Logo Polskiego Radia
Print

Ці патрэбны ў Беластоку Мусульманскі цэнтар культуры і адукацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.02.2018 14:00
Нават польскія татары-мусульмане выказваюцца супраць будаўніцтва.
flickr.com

Калі стала вядома, што ў Беластоку намераныя збудаваць Мусульманскі цэнтар культуры і адукацыі, які фінансуе Саудаўская Арабія, паявіліся галасы супраціву – піша выданьне «Sieci». Міністар унутраных спраў заявіў, што падтрымка польскіх татараў з боку вагабітаў-артадоксаў не зьяўляецца ўласьцівай. Таксама польскія татары не выказваюць захапленьня ад будаўніцтва цэнтру. Яны кажуць, што такое месца ім зусім не патрэбнае, і што яны нічога ня ведалі пра яго стварэньне.

Спакойна да справы ставіцца толькі муфцій Томаш Міськевіч, які мяркуе, што сапраўднай прычынай супярэчлівага стаўленьня зьяўляецца польская ксэнафобія. Дарэчы, сам муфцій зьяўляецца неадназначнай асобай. Польскія татары ўжо не аднойчы спрабавалі адклікаць яго з пасады, але гэта не ўдалося.

Міськевіч вучыўся за мяжою, нейкі час жыў у Саудаўскай Арабіі, у асяродзьдзі польскіх татараў яго захапленьне арабскім сьветам стала прычынай камэнтароў і антыпатыі. У гутарцы з журналісткай ён аспрэчваў, быццам бы ў Саудаўскай Арабіі назіраецца перасьлед хрысьціян. «Ніхто не скардзіцца» – кажа муфцій, хаця міжнародныя арганізацыі ня раз рыхтавалі даклады на тэму парушэньня правоў чалавека ў гэтай дзяржаве, дзе нельга нават мець Біблію, існуе рэлігійная паліцыя, якая правярае, ці людзі не ўдзельнічаюць у тайных набажэнствах. А за пераход на хрысьціянства тэарэтычна пагражае сьмяротнае пакараньне.

Саудаўская Арабія шчодра фінансуе мусульманскія храмы на сьвеце, але немагчыма ўявіць, каб у самой дзяржаве была збудаваная хрысьціянская сьвятыня.

Татары афіцыйна адзначаюць, што іх нежаданьне бачыць у Беластоку Мусульманскі цэнтар вынікае з боязі, як да яго паставяцца мясцовыя жыхары, а неафіцыйна кажуць, што яны самі пабойваюцца ўплыву радыкальнай рэлігіі і ня маюць паняцьця, хто будзе маліцца ў новым аб’екце. Гэтая боязь далёка не беспадстаўная. Як вучыць досьвед заходніх дзяржаў, вагабізм (самая крайняя форма ісламу) найбольш прывабны для моладзі.

Калі невядома, у чым справа, то, як звычайна, гаворка ідзе пра грошы. Гульня ідзе за ўплывы ад сэртыфікатаў халяль, якія пацьвярджаюць, што прадукты харчаваньня могуць спажываць мусульмане. Гэта вялізны бізнэс – адзін толькі экспарт халяльнага мяса з Польшчы ў арабскія дзяржавы ацэньваецца ў паўтара мільярда злотых. Муфцій Міськевіч выдае такія сэртыфікаты. Татары скардзяцца, што ён ня дзеліцца з імі прыбыткам. Акрамя таго, абслугоўваньнем сыстэмы халяль займаецца жонка муфція.

Мусульманскі цэнтар у Беластоку – гэта яшчэ толькі праект, а ён ужо выклікае крайнія эмоцыі. Экспэрт Нацыянальнага цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў Блізкага Ўсходу доктар Войцех Шэўка падкрэсьлівае, што ўсюды, дзе Саудаўская Арабія спансіруе дамы культуры, рэлігійныя ды адукацыйныя аб’екты, вельмі часта аказваецца, што яны зьвязаныя з распаўсюджваньнем небясьпечнай экстрэмісцкай ідэалёгіі ісламу. У Аўстрыі ўжо забаранілі фінансаваньня з боку іншых дзяржаў рэлігійных аб’ектаў, увядзеньне забароны плянуе Францыя. Польшча магла б вучыцца на памылках іншых краін.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт