Сэкс-сымбаль Польшчы падала на сваю краіну ў міжнародны суд
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
07.10.2017 17:43
Сьпявачка Дода лічыць, што Польшча парушыла яе права на свабоду слова й выказваньня.
Дода (Дарота Рабчэўска – Dorota Rabczewska)youtube.com/screen
Тыднёвік “Wprost” паведамляе пра тое, што вядомая польская сьпявачка, сэкс-сымбаль краіны Дода (сапраўднае імя й прозьвішча Дарота Рабчэўска – Dorota Rabczewska) падала скаргу на Польшчу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.
Гісторыя артысткі пачынаецца ў 2009 годзе. Падчас інтэрвію яна сказала, што зьяўляецца няверуючай асобай, падкрэсьліўшы, што для яе Біблія ня мае ніякага значэньня. “Я хутчэй веру ў дыназаўраў чым у Біблію, бо як верыць у нешта, што напісана некім пад уплывам “траўкі” й віна”, - сказала Дода.
Гэтыя словы не спадабаліся Агульнапольскаму камітэту абароны ад сэктаў і аднаму з кансэрватыўных дэпутатаў Сэйму, якія падалі на артыстку заяву ў пракуратуру. У 2010 годзе варшаўская пракуратура абвінаваціла Доду ў “абразе рэлігійных пачуцьцяў” і падала справу ў суд. Суд вызначыў спэцыялістаў для правядзеньня моўнай экспэртызы. Згодна з вэрдыктам экспэртаў, пэўнае кола вернікаў магло быць закранутае словамі Доды, якая аднак не прызнала сваёй віны. Паводле яе словаў, яна не хацела нікога абразіць, а проста выказала сваёй меркаваньне.
Суд пастанавіў, што сьпявачка абразіла вернікаў і прызначыў штраф у памеры 10 тыс. злотых (2325 эўра паводле сёньняшняга курсу). Дода падала скаргу на вэрдыкт у апэляцыйны суд, які аднак рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі ўтрымаў у сіле. Сьпявачка не спынілася й напісала скаргу ў Канстытуцыйны суд, у якой зазначыла, што было парушанае яе права на свабоду слова й меркаваньня. Канстытуцыйны суд па невядомай прычыне скаргу не разглядзеў, таму Дода падала скаргу на Польшчу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.
Нагадаем, Эўрасуд зьяўляецца апошняй інстанцыяй, у якую падаюцца скаргі пасьля таго, калі ў краіне вычэрпваюцца ўсе судовыя магчымасьці, паведамляе тыднёвік “Wprost”.
вс