З паловы кастрычніка працягваецца кваліфікацыя праектаў для ўдзелу ў транспамежнай праграме “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020”.
Пра гэтую праграму, якая ажыцьцяўляецца са сродкаў Эўразьвязу, нашай радыёстанцыі расказаў намесьнік міністра разьвіцьця Адам Хамрышчак.
У кастрычніку было вылучана 17 праектаў, датычных супольнай культурнай і прыроднай спадчыны, у сакавіку будучага году будуць выбраныя праекты ў вобласьці абароны й бясьпекі, у другой палове 2018 году пачнецца прыём дакумэнтаў на мікрапраекты. Чаму так позна? Нагадаю, праграма ахоплівае 2014-2020 гады. Ці гэта азначае, што бэнэфіцыяры будуць мець менш часу на ажыцьцяўленьне праекту?
А.Хамрышчак: Насамрэч праграма рэалізуецца паводле графіку. Па-першае, пачаўся прыём ва ўсіх галінах: спадчына, інфраструктура, бясьпека й межы. Мы праводзім прыём дакумэнтаў у двух этапах. Першы этап палягаў на ацэнцы канцэпцыі, і калі гэтая канцэпцыя атрымлівала падтрымку, то можна было падаваць дакумэнты на датацыю. Я хачу зазначыць вялікую зацікаўленасьць праграмай “Польшча-Беларусь-Украіна”. Заяўнікі падалі 749 праектаў. На ажыцьцяўленьне дадзенага праекту адведзена 24 месяцы.
Які працэнт коштаў рэалізацыі забясьпечвае ЭЗ, калі заяўнікі атрымліваюць гэтыя сродкі й як праходзяць разьлікі зь беларускімі ўдзельнікамі?
А.Хамрышчак: Існуе магчымасьць дафінансаваць 90% коштаў праекту. У праграме “Польшча-Беларусь-Украіна” існуе магчымасьць атрымаць авансам нават 80% кошту. Найважнейшая справа - гэта пагадненьне паміж удзельнікамі праекту з польскага, беларускага ці ўкраінскага бакоў. Пагадненьнем вызначаецца, хто зьяўляецца лідарам дадзенага праекту й як будзе падзелены бюджэт. Часамі бюджэт дзеліцца па палове – 50/50, а часам бакі дамаўляюцца на іншыя прапорцыі.
Ці бяруцца пад увагу эканамічныя ўмовы ў Польшчы, Беларусі, Украіне - гэта значыць, тое, што кошт работы ў гэтых краінах іншы?
А.Хамрышчак: Экспэрты аналізуюць розныя аспэкты – тэхнічныя, эканамічныя. Партнэры павінны дамовіцца й абгрунтаваць кошты - як адзін, так і другі бок.
У сувязі з тым, што можна атрымаць авансам 80% сродкаў, то ці бэнэфіцыяры могуць падаваць заяўкі, не маючы ўласных грошай?
А.Хамрышчак: У прынцыпе так. Дзякуючы авансу даем сродкі й спрашчаем заяўнікам старт. Гэта вялікі плюс, падобна як і тое, што 90% кошту праекту мы можам прафінансаваць.
У сфэры супольнай прыроднай і культурнай спадчыны праграмы “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020” для рэалізацыі былі выбраныя 17 праектаў сярод сотняў заяўленых. Гэта несумненна была цяжкая задача. Якія фактары вырашалі аб выбары якраз гэтых прапановаў?
А.Хамрышчак: У пэрспэктыве 2014-2020 гадоў у праграме “Польшча-Беларусь-Украіна” добрых праектаў значна больш, чым даступных сродкаў, і сапраўды выбар ня быў просты. Было рэкамэндавана 17 праектаў, але кантракты яшчэ не падпісаныя. Яны будуць падпісаныя да канца гэтага году. Мы вядзем перамовы з нашымі бэнэфіцыярамі, часам трэба далучыць некаторыя дадатковыя дакумэнты, дазволы на будаўніцтва, пасьведчаньні. Я хачу адзначыць, што 60 заявак чакаюць у запасным сьпісе. Калі застануцца грошы, то першыя са сьпісу маюць шанцы атрымаць фінансаваньне. Сярод выбраных для рэалізацыі - 17 праектаў, 7 зь іх – гэта цікавыя польска-беларускія прапановы. Між іншым, ёсьць праект стварэньня шляху Тызэнхаўза ў Саколцы й Горадні – па сьлядах гарадзенскага старасты XVІІІ стагодзьдзя Антона Тызэнхаўза. Прапаноўваецца адрамантаваць два гістарычныя будынкі, будуць створаныя інфармацыйна-культурныя цэнтры, плянуецца стварыць турыстычны маршрут, зьвязаны з гэтым цікавым чалавекам.
У рамках транспамежнай праграмы “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020” будуць створаныя рэгіянальныя цэнтры дасьледаваньня й кансэрвацыі архітэктурных помнікаў. Гэтымі сродкамі скарыстае Дзяржаўны музэй гісторыі і археалёгіі ў Горадні, польскім партнэрам у гэтым праекце зьяўляецца Падляскі музэй у Беластоку.
Паводле слоў міністра Хамрышчака, у рамках праекту «Чыстая рака», мэта якога – захаваньне басэйну ракі Буг, будзе пабудаваная ачышчальная станцыя ў беларускім горадзе Жабінка. Падобную ініцыятыву будзе ажыцьцяўляць гміна Кузьніца і Бяроўзаўскі раён у Беларусі.
Адабрэньне атрымаў сумесны праект гміны Пухачуў Люблінскага ваяводзтва й Ляхавіцкага райвыканкама пад назвай «Аднаўленьне агульнай культурнай спадчыны як асновы для разьвіцьця транспамежнага супрацоўніцтва моладзі й творчых груп Польшчы й Беларусі». У рамках праекту Ляхавіцкім райвыканкамам плянуецца частковая рэстаўрацыя сядзібнага дома й кансэрвацыя капліцы комплексу былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы.
ЭЗ выдзяляе 183 млн эўра на праграму транспамежнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна 2014-2020”. Крыніцай сродкаў выступае Эўрапейскі фонд рэгіянальнага разьвіцьця (ЭФРР) і Эўрапейскі інструмэнт суседзтва (ЭІС).
Супрацоўніцтвам могуць скарыстацца жыхары чатырох польскіх ваяводзтваў: Падляскага, Люблінскага, Падкарпацкага ды Мазавецкага, а таксама чатырох беларускіх абласьцей: Гарадзенскай, Берасьцейскай, Менскай і Гомельскай.
Зь міністрам А. Хамрышчакам размаўляла Яланта Сьмялоўская