Logo Polskiego Radia
Print

Польскія навучальныя ўстановы змагаюцца за замежных студэнтаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.01.2018 14:11
Замежны студэнт – гэта ня толькі даход ад платы за навучаньне.
twitter.com

Польскія вышэйшыя навучальныя ўстановы намераныя актыўна змагацца за іншаземных студэнтаў. Напрыклад, факультэт упраўленьня Варшаўскага ўнівэрсытэту прадбачвае, што колькасьць замежных студэнтаў вырасьце ўдвая – чытаем у выданьні «Rzeczpospolita». Павінна ў гэтым дапамагчы прызнаная факультэту міжнародная акрэдытацыя EQIUS – адна з самых вядомых на сьвеце акрэдытацый для эканамічных ВНУ. Пакуль што на факультэце вучыцца каля 300 замежных студэнтаў. Гэта прыкладна 5% усіх студэнтаў, надта мала, каб казаць пра міжнародны характар установы. Павінна быць каля 15%.

Падобныя задачы стаяць перад іншымі ВНУ ў Польшчы. У сярэднім іншаземцы складаюць 4,9% усіх студэнтаў. Гэта і так посьпех, паколькі іх колькасьць цягам дзесяці гадоў вырасла ў шэсьць разоў. Дзеля падтрымкі захадаў устаноў створана Нацыянальнае агенцтва акадэмічнага абмену, якое павінна падтрымліваць мабільнасьць студэнтаў і прыцягваць на польскія вучэльні замежнікаў. Адна з яго задач – распаўсюд інфармацыі пра польскую сыстэму вышэйшай адукацыі за мяжою, паколькі за межамі краіны нават найлепшыя польскія ВНУ мала вядомыя. На гэтыя мэты прызначана 150 млн. злотых у год.

Адмыслоўцы падкрэсьліваюць, што замежны студэнт – гэта ня толькі даход ад платы за навучаньне. Гэта таксама карысьць, якую такія студэнты, пасьля заканчэньня вучобы, могуць прынесьці Польшчы. Яны вернуцца ў свае краіны і будуць распаўсюджваць станоўчыя веды пра Польшчу. Гэта элемэнт грамадзкай дыпляматыі, вельмі важнай для кожнай дзяржавы.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт