Logo Polskiego Radia
Print

16 кастрычніка – Сусьветны дзень прадуктаў харчаваньня

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.10.2017 18:45
  • 16 кастрычніка – Сусьветны дзень прадуктаў харчаваньня.mp3
Кожны дзень ад голаду ў сьвеце памірае каля 26 тысяч чалавек.
http://creativecommons.org/licenses/by-sa/2.0/

35% палякаў лічаць, што марнуюць ежу – у мінулым годзе 25% апытаных заявілі, што выкінулі прадукты харчаваньня. У выніку ў сьметніцу трапіла каля 2 мільёнаў тон харчоў. Прадстаўнікі Фэдэрацыі польскіх банкаў прадуктаў харчаваньня адзначаюць, што такой колькасьцю можна было б накарміць усіх галодных у Польшчы.

Моніка Млынарчык, прадстаўнік Банку харчаваньня зазначае, што больш за палову выкінутай ежы выкідваюць сем'і.

М.Млынарчык: З аднаго боку тоны выкінутай ежы, а з другога – людзі, якім патрэбная ежа. Банкі харчоў вырашаюць гэтую праблему такім чынам, што не дапускаюць да марнаваньня ежы. Напрыклад, зьбіраюць сельгасплады ў сялян, у вытворцаў прадуктаў харчаваньня й гандлёвых кропак. Банк харчоў супрацоўнічае з дабрачыннымі арганізацыямі, такімі як Дамы адзінокай маці, прытулкі. За год мы дапамагаем 2 мільёнам людзей.

Праблема марнаваньня ежы адносіцца да ўсіх разьвітых краін.

М.Млынарчык: У апошніх гадах праблема пашыраецца. Мяркуецца, што ў Эўрапейскім Зьвязе марнуецца каля 100 мільёнаў тон ежы. Гэта мноства! ААН паведамляе, што людзі выкідваюць амаль трэць вырабленай ежы. ААН заклікае на палову скараціць марнаваньне ежы да 2030 году.

Неабходна задумацца, што зрабіць, каб не марнаваць харчаваньня. Спэцыялістка раіць абмежаваць пакупкі.

М.Млынарчык: Першая прычына, з-за якой людзі выкідваюць прадукты, гэта пратэрмінаванасьць. Людзі не глядзяць, калі прадукт пратэрміноўваецца, а другая прычына – гэта надзвычай вялікія пакупкі. Спачатку трэба прадумаць, што купляць. Таксама раім не ісьці за пакупкамі, будучы галодным, бо тады чалавек купляе больш.

У Польшчы з нагоды Сусьветнага дня прадуктаў харчаваньня 19 арганізацый правялі 30 мерапрыемстваў, – паведаміў старшыня Фэдэрацыі польскіх банкаў прадуктаў харчаваньня Марэк Бароўскі (Марэк Бороўскі).

М.Бароўскі: Гэта былі гэпэнігні, у якіх удзельнічаюць вучні сярэдніх школ, маршы моладзі зь лёзунгамі на тэму эканомікі харчаваньня й г.д. Акрамя таго, ладзяцца кулінарныя майстар-клясы для дзяцей і дарослых, канфэрэнцыі й нават паказы моды, зьвязаныя з тэмай харчоў і харчаваньня.

Каб не марнатравіць ежы, дастаткова купляць яе менш. Варта гэтаму навучыць дзяцей – зазначае старшыня Фонду «Школа на відэльцу» Гжэгаж Лапаноўскі.

Г.Лапаноўскі: Дзеці ўсё зьядуць, калі ежа смачная. Задачай дарослых зьяўляецца таксама навучыць дзяцей эканоміць ежу, адносіцца да яе разважліва. Калі дзіця адчыняе халадзільнік, а ежа проста зь яго высыпаецца, то яно ня будзе задумвацца, бо яе мноства. Важна таксама вучыць дзяцей і моладзь з раньняга ўзросту, каб яны гатавалі, рыхтавалі стравы й каб ведалі, адкуль бярэцца ежа. Мы рэкамэндуем заводзіць агародчыкі ў школах, ладзіць экскурсіі ў вёску да сялян.

Сусьветны дзень харчаваньня – гэта дасканалая нагода, каб задумацца, што рабіць, каб не марнаваць ежы. Замест таго, каб яе выкідваць – можна падзяліцца зь іншымі.

У Варшаве адчынілася гэтак званая Jadłodzielnia – Ежадзельня. Гэта халадзільнік, зь якога кожны можа нешта ўзяць. У Ежадзельні можна таксама пакінуць прадукты харчаваньня, якіх ня можам зьесьці. Ежадзельня працуе ў сацыяльным цэнтры сталічнага раёну Грохаў. Да супрацоўніцтва запрошаныя таксама рэстараны й крамы.

Сусьветны дзень прадуктаў харчаваньня быў абвешчаны Арганізацыяй аб’яднаных нацый на канфэрэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН у 1979 годзе. Яго мэта ў тым, каб прыцягнуць увагу да глябальных праблем, зьвязаных з харчаваньнем, такіх як голад, недаяданьне й галеча.

У адпаведнасьці з дадзенымі Польскай гуманітарнай акцыі (Polska Akcja Humanitarna) штодня ад голаду ў сьвеце памірае каля 26 тысяч чалавек.

Яланта Сьмялоўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт