эканоміку невялікай рэспублікі, якая як частка былой Югаславіі была ахоплена міжнароднымі санкцыямі.
Цяпер найбольш крымінагенная сытуацыя назіраецца ў турыстычным горадзе Котар, дзе з 2013 году загінула ў мафіёзных разборках 30 чалавек. Уладам ніяк не ўдаецца ліквідаваць дзьве канкуруючыя котарскія банды, якія перакідаюць наркотыкі з Лацінскай Амэрыкі ў Эўропу.
Жыхары баяцца, што мафіёзныя войны адпужаюць турыстаў. Нагадаем, турыстычная галіна зьяўляецца адной з асноўных крыніц эканомікі Чарнагорыі.
яс