Logo Polskiego Radia
Print

Комікс - гэта ня толькі для дзяцей

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 19.11.2017 14:12
  • Комікс.mp3
У Варшаве адчыняецца фэстываль коміксаў "Жыве комікс!"
Foto: pixabay.com/CC0

Комікс лічыцца шмат кім дзіцячай літаратурай. Гэта далёка ня так, пераконваюць аўтары згаданай імпрэзы.

Госьці польскай сталіцы на днях змогуць у гэтым пераканацца самі. У Варшаве рыхтуюцца да правядзеньня фэстывалю коміксаў – буйной імпрэзы для аматараў рысаваных кніжак. 24-26 лістапада ў польскай сталіцы ў будынку Этнаграфічнага музэя пройдзе найбуйнейшы фэстываль коміксаў у Польшчы «Warsaw Comic Con». Яго называюць сьвятам фанатаў коміксаў –«нэрдаў». Арганізуе фэстываль часопіс «Звычайнае жыцьцё».

Летась фэстываль прайшоў у першы раз, тады яго наведала больш за некалькі тысяч чалавек. Сёлета арганізатары спадзяюцца большага наплыву людзей, бо коміксы становяцца ўсё больш папулярнымі. Зразумела, што яны не заменяць літаратуру, да таго ж у нашым рэгіёне няма такой традыцыі чытаньня коміксаў, як у ЗША ці Францыі. Тут таксама разумеюць, што графічныя апавяданьні могуць распавесьці пра нашу рэчаіснасьць ня менш цікава, чым вялізныя раманы.

Пра коміксы Польскаму радыё распавядала арганізатарка фэстывалю Агата Напюрска. Які інтарэс да коміксаў у Польшчы?

Агата Напюрска: Вялікі. Год таму на наш першы фэстываль завітала больш за 3,5 тысячы чалавек. Прыйшлі розныя людзі, шмат сем’яў зь дзецьмі ды шмат тых, хто раней коміксы не чытаў. Гэта вынікае з таго, што зьмяняюцца чытацкія густы, зьмяняецца й сам рынак коміксаў.

Сёньняшнія коміксы вельмі разнародныя ды цікавыя, кажа знаўца й выдавец коміксаў Шымон Гольцман.

Шымон Гольцман: Людзі штодня не праглядаюць коміксаў, ня ведаюць усіх назваў супэргерояў, розных жанраў. Разам з тым цяпер людзі ўсё часьцей чуюць пра коміксы, рынак расьце. Сёньня ў Польшчы публікуецца столькі коміксаў, што кожны можа знайсьці нешта для сябе. Напрыклад, вельмі актыўна разьвіваецца польскія дзіцячыя коміксы. Можна сказаць, што чытацкая аўдыторыя тут даволі вялікая. Тут ня важна, колькі вы прачыталі коміксаў, што вы ведаеце пра іх. Дастаткова інтарэсу, бо коміксы вельмі каляровыя, цікавыя, разнародныя. У гэтай сфэры мастацтва вельмі шмат чаго адбываецца.

Напрыклад, ці можаце назва цікавы комікс?

Шымон Гольцман: Гэта комікс «My favorit thing si monster». Амэрыканскай дэбютанткі Эмілі Фэрыс. Гэта жанчына, якой 50 зь нечым гадоў. Яна раней ніколі не займалася ілюстраваньнем. Яна працавала, выхоўвала дзяцей, і гадамі рысавала ў сваіх асабістым сшытку. Летась яго выдалі, на маю думку, гэта найлепшы леташні комікс, які я прачытаў. Ён абапіраецца на падзеі з Чыкага 1950-60 гг. Там згадваецца Марцін Лютар Кінг, расавае пытаньне, таксама Галакост і вампіры ды чэрці. Здаецца, што неверагодная мешаніна, але комікс вельмі гарманічны. Таму ён так мне спадабаўся. Да таго ж фантастычна нарысаваны асадкай у сшытку. Гэта высокае мастацтва.

У нашай часцы Эўропы?

Шымон Гольцман: Шмат хто ня верыў у выхад, але яна выйшла – гэта трылёгія «На калене пісанае» Міхала Сьледзіньскага. У аснове напалову праўдзівая, напалову фікцыйная гісторыя такога «ўсяздольнага чалавека», якога аўтар прыдумаў, абапіраючыся на свой досьвед. Гісторыя разьвіваецца ў 1980, 1990 і 2000 гадах. Дадзены твор лічыцца адным з найбольш цікавых коміксаў у сучаснай Польшчы. Шмат чытачоў палюбіла яго, бо знайшло там свой досьвед. Асаблівыя тыя, што нарадзіліся ў 1970-я й пачатку 1980-х гадоў. Людзі бачылі там сваё жыцьцё, першыя канструктары, кампутары, дваровы футбол, школа, ліцэй, музыка і дзяўчаты. На заднім пляне бачна краіну, як яна зьмянілася за гэтыя тры дзесяцігодзьдзі.

З гэтымі ды іншымі цікавінкамі можна будзе пазнаёміцца на Варшаўскім фэстывалі коміксаў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт