Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы ацэньваюць 100 дзён новага ўраду

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 24.03.2018 07:01
  • 100 дзён.mp3
11 сьнежня мінулага года прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда прызначыў новы кабінэт міністраў.
Foto: PAP/Adam Guz

Яго ўзначаліў міністар фінансаў ды эканамічнага разьвіцьця з папярэдняга ўраду Матэвуш Маравецкі. На гэтым тыдні мінула 100 дзён працы новага кабінэта.

У Польшчы падводзяць вынікі першых 100 дзён прэм’ера Маравецкага. Сярод параз ураду называюць справу паправак у закон аб Інстытуце нацыянальнай памяці, якія прадугледжваюць прыцягненьне да адказнасьці за прыпісваньне палякам нацысцкіх злачынстваў. Сам прэм’ер двойчы няўдала выказваўся на гэтую таму. Раз - падчас Мюнхэнскай канфэрэнцыі бясьпекі, калі казаў пра «габрэйскіх выканаўцаў» (анг. perpetrators) Галакосту. Другі раз, калі па-ангельску ў інтэрнэт-вэрсіі прамовы прэм’ера прагучалі «польскія лягеры сьмерці». Гэта менавіта тое, супраць чаго змагаецца польскі ўрад. Таксама паразай ураду прызнаецца празьмерная колькасьць віцэ-міністраў ды высокія грашовыя ўзнагароды для ўрадоўцаў (каля 15-20 тысяч €).

Да посьпехаў ураду залічваюць стабільныя эканамічныя паказьнікі. Польская эканоміка дэманструе стабільны рост, беспрацоўе скарачаецца, інфляцыя невялікая, а прагнозы добрыя. Павялічыліся падатковыя паступленьні, дзякуючы барацьбе з падатковымі махінацыямі, асабліва з ПДВ. Напрыканцы студзеня прыняты пакет законаў, які атрымаў назву «Канстытуцыя для бізнэсу». Папраўкі ўвялі льготы для пачынаючых прадпрымальнікаў, стварылі орган Прадстаўніка інтарэсаў МСП ды ўвялі рэжым спрыяньня замежным інвэстарам. Да посьпехаў таксама адносяць вонкавую палітыку, асабліва стасункі зь Нямеччынай. Яскравай дэманстрацыяй стаў візыт Ангелы Мэркель у Варшаву. Нямецкая канцлерка паказала, што Бэрлін зацікаўлены ў добрых адносінах з Польшчай, каб Польшча дзейнічала на карысьць ЭЗ. Першыя 100 дзён былі складанымі, але вынікі пазытыўныя, заявіў міністар навукі Яраслаў Говін.

Яраслаў Говін: Гэта былі цяжкія 100 дзён. Былі й памылкі, якія мы зрабілі, былі й міжнародныя выклікі. У першую чаргу гэта спрэчка з Ізраілем ды ЗША наконт закона пра Інстытут нацыянальнай памяці. На маю думку, самае горшае ўжо за намі. Прэм'ер Маравецкі дасягнуў посьпеху ў тым, што значна вырасьлі бюджэтныя сродкі, назіраецца эканамічны рост, павялічыліся падатковыя паступленьні.

Зусім іншую пазыцыю займаюць прадстаўнікі апазыцыі. Дэпутат Сэйма Марцін Сьвянціцкі з партыі «Грамадзянская плятформа» зазначыў, што ўрад ня выканаў сваіх абяцаньняў.

Марцін Сьвянціцкі: Нельга сказаць, што гэта добры ўрад. Бачна, што спадар прэм’ер не пануе над тым, што адбываецца ў судовай сыстэме. Ён не спыніў працэсу падпарадкаваньня судоў выканаўчай уладзе, міністру юстыцыі. У судовай рэформе няма ніякіх саступак. Гэта ўплывае на тое, што не паляпшаюцца адносіны з ЭЗ. Супраць нас упершыню пачата працэдура выкананьня 7 артыкула, што можа прывесьці да таго, што на бліжэйшыя 7 гадоў мы атрымаем нашмат меншыя сродкі з ЭЗ.

У сваю чаргу старшыня партыі «Сучасная» Катажына Любнаўэр назвала 100 дзён ураду: «100 днямі драмы, недахопаў ды паразы».

Катажына Любнаўэр: Першыя 100 дзён Матэвуша Маравецкага – гэта 100 дзён параз ды правалаў. У першую чаргу гэта тычыцца польскага іміджу на міжнароднай арэне. 100 дзён катастроф у замежнай палітыцы. Пагаршэньне адносін з Ізраілем ды Злучанымі Штатамі. Таксама 100 дзён драмы, што тычыцца ашчаднасьці дадзенага ўрада. Насамрэч, гэты ўрад вельмі разбэшчаны – урад ня права й справядлівасьці, а пыхі й хцівасьці.

Аднак нельга казаць толькі пра паразы, але праўда, што першыя 100 дзён новаму прэм’еру даводзілася значную частку свайго часу прысьвяціць на «тушэньне пажараў» як ва ўнутраных справах, так і вонкавых. Гаворыць польская журналістка Ганна Цесьляк-Урублеўска.

Ганна Цесьляк-Урублеўска: Эканоміка, мадэрнізацыя, паварот да цэнтрысцкіх пазыцый у палітыцы, паляпшэньне адносін з ЭЗ – такія былі спадзяваньні на новага прэм’ера Маравецкага. Асабліва пасьля адстаўкі шэрагу міністраў: Мацярэвіча, Шышкі, Вашчыкоўскага. Таксама спадзяваліся на больш эфэктыўную працу ўраду. У рэальнасьці ня ўсе чаканьні спраўдзіліся. У першыя 100 дзён прэм’ера дамінавалі крызысы як унутраныя, так і вонкавыя. Да таго ж шмат падзей былі па-за ягоным уплывам.

Нягледзячы на крытыку ды «пажары», цяперашні польскі ўрад карыстаецца высокай падтрымкай польскага грамадзтва. Апошняе сакавіцкае апытаньне IBRiS грамадзкай думкі паказала, што 37,1% палякаў падтрымліваюць урад, а 46% пазытыўна ацэньваюць дзейнасьць ураду.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт