Logo Polskiego Radia
Print

Палякі працуюць менш на працягу тыдня, але і так нямала

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.12.2017 12:53
Гэта «часабеднасьць» - калі няма часу на іншыя заняткі, чым прафэсійная дзейнасьць.
pixabay.com/Public Domain CC0

Упершыню за шмат гадоў у Польшчы ўпаў паказчык статыстычнай даўжыні працы цягам тыдня – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Гэта вельмі добрая навіна, магчыма, доказ таго, што праца ў краіне становіцца нармальнай.

Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы, цяпер палякі працуюць у сярэднім крыху менш за 40 гадзін у тыдзень, гэта падзеньне на 2,1% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. На думку аналітыкаў НБП, паніжэньне колькасьці прапрацаваных гадзін можа азначаць меншы рост зарплаты, адсюль выснова, што працаўнікам будзе горш. Але аўтар артыкулу глядзіць на гэта з іншага боку. Тое, што людзі працуюць крыху менш, гэта свайго роду паказчык дабрабыту супрацоўнікаў, і гэта добра, пры ўмове, што паралельна не адбываецца паніжэньне заробкаў. Статыстыка паказвае, што не адбываецца.

Усе ведаюць, што палякі працуюць вельмі многа. Шмат гадоў дзяржава належыць да тых разьвітых краін, дзе жыхары працуюць даўжэй за іншых. Летась перад Польшчай былі толькі Расея, Чылі, Мэксыка, Грэцыя і Карэя. У параўнаньні з палякамі, якія працавалі ў мінулым годзе 40,7 гадзіны ў тыдзень, уся рэшта Эўропы праводзіла на працы менш часу (напрыклад, галяндцы – 30,3, немцы – 35,2 гадзіны).

У Польшчы ніхто з экспэртаў не адважваўся патрабаваць, каб людзі працавалі менш. Існавала нават мітычнае меркаваньне, што калі чалавек мала працуе, то нешта з ім не ў парадку. Аўтар прыдумаў нават тэрмін – «часабеднасьць», калі няма часу на іншыя заняткі, чым прафэсійная дзейнасьць. Палітычныя эліты адмаўляюцца прызнаць, што праблема існуе. Калі няма часу, то чалавек ня можа сачыць за жыцьцём краіны, рабіць уласныя высновы наконт палітычнай сцэны, ня можа паўнацэнна ўдзельнічаць у культурным жыцьці, чытаць кнігі. А каханьне, сябры, дапамога слабейшым, удзел у грамадзкім жыцьці? Гэта сфэры жыцьця, дзе мы таксама плацім валютай часу. А калі яе няма, яны заміраюць.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт