Logo Polskiego Radia
Print

«Варшаўскі мост». Тадэвуш Касьцюшка (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 10.05.2018 14:02
  • Т. Касьцюшка. Ч. 1.mp3
  • Касьцюшка 2.mp3
Нацыянальны герой Польшчы родам зь Беларусі.
Варшава. 2017 г. Пляц Варшаўскага Паўстаньня. Часовы помнік Т. Касьцюшку ля будынку Нацыянальнага банку Польшчы ў сувязі з Годам Касьцюшкі. Фота Віктара Корбута.Варшава. 2017 г. Пляц Варшаўскага Паўстаньня. Часовы помнік Т. Касьцюшку ля будынку Нацыянальнага банку Польшчы ў сувязі з Годам Касьцюшкі. Фота Віктара Корбута.Віктар Корбут/radyjo.net

3-га траўня Польшча адзначае Дзень Канстытуцыі. Першы Асноўны закон краіны быў зацьверджаны яшчэ ў 1791 годзе. Гэта была «Ўрадавая ўстава» (Ustawa Rządowa), якая нейкі час дзейнічала на тэрыторыі ня толькі Польшчы, але і на беларускіх, літоўскіх, украінскіх землях. Устава была спробай навесьці парадак у дзяржаве нашых продкаў — Рэчы Паспалітай. Аднак неўзабаве краіна была падзелена паміж Расеяй, Аўстрыяй і Прусіяй. Апошнюю спробу ўратаваць дзяржаву зрабіў ураджэнец Беларусі, які заслужана стаў нацыянальным героем Польшчы — Тадэвуш Касьцюшка.

Мерачоўшчына.
Мерачоўшчына. Фота Дзьмітрыя Ласько

Лічыцца, што Касьцюшка нарадзіўся ў 1746 годзе ў Мерачоўшчыне — маёнтку каля Косава, у сучасным Івацэвіцкім раёне Беларусі.

Хаця, напрыклад, Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich (том VI) канца ХІХ стагодзьдзя сьцьвярджаў, што «Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся дакладна не ў Мерачоўшчыне, а ў Сяхновічах». Аднак мы будзем карыстацца той вэрсіяй, якая цяпер лічыцца агульнапрынятай.

У 1765 годзе Касьцюшка прыяжджае ў Варшаву — сталіцу Рэчы Паспалітай і паступае ў Рыцарскую школу, заснаваную па ініцыятыве свайго земляка — караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Школа знаходзілася ў Казімераўскім палацы, што цяпер належыць Варшаўскаму ўнівэрсытэту.

У школе Тадэвуш вывучаў мовы — польскую, лацінскую, французскую, нямецкую, эканоміку, права, а найбольшых посьпехаў дасягнуў у геамэтрыі. (Школа, дарэчы, была закрыта ў 1794 годзе, пасьля задушэньня паўстаньня пад кіраўніцтвам Касьцюшкі.)

Працягваў наш зямляк вучобу ў Ваеннай акадэміі ў Парыжы. У гэты час у Францыі насьпявала рэвалюцыйная сытуацыя… Ідэі свабоды, роўнасьці і братэрства глыбока запалі ў душу Касьцюшкі.

Вярнуўся на радзіму Касьцюшка ў 1775 годзе. К гэтаму часу адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай. Войска дзяржавы было скарочана да дзесяці тысяч чалавек. Не знайшоў Тадэвуш працы ў арміі. Ня склалася асабістае жыцьцё…

Таму неўзабаве наш зямляк адправіўся праз Дрэздэн і Парыж у Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі. Ужо ў 1776 годзе ён распрацоўвае плян фартыфікацый Філядэльфіі, потым — над ракой Гудзон. Сам Джордж Вашынгон адзначаў здольнасьці нашага суайчыньніка.

Варшава.
Варшава. Каралеўскі замак. Памятная дошка Канстытуцыі 3 траўня. Фота Віктара Корбута.

Касьцюшка прычыніўся да змаганьня амэрыканцаў за сваю незалежнасьць ад Англіі. Гэты вопыт прыдаўся яму потым на Бацькаўшчыне.

Атрымаўшы ў Амэрыцы званьне генэрала брыгады тамтэйшай арміі, зямельны надзел і грошы, Касьцюшка, тым ня менш, вярнуўся ў 1783 годзе дамоў — у радавы маёнтак Сяхновічы. Тут ён меў невялікі даход. А таксама вызваліў прыгонных жанчын ад паншчыны, а мужчынам скараціў тэрмін адпрацоўкі павіннасьцей да двух дзён у тыдзень.

Тым часам Сэйм Рэчы Паспалітай ухваліў рад рэформ. Была ўведзена ў дзеяньне Канстытуцыя 3 Траўня.

Абвяшчалася аб павелічэньні войска дзяржавы да ста тысяч салдат. Касьцюшка ўбачыў шанс вярнуцца пра прафэсійнага занятку. У 1789 годзе ён атрымаў ад караля званьне генэрала-маёра войск Польскага Каралеўства.

Аднак частка магнатэрыі Рэчы Паспалітай выступіла супраць рэформ. Праціўнікі мадэрнізацыі дзяржавы згуртаваліся ў Таргавіцкую канфэдэрацыю, якую падтрымала расейская імпэратрыцы Кацярына Другая. У 1792 годзе расейскія войскі ўварваліся на тэрыторыю краіны. Выбухнула вайна.

Кіраўніцтва войска Вялікага Княства Літоўскага перайшло на бок расейцаў. Армія Польскага Каралеўства складалася ўсяго з 17 тысяч салдат. Войскам, што складалася з трох дывізій, кіраваў князь Юзаф Панятоўскі. Кіраўніком адной з дывізій быў прызначаны Тадэвуш Касьцюшка.

Партрэт
Партрэт караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага работы мастака Пэра Крафта. 1767 г. З экспазыцыі Нацыянальнага музэю ў Варшаве. Фота Віктара Корбута.

Так пачалася служба нашага земляка па абароне незалежнасьці Бацькаўшчыны. Ён быў адным зь першых адзначаны заснаваным у 1792 годзе ордэнам Virtuti Militari, назва якога ў перакладзе з лацінскай мовы значыць: адзнака вайсковай мужнасьці. Ордэн быў заснаваны каралём Станіславам Аўгустам для адзначэньня герояў расейска-польскай вайны.

Аднак стрымаць захопнікаў не ўдалося. А неўзабаве сам кароль Станіслаў Аўгуст далучыўся да Таргавіцкай канфэдэрацыі.

Тадэвуш Касьцюшка, як і многія дзяржаўныя дзеячы, быў вымушаны эмігрыраваць — спачатку ў Дрэздэн, затым у Парыж. Яшчэ раней Францыя надала яму грамадзянства.

У 1793 годзе была адменена Канстытуцыя 3-га Траўня. Адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, які ўхваліў Сэйм у Горадні. У выніку вялікія абшары сучаснай Беларусі зь Менскам увайшлі ў склад Расеі.

Касьцюшка тым часам рыхтаваў плян паўстаньня за вызваленьне ад іншаземнай улады. Гэта было складана. Частка войск Рэчы Паспалітай апынулася на далучанай да Расеі тэрыторыі і была расфарміравана. Расейцы выкрылі арганізацыю, якая дзейнічала ў Варшаве і ставіла на мэце вызваленьне краіны.

Фактычна рэшткі дзяржавы нашых продкаў ужо на той час знаходзіліся пад расейскай акупацыяй.

Варшава.
Варшава. Каралеўскі замак, дзе захоўваецца сэрца Т. Касьцюшкі. Фота Віктара Корбута.

У сакавіку 1794 году Касьцюшка прыбывае з Дрэздэна ў Кракаў. Тут, на Рынку, ён абвяшчае аб пачатку паўстаньня і ўрачыста прымае прысягу на вернасьць польскаму народу:

„Ja, Tadeusz Kościuszko, przysięgam w obliczu Boga całemu Narodowi Polskiemu, iż powierzonej mi władzy na niczyj prywatny ucisk nie użyję, lecz jedynie jej dla obrony całości granic, odzyskania samowładności Narodu i ugruntowania powszechnej wolności używać będę. Tak mi Panie Boże dopomóż i niewinna męka Syna Jego”.

У складаных умовах Касьцюшка спрабуе рэфармаваць польскую армію. Так, яму прыпісваецца стварэньне пяхоты зь сялян, узброеных косамі, якія сталі вядомы як касінеры. Іх лёзунг „Żywią y bronią” — «Харчам і зброяй» — стаў адным з сымбаляў польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Лёзунг азначаў, што ў мірны час сяляне працуюць на ральлі і забясьпечваюць краіну харчам, а падчас вайны становяцца на яе абарону.

Разам з далучэньнем да паўстаньня сялян падкрэсьлівалася, што будучая незалежная дзяржава будзе бацькаўшчынай ня толькі «шляхецкага народу», але ўсіх насельнікаў краіны.

Аднак паўстанцы ня мелі сіл, каб перамагчы.

Варшава.
Варшава. Помнік Т. Касьцюшку. Фота Віктара Корбута.

10 кастрычніка 1794 году ў бітве пад горадам Мацеявіцы, на поўдні ад Варшавы, Тадэвуш Касьцюшка быў паранены і ўзяты ў палон расейскімі войскамі. Да 1796 году ён знаходзіўся ў зьняволеньні ў Петрапаўлаўскай крэпасьці Санкт-Пецярбургу.

К таму часу перастала існаваць Рэч Паспалітая. Памерла яе зьнішчальніца Кацярына Другая. А яе сын Павел Першы вызваліў Касьцюшку, узяўшы зь яго слова, што той ніколі больш ня выступіць супраць Расеі і ніколі ня вернецца ў Польшчу.

Касьцюшка стрымаў сваё слова.

Рэшта яго жыцьця прайшла на чужыне.

Разам з Касьцюшкам быў вызвалены зь Петрапаўлаўскай крэпасьці Юльян Урсын Нямцэвіч, ад’ютант і сакратар кіраўніка паўстаньня і таксама наш суайчыньнік — ураджэнец Скокаў, што пад Берасьцем.

Касьцюшка і Нямцэвіч выехалі ў ЗША. Потым іх дарогі разышліся.

Нямцэвіч на пачатку ХІХ стагодзьдзя вярнуўся ў Варшаву. Займаў тут высокія пасады да 1831 году, калі зноў быў вымушаны эмігрыраваць.

А Касьцюшка ўжо ў 1797 годзе пераехаў з-за акіяну ў Эўропу. Тут ён жыў спачатку ў Парыжы, а потым у Швайцарыі — у горадзе Залятурне. Там і памёр у 1817 годзе.

Летась беларусы Швайцарыі ўстанавілі ў Залятурне помнік свайму земляку.

Варшава.
Варшава. 25 сакавіка 2018 г. Мітынг у гонар 100-годзьдзя БНР ля помніка Т. Касьцюшку. Фота Віктара Корбута.

Касьцюшка не паверыў Напалеону, калі той абяцаў аднавіць Польшчу. Хаця сам Банапарт называў нашага суайчыньніка «героем поўначы». Не паехаў Тадэвуш і на перагаворы да расейскага імпэратара Аляксандра Першага ў Вену ў 1815 годзе, калі той, у сваю чаргу, праектаваў будучыню Польшчы. Касьцюшка назваў вартай «сьмеху» абрэзаную Расеяй Польшчу — без Вялікага Княства Літоўскага.

Тадэвуш Касьцюшка нарадзіўся на тэрыторыі, якая сёньня ўваходзіць у склад Рэспублікі Беларусь, а ў часы славутага гістарычнага дзеяча зьяўлялася часткай Вялікага Княства Літоўскага. Ён называў сябе litwinem — літоўцам: паводле месца нараджэньня. Але лічыцца нацыянальным героем Польшчы і Злучаных Штатаў Амэрыкі. Чым жа яго асоба і спадчына блізкія беларусам, а чым палякам?

У Касьцюшкавы часы яшчэ не было дзяржавы Беларусь. Тадэвуш усьведамляў, што належыць да народу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў — польскага і літоўскага. Польскі народ жыў у Кароне Польскай. Літоўскі — у Вялікім Княстве Літоўскім. Аднак сяляне, на якой бы мове яны ні гаварылі — польскай, літоўскай або беларускай — часткай тагачаснага «народу» не лічыліся.

Касьцюшка ў перапісцы зь дзяржаўным і культурным дзеячам Рэчы Паспалітай Хуга Калантаем выказваўся так пра сваіх землякоў — сялян:

«Прывучыць іх трэба да польскай мовы... З часам польскі дух у іх ўвойдзе. Ворагам лічыць будуць потым таго, хто не будзе гаварыць на нацыянальнай мове».

Такім чынам, усё ішло да зьліцьця розных культур Рэчы Паспалітай у адну — польскую.

Беларуская
Беларуская паштовая марка ў гонар Т. Касьцюшкі. 1994 г. Са збору Віктара Корбута.

А між тым продкі Касьцюшкі — праваслаўныя русіны… Ён ураджэнец беларуска-ўкраінскага моўнагапамежжа.

Радавое гняздо Касьцюшак — вёска Малыя Сяхновічы Жабінкаўскага раёну. Гэты маёнтак належаў яшчэ Канстанціну Фёдаравічу па мянушцы «Касьцюшка». Атрымаў уладаньне продак Тадэвуша яшчэ ў сярэдзіне XV стагоддзьдзя ад караля польскага і вялікага князя літоўскага Казімера Ягелончыка.

Дарэчы, жонкаю Канстанціна, пачынальніка роду Касьцюшкаў, была Ганна Гальшанская — стрыечная сястра Зоф’і Гальшанскай, жонкі Ягайлы. А гэта значыць, у жылах нашчадкаў Ягайлы і Тадэвуша Касьцюшкі цякла адна кроў.

Адно зь першых ушанаваньняў памяці Тадэвуша Касьцюшкі ў Беларусі адбылося ў Менску — яшчэ 7 сакавіка 1818 году, на наступны год пасьля сьмерці героя. У гэты дзень у менскім катэдральным касьцёле прайшло жалобнае набажэнства за душу Касьцюшкі („obchody żałobnego nabożeństwa za duszę ś. p. Tadeusza Kościuszki”). Цырымонія пачалася а 10-й гадзіне раніцы. На набажэнства заклікалі званы, „kościół Katedralny napełnił się liczném zgromadzeniem”: „Środek swiątyni zaymował pomnik zastępujący miéysce katafalku”. На катафалку быў устаноўлены бюст Тадэвуша Касьцюшкі. Жалобная імша пачалася а 10.30. Яе цэлебраваў адміністратар Менскай дыяцэзіі, менскі пралат Позьняк. Пасьля набажэнства з прамовамі выступалі маршалак шляхты Менскай губэрні Міхал Зэновіч, былы маршалак шляхты Ігуменскага павету камандор Леан Оштарп, старшыня Слуцкага земскага суда Адам Гарабурда. Цырымонія завяршылася а 14-й гадзіне.

15 сакавіка 1818 года мула менскіх татар Якуб Здановіч арганізаваў такую ж урачыстасьць у мячэці — „obchód pogrzebowy, poświęcony pamiątce Tadeusza Kościuszki”. Сярод удзельнікаў цырымоніі былі афіцэры, вэтэраны паўстаньня 1794 году, паміж іншых, Юзаф і Эліяш Мурзы-Юшынскія, які ваявалі „pod znakami Kościuszki 1794 roku”. Мула выступіў з прамовай на польскай мове „o zeszłym ś. p. Tadeuszu Kościuszce Naczelniku woysk polskich”, дзе былі такія словы: „Szczęśliwy ten Bohater i pełen jest zasług, bo rzadko komu Bóg taką nagrodę w miłości rodaków, w ich sercach i pamięci wiernéy na zawszé zagruntować".

Вокладка
Вокладка зборніка з апісаньнем жалобных набажэнстваў за душу сьв. пам. Т. Касьцюшкі, што адбываліся ў Менску ў 1818 г. (Вільня, 1818). Са збору Віктара Корбута/radyjo.net

raczył”.

15 кастрычніка 1917 году на менскім пляцы Волі адзначаліся ўгодкі сьмерці Тадэвуша Касьцюшкі з удзелам польскіх вайскоўцаў — генэрала Юзафа Доўбар-Мусьніцкага, палкоўніка Балеслава Масьціцкага.

У 1994 годзе беларуская пошта выпусціла марку, прысьвечаную Тадэвушу Касьцюшку і канвэрт у гонар двухсотгодзьдзя «Вызвольнага паўстання 1794 года» (мастак Мікола Купава). Што цікава, і на марцы, і на канвэрце паўстанцы адлюстраваны пад… бела-чырвона-белым сьцягам. Хаця гэты сьцяг вядомы толькі з 1917 году.

Беларускі
Беларускі паштовы канверт у гонар паўстаньня 1794 г. 1994 г. Са збору Віктара Корбута.

На афіцыйным узроўні ў сучаснай Беларусі Касьцюшка, аднак, не прызнаецца нацыянальным героем. Няма ў Менску вуліцы Тадэвуша Касьцюшкі, хаця яго імем названа вуліца ў былой сталіцы імпэрыі, супраць якой змагаўся наш зямляк, — у Санкт-Пецярбургу.

Зрэшты, ёсць вуліцы Касьцюшкі ў розных гарадах на захадзе Беларусі: у Горадні, Пінску, Берасьці, Баранавічах, Жабінцы, Косаве, Пружане, Смургонях. Значная частка гэтых назваў — спадчына 1920-1930-х гадоў, калі названыя гарады ўваходзілі ў склад Рэспублікі Польшча.

2017 год у Польшчы рашэньнем Сэнату і Сэйму краіны быў абвешчаны Годам Касьцюшкі. На жаль, у Беларусі адпаведнай пастановы не прыняў ніводзін орган дзяржаўнага кіраваньня.

Тым ня менш, Касьцюшку многія ў Беларусі лічаць нацыянальным героем. Чаму? Перш за ўсё, гэта вялікі зямляк, які змагаўся за свабоду роднага краю. Ён бараніў сваю зямлю ад ворагаў — расейскіх і прускіх акупантаў. Менавіта патрыятызм цэніцца ў асобе Касьцюшкі рознымі народамі, якія пазьней узьніклі на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай.

Варшава.
Варшава. Вул. Выбжэжа Касьцюшкоўске. Фота Віктара Корбута.

У Беларусі існуюць тры помнікі Касьцюшку. У кожнага зь іх цікавая гісторыя ўзьнікненьня.

Самы стары помнік быў устаноўлены яшчэ ў 1930-я гады ў Кобрыні, на пастамэнце былога манумэнту ў гонар вайны 1812 году. У 1951 годзе бюст Касьцюшкі зьнялі і перадалі ў Берасьцейскі абласны краязнаўчы музэй. У 1988 годзе гэты помнік быў устаноўлены ў радавым гнязьдзе вялікага палкаводца — у вёсцы Малыя Сяхновічы.

Другі помнік Касьцюшку стаіць у Менску. Але не на адной з цэнтральных плошчаў, а на тэрыторыі пасольства ЗША. Тут яго, на жаль, мала хто бачыць.

3 траўня 2018 году ў Мерачоўшчыне, дзе, як лічыцца, нарадзіўся Касьцюшка, быў усталяваны трэці помнік палкаводцу, а 12 траўня адбудзецца яго афіцыйнае адкрыцьцё. Тут, каля гораду Косава, у Івацэвіцкім раёне, знаходзіцца драўляны дом з музэем Касьцюшкі. Помнік створаны на грошы, сабраныя летась жыхарамі Беларусі. А музэй знаходзіцца ў адноўленым шляхецкім доме XVIII стагодзьдзя. Двор у Мерачоўшчыне спалілі ў 1942 годзе савецкія партызаны. І толькі ў 2004 годзе ён быў рэканструяваны на сродкі Злучаных Штатаў Амэрыкі і Берасьцейскай вобласьці.

Такім чынам, можна сказаць, што ў Беларусі шануюць памяць Тадэвуша Касьцюшкі, але не на нацыянальным, а на мясцовым узроўні.

Мабыць, сапраўднае прызнаньне Касьцюшкі на яго гістарычнай бацькаўшчыне — яшчэ наперадзе.

Сёньня імем Касьцюшкі названы многія мясьціны ў ЗША: графства і горад, востраў на Алясцы, мост у Нью-Ёрку, паркі ў Чыкага і Мілуокі. У Аўстраліі імя ўраджэнца Беларусі носяць нацыянальны парк і самая высокая гара.

Помнікі Касьцюшку стаяць у Вашынгтоне, Дэтройце, Бостане, Вэст-Пойнце, у розных мясьцінах іншых краін сьвету. І, натуральна, у Польшчы.

У 1823 годзе ў Кракаве насыпалі Курган Касьцюшкі. Тут жа, у старажытнай сталіцы Польшчы, адкуль пачалося паўстаньне 1794 году, Касьцюшка пахаваны — на Вавэлі, у крыпце Сьвятога Леанарда, узьведзенай у ХІІ стагодзьдзі. Побач знаходзіцца саркафаг паплечніка кіраўніка вызваленчага руху — князя Юзафа Панятоўскага. Тут жа спачываюць каралі Ян Сабескі, Міхал Карыбут Вішнявецкі, генэрал Уладыслаў Андэрс.

Сэрца Касьцюшкі з 1927 году захоўваецца ў капліцы Каралеўскага замку ў Варшаве. У польскай сталіцы імя нашага земляка носіць вуліца — Wybrzeże Kościuszkowskie, што цягнецца ўздоўж Віслы ад Старога Места ў кірунку станцыі метро Centrum Nauki Kopernik і далей.

Варшава.
Варшава. Помнік Касьцюшкоўцам. Фота Віктара Корбута.

У 1983 годзе ў варшаўскім раёне Прага-Поўнач быў адкрыты помнік Касьцюшкоўцам — салдатам Першай дывізіі пяхоты імя Тадэвуша Касьцюшкі, якая ў 1944 годзе ваявала з нацыстамі на тэрыторыі Беларусі, вызваляла варшаўскую Прагу, штурмавала гітлераўскі Бэрлін.

На пляцы Жалезнай Брамы ў сталіцы Польшчы ў 2010 годзе зьявіўся прыгожы помнік палкаводцу — копія манумэнта ў Вашынгтоне.

Ужо другі год запар 25 сакавіка, у Дзень абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, каля помніка Касьцюшку зьбіраюцца на ўрачыстасьць, прымеркаваную к гістарычнай даце, нашы суайчыньнікі. Сёлета сьвяточная дэманстрацыя прайшла па цэнтральных вуліцах Варшавы да манумэнта яшчэ аднаму нашаму земляку — вялікаму польскаму паэту Адаму Міцкевічу.

Агульная спадчына становіцца месцам яднаньня беларусаў і палякаў.

А імя Касьцюшкі на працягу амаль двух з паловай стагодзьдзяў у Польшчы і Беларусі сымбалізуе імкненьне нашых народаў да свабоды і нацыянальнай незалежнасьці.

Віктар Корбут.

Слухайце, калі ласка, далучаныя гукавыя файлы.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт