Logo Polskiego Radia
Print

Бацькі не жадаюць выхоўваць дзяцей так, як выхоўвалі іхнія бацькі ды дзяды

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.01.2018 14:50
Да нашых часоў няма аднаго яснага мэтаду выхаваньня, «інструкцыі абслугі дзіцяці».
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Выхаваньне дзяцей – няпростая рэч, а наколькі няпростая, сьведчыць колькасьць розных кніжак-даведнікаў, прысьвечаных выхаваньню, якія апошнімі гадамі паявіліся на польскім выдавецкім рынку – піша «Polityka».

Сучасныя бацькі не жадаюць ужо выхоўваць сваіх дзяцей так, як выхоўвалі іхнія бацькі ды дзяды: сурова, а нават аўтарытарна, з выкарыстаньнем пакараньняў і забарон. Але дарослыя ня ведаюць, які падыход да дзіцяці найлепшы.

Каля ста гадоў таму пачаўся адыход ад ранейшага стылю выхаваньня, які пазьней назвалі «чорнай пэдагогікай». Гэта быў позьні рэзананс здабыч францускай рэвалюцыі, калі правы чалавека пачалі датычыць таксама дзяцей. Настаўнікі, лекары ды іншыя спэцыялісты шукалі новыя мэтады працы, якія б бралі пад увагу індывідуальнасьць кожнага малога чалавека. У Польшчы, напрыклад, у гэтую плынь упісалася праца вядомага пэдагога Януша Корчака. Але да нашых часоў няма аднаго яснага мэтаду выхаваньня, «інструкцыі абслугі дзіцяці».

Многія лічаць, што лепш за ўсё трымацца тэорыі выхаваньня, якую апісвае дацкі пэдагог Еспэр Юуль (Jesper Juul). Аўтар кажа бацькам, што адносіны з дзецьмі павінны быць падобныя да кантактаў з партнэрам з увагі на ўзаемную пашану і давер, але бацька павінен заставацца правадніком сям’і, паказваць галоўныя напрамкі дзейнасьці, паколькі ён можа гэта рабіць, маючы вялікі жыцьцёвы вопыт. Сярод бацькоў аднак нямала скептыкаў. Яны шукаюць у кнігах пацьвярджэньня свайго тэзісу, што з дзецьмі лепш не цацкацца, што трэба ставіць ім межы.

У Польшчы заўсёды былі папулярныя даведнікі, у якіх бацькі маглі пазнаёміцца з мэтадамі апекі над малым дзіцём, немаўлятам. Сёньня ж зацікаўленьне аўтараў і чытачоў усё часьцей выклікаюць старэйшыя дзеці, падлеткі, моладзь. Але, парадаксальна, цяпер бацькам цяжэй выхоўваць сваіх дзяцей, паколькі часта яны проста ня ведаюць, якія парады слухаць і якімі карыстацца. А людзі сталі нецярплівыя, яны чакаюць, што парада з даведніка адразу палепшыць адносіны з патомкам, а калі гэта ня дзейнічае, то хутка шукаюць нешта іншае, купляюць чарговую «мудрую» кніжку. Да таго ж, свае тры капейкі дадаюць бабулі і дзядулі, перакананыя, што яны найлепш ведаюць, як выхоўваць дзяцей. Ці гэта азначае, што лепш не чытаць даведнікаў? Не, чытаць, але захаваць крытыцызм і здаровую долю скепсісу. І ня верыць, што ўсе канфлікты ўдасца вырашыць. Адсутнасьць напружаньня – гэта адсутнасьць эмоцый, а адсутнасьць эмоцый – гэта адсутнасьць адносінаў.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт