Logo Polskiego Radia
Print

Францускі лідэр сьпяшаецца з рэфармаваньнем Эўразьвязу

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 27.09.2017 18:02
Эманюэль Макрон выступіў у Сарбоне з прамовай, прысьвечанай будучыні супольнасьці.
PAP/EPA/LUDOVIC MARIN / POOL

Францускі лідэр сьпяшаецца з рэфармаваньнем Эўразьвязу. У аўторак Эманюэль Макрон выступіў у Сарбоне з прамовай, прысьвечанай будучыні супольнасьці. Палітык разьлічвае на паглыбленьне інтэграцыі й падтрымку афіцыйнага Бэрліну ў гэтым пытаньні. Прычым, Парыж не зьбіраецца чакаць, пакуль будзе сфармаваны новы нямецкі ўрад, чытаем сёньня на старонках выданьня Gazeta Wyborcza.

Менавіта да Ангелы Мэркель, галоўным чынам, быў скіраваны выступ Макрона. Ён адзначыў, што Францыя й Нямеччына павінныя пачынаць пераўтварэньні, якія потым распаўсюдзяцца на іншых удзельнікаў супольнасьці. Перш за ўсё, гаворка вядзецца пра стварэньне так званай «групы адбудовы Эўропы» – яна мае складацца з прадстаўнікоў тых краінаў, што гатовыя да больш цеснай інтэграцыі. Яшчэ адна зь ініцыятываў тычыцца зоны эўра.

На думку Макрона, для дзяржаваў, якія перайшлі на адзіную валюту, неабходна стварыць асобны бюджэт. Грошы ў супольную скарбонку будуць паступаць, у тым ліку, з новага падатку ад фінансавых апэрацыяў. Ідэя выклікала супраціў з боку нямецкіх лібэралаў, што імкнуцца патрапіць у парлямэнцкую кааліцыю. Выданьне адзначае, што пэрспэктыва непакоіць таксама краіны, якія не ўваходзяць у склад валютнага блёку. Назіральнікі не выключаюць, што асобны бюджэт можа прывесьці да зьмяншэньня фондаў для рэшты ўдзельнікаў Эўразьвязу.

Выступаючы ў Сарброне, прэзыдэнт Францыі выказаўся таксама за паглыбленьне супрацоўніцтва ў абаронным сэктары. Яшчэ адзін важны кірунак – адукацыя. У 2024 годзе кожны студэнт у ЭЗ павінен ведаць прынамсі 2 замежныя мовы, адзначыў Макрон.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт