Сацыёлягі ацэньваюць гатоўнасьць беларусаў да ўзброенага супраціву ў выпадку агрэсіі на ўзроўні 24% грамадзтва. Гэта завышаная лічба, рэальна гатовых супраціўляцца ў Беларусі менш за 1000, перакананы палітоляг. Найбольш гарант беларускай незалежнасьці сёньня – міжнародная сытуацыя. Агрэсія не аплачваецца нікому з суседзяў, у тым ліку Расеі.
Апошнія гады шырока вядуцца міжнародныя дасьледаваньні адносна гатоўнасьці людзей у розных краінах са зброяй у руках бараніць незалежнасьць у выпадку агрэсіі. З дадзеных агенцтва апытаньняў грамадзкай думкі Гэлапа вынікае, што найвышэйшы адсотак гатоўнасьці дэманструе насельніцтва Паўночнай Афрыкі – 80%. У Эўропе значна менш, напрыклад, у Францыі – гэта 29% насельніцтва, у Нямеччыне – 18%. Прыкладны ўзровень гатоўнасьць дэманструюць і беларусы, зазначае вайсковы аглядальнік газэты «Беларусы й рынак» Аляксандар Алесін.
Аляксандар Алесін: Лепш мець ляяльны народ на сваіх межах. Калі б Расея захацела б акупаваць Беларусь, яна для гэтага дастаткова моцная. Аднак, Крэмль атрымаў бы варожы народ. Паводле сацыялягічных апытаньняў Вардамацкага 17% насельніцтва гатова ўзяць зброю ды супраціўляцца. Гэта шмат,калі 17% гатовыя ісьці ў партызаны. Апроч таго толькі 5% беларусаў хочуць у склад Расеі.
Паводле дадзеных НІСЭПД у 2015 годзе 31% беларусаў дэкляраваў гатоўнасьць супраціўляцца са зброяй НАТО, і толькі 19% – Расеі, у выпадку агрэсіі з боку гэтай краіны. Гэта занадта аптымістычныя лічбы, перакананы палітоляг з Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч. Насамрэч гатовых змагацца за Беларусь менш за тысячу.
Андрэй Ляховіч: У беларускім грамадзтве дастаткова моцныя прарасейскія настроі. Далучэньне да Расеі ў падтрымліваюць ня менш за 10%. Агучаную лічбу гатоўнасьці ваяваць і паміраць за незалежнасьць у вайне з Расеяй (у нас можа быць толькі адзін агрэсар – Масква), я лічу занадта аптымістычнай. На маю думку, такіх у Беларусі ня больш за тысячу чалавек.
Гэта тлумачыцца прыналежнасьцю Беларусі да расейскай інфармацыйнай прасторы, дамінаваньнем расейскай прапаганды ў адукацыі й школе, а таксама дзеяньнямі праваслаўнай царквы.
Андрэй Ляховіч: Беларускае грамадзтва належыць да расейскай інфармацыйнай прасторы й на праблемы міжнароднай палітыкі праз прызму расейскіх СМІ. Гэта толькі частка праблем. Дастаткова зазірнуць у падручнікі гісторыі, там пануе расейская прапаганда, што беларусы ніколі ня мелі сваёй дзяржавы. Заўсёды былі пад прыгнётам летувісаў ды палякаў. Толькі расейцы нас вызвалілі, а беларусы здаўна змагаліся за аб’яднаньне славянскіх зямель. Ня думаю, што людзі, якія вучацца па такіх падручніках здольныя абараняць сваю краіну ад Расеі. Плюс да гэтага праваслаўе. Напрыклад у брыгадзе спэцназу ўнутраных войскаў 3214, якую рэжым ня раз выкарыстоўваў для сваёй абароны, стаіць праваслаўная царква, а касьцёла няма. Праваслаўная царква зьяўляецца дадатковым інструмэнтам уплыву Крамля на грамадзкую думку ў рэчышчы агульнай славянскай прасторы з цэнтрам у Маскве.
Таксама як насельніцтва негатовыя да супраціву й улады. У выпадку рэальнай вайсковай пагрозы з Масквы, беларускае кіраўніцтва ды сілавікі здадуцца Расеі, перакананы экспэрт. Аднак гэты сцэнар не адбудзецца ў бліжэйшы час, бо Крамлю гэта проста не аплачваецца.
Андрэй Ляховіч: Цяпер гэта Маскве не патрэбна. Тут не столькі справа беларуска-расейскіх адносін, колькі шырэйшага міжнароднага кантэксту. Трэба разумець, што сёньня ціск з боку Масквы на Менск мае абмежаваньні й пакуль Крэмль ня здольны на захоп Беларусь. Па-першае, Расея цяпер мае кепскае эканамічнае становішча. Па-другое, захоп Беларусі будзе азначаць новыя й больш жорсткія санкцыі з боку Захаду. Па-трэцяе, пасьля анэксіі Расея застанецца адна ў ізаляцыі. Усе ейныя інтэграцыйныя праекты на постсавецкай прасторы ляснуцца, а хаўрусьнікі разьбягуцца.
Беларусы не гатовыя ваяваць ды паміраць за незалежнасьць. Аднак, яны гатовыя за яе галасаваць. Экспэрт зазначае, што калі ўсё абмяжуецца рэфэрэндумам, большасьць беларускага грамадзтва хутчэй за ўсё аддасьць перавагу незалежнасьці.
Юры Ліхтаровіч