Logo Polskiego Radia
Print

Жанчыны шмат дасягнулі, але сытуацыя з іх правамі не ідэальная

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.03.2018 09:47
Да нашых часоў часта мужчыны прымаюць рашэньні за жанчын.
www.pixabay.com

Нядаўна палова чалавецтва адзначала сваё сьвята – Міжнародны дзень жанчын. Праўда, многія фэміністкі недалюбліваюць гэтае сьвята, паколькі лічаць яго адным з тых дзён, калі мужчыны прыгадваюць жанчынам пра іх традыцыйную ролю ў грамадзтве, тым ня менш, у гэты пэрыяд шмат гаворыцца пра правы жанчын ды іх сытуацыю, як яна зьмянялася на працягу гісторыі.

У выданьні «Newsweek» вялікае інтэрвію з прафэсарам этыкі Магдаленай Сьродай, якая лічыцца адной з важнейшых польскіх фэміністак. Суразмоўца выданьня кажа, што рэдка жанчыны ведаюць, як іншыя жанчыны змагаліся за іх правы і пазыцыю. Нягледзячы на тое, што ўжо некалькі сотняў гадоў таму жанчыны былі актыўныя ў Польшчы, засноўвалі свае арганізацыі, змагаліся з акупантамі, то як правіла прозьвішчаў гэтых жанчын няма ў падручніках па гісторыі.

Якая праблема зьяўляецца для жанчын самай надзённай? Прызнаньне іх годнасьці. Яшчэ Эліза Ажэшка патрабавала «вярнуць жанчыне яе чалавечы воблік», трактаваць яе як свабодную, адказную, аўтаномную ў рашэньнях істоту. Тым часам да нашых часоў часта мужчыны прымаюць рашэньні за жанчын. Асабліва гэта відаць у сфэры рэпрадукцыйнага права. Жанчыны абавязаныя нараджаць і выхоўваць дзяцей, незалежна ад таго, ці яны гэтага хочуць, ці не, ці дзіця здаровае, ці хворае, жывое ці мёртвае.

У ніводнай сфэры справы не выглядаюць ідэальна, – кажа М. Сьрода. Мужчыны прымаюць важнейшыя рашэньні ў палітыцы ды ў бізнэсе, агулам, там, дзе ёсьць прэстыж, грошы ды ўлада, там ёсьць мужчыны, а жанчын мала. Добрая сытуацыя ў адукацыі, дзе жанчыны даказалі ўжо, што яны ня менш здольныя за мужчын, у тым ліку ў сьціслых навуках.

Многія хацелі б вярнуць традыцыйны падзел роляў у сям’і – жанчыны дома зь дзецьмі, мужчыны зарабляюць грошы. На думку Сьроды, гэта некарысна ня толькі для жанчын, якія ў такім выпадку ня маюць сваіх грошай, але і для мужчын, паколькі быць адзіным карміцелем сям’і – гэта вялікі стрэс. З-за гэтага мужчыны больш п’юць, часьцей хварэюць і хутчэй паміраюць.

Жыцьцё мае сэнс, калі мы займаемся сваёй справай, калі маем рэальны выбар. Дрэнна, калі мы залежым ад іншых і дрэнна, калі робім дурны выбар. Для свабоднага чалавека заўсёды будзе агіднай кожная форма зьняволеньня і падпарадкаваньня.

Newsweek/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт