Крэмль «будзе старацца сапсаваць любыя спробы збліжэньня паміж Менскам і Захадам», – заяўляюць аналітыкі амэрыканскіх спэцслужбаў. У панядзелак група амэрыканскіх выведвальных агенцтваў апублікавала даклад аб пагрозах канфліктаў у розных частках сьвету. Узгадваецца ў ім і Беларусь. Ці цьвяроза Злучаныя Штаты ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі? Сваімі меркаваньнямі дзеляцца беларускія палітолягі.
«Расея ўспрымае Беларусь як стратэгічны буфэр паміж сабой і NATO, і таму будзе старацца сапсаваць любыя спробы збліжэньня паміж Менскам і Захадам. Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка будзе працягваць цеснае супрацоўніцтва з Масквой у справах бясьпекі, але пры гэтым будзе старацца нармалізаваць адносіны з Захадам, каб знайсьці супрацьвагу ўплывам Расеі».
Такімі словамі сытуацыю ў Беларусі акрэсьлівае даклад «Ацэнка міжнародных пагрозаў» (Worldwide Threat Assessment). Дакумэнт быў падрыхтаваны United States Intelligence Community – фэдэрацыяй з 16 дзяржаўных структураў, якія займаюцца выведвальнай дзейнасьцю. На 28 старонках дакладу апісаныя галоўныя глябальныя пагрозы, такія як распаўсюджаньне зброі масавага зьнішчэньня ці тэрарызм, краіны й сілы, якія дэстабілізуюць сытуацыю на сьвеце, а таксама краіны, важныя з пункту гледжаньня рэгіянальнай бясьпекі.
Амэрыканскія аналітыкі пералічылі Беларусь у шэрагу краінаў, сытуацыя ў якіх уплывае на мір ва Ўсходняй Эўропе. Ацэнка адносінаў Менска з Масквой карэктная, але даволі банальная – мяркуюць беларускія палітолягі. Дырэктар Цэнтра палітычнага аналізу й прагнозу Павал Усаў, мяркуе, што заходнія экспэрты перабольшваюць самастойнасьць Менска.
Павал Усаў: Зьнешняя палітыка Менска знаходзіцца пад велізарным уплывам Расеі. Нягледзячы на тое, што Лукашэнка імкнецца распачаць дыялёг з Захадам, і робіць гэта пасьпяхова, ён ня можа рабіць радыкальных крокаў у адносінах з заходнімі краінамі. На важных галасаваньнях па пытаньнях міжнароднай бясьпекі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ці ў ААН Менск заўсёды падтрымлівае пазыцыю Масквы.
Якія дзеяньні Расея можа прымаць, каб сапсаваць адносіны Менска з Захадам, і ці былі мы ўжо сьведкамі такіх дзеяньняў? Так, былі – нагадвае Павал Усаў. Калі беларускія ўлады палепшылі адносіны з Кіевам, а затым адчынілі межы для заходніх турыстаў, Расейскія ўлады зачынілі расейска-беларускую мяжу для праезду грамадзянаў трэціх краінаў.
Аднак закрыцьцё мяжы – гэта першы і далёка ня самы моцны інструмэнт, пры дапамозе якога Расея можа адахвоціць Беларусь «сябраваць» з Захадам – кажа палітоляг Валер Карбалевіч. Масква можа павысіць цэны энэрганосьбітаў, зачыніць расейскі рынак для беларускіх тавараў, спыніць падтрымку Менска на міжнароднай арэне, а таксама паспрабаваць пры дапамозе расейскіх тэлеканалаў зьнішчыць грамадзкую падтрымку Лукашэнкі. Аднак пакуль гэтыя інструмэнты Крэмль не выкарыстоўвае, бо Лукашэнка не пераходзіць «чырвоных лініяў» – тлумачыць Валер Карбалевіч. Якія ж гэта лініі?
Валер Карбалевіч: Гэта знаходжаньне Беларусі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях, створаных Расеяй. Гэта Саюзная дзяржава, гэта СНД, гэта Эўразійскі эканамічны зьвяз, а таксама АДКБ.
Канфлікт Расеі з Украінай пачаўся менавіта пасьля таго, як Кіеў вырашыў не ўступаць у Мытны зьвяз з Масквой, а замест гэтага падпісаць Дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам – нагадвае Валер Карбалевіч. Менск не зьбіраецца спыняць свой удзел у створаных Расеяй інтэграцыйных аб’яднаньнях, так што сур’ёзных падставаў непакоіцца ў Крамля пакуль няма – зазначае аналітык.
Спэцслужбы ЗША лічаць, што эканамічная стагнацыя ў Расеі не перашкодзіць ёй падтрымліваць канфлікты ў Сірыі і Украіне. На іх думку, напружанасьць у Данбасе ў бліжэйшы год будзе захоўвацца на ранейшым узроўні. Асноўнай жа пагрозай для Ўкраіны стануць палітычныя канфлікты, якія Масква можа выкарыстаць для сваіх мэтаў.
«У 2018 годзе Расея будзе працягваць мадэрнізаваць, разьвіваць і разьмяшчаць шырокі спэктар ядзернай, звычайнай і асымэтрычнай зброі, каб скараціць сваё адставаньне ад Злучаных Штатаў у вайсковай галіне», – прагназуюць аўтары дакладу «Ацэнка міжнародных пагрозаў».
Аднак, на думку амэрыканскіх аналітыкаў, Эўропа не адносіцца да рэгіёнаў з найвышэйшай рызыкай выбуху новай вайны. Яны лічаць, што ў 2018 годзе ўзброеныя канфлікты могуць успыхнуць на Карэйскай паўвысьпе, а таксама на Блізкім Усходзе – праміж саюзьнікамі Ірану ды Саудаўскай Аравіі.
Аляксандар Папко