Logo Polskiego Radia
Print

Актыўная праца над нацыянальным электрамабілем пачынаецца ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 14.09.2017 14:56
У Міністэрстве энэргіі краіны ўжо заявілі пра гатоўнасьць перасесьці на айчынныя экалягічныя легкавікі.
Фота мае ілюстрацыйны характарФота мае ілюстрацыйны характарpixabay.com/Public Domain CC0

Актыўная праца над нацыянальным электрамабілем пачынаецца ў Польшчы. Аўтары ідэі прыступаюць да праектаваньня прататыпу. І хоць вынікі конкурсу на стварэньне дызайну будучай мадэлі ўжо вядомыя, пытаньне аб тым, як будзе выглядаць экалягічны транспарт, пакуль застаецца адкрытым, піша сёньня выданьне Puls Biznesu. Арганізатары выбралі чатырох пераможцаў. Канчатковае рашэньне абяцаюць прыняць у будучым месяцы.

Стваральнікі аўтамабіля змогуць выбраць кожны з варыянтаў, што прайшлі адбор, ці нават прапанаваць уласны. Паводле газэты, кампанія ElectroMobility Polska, што займаецца распрацоўкай, атрымала на старце 10 мільёнаў злотых (гэта каля 3 мільёнаў даляраў). Экспэрты аднак адзначаюць – сума даволі невялікая, таму будзе патрэбнае дадатковае фінансаваньне. Кіраўнік праекту Пётр Зарэмба не выключае, што грошы паступяць яшчэ ў гэтым годзе. Што тычыцца самога прататыпу, то ён мае быць гатовы ў канцы 2018 – пачатку 2019. Пасьля гэтага пачнецца выпуск малых сэрыяў прадукцыі.

У польскім Міністэрстве энэргіі ўжо заявілі пра гатоўнасьць перасесьці на айчынныя легкавікі. Верагодна, так зробяць і прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў. Тым часам, спэцыялісты кампаніі Boston Consulting Group прагназуюць пераломны момант у 2020 годзе, калі электракары перастануць быць экзотыкай і пачнуць уваходзіць у шырокі ўжытак.

Назіральнікі кажуць, што менавіта тады абслугоўваньне экалягічнай машыны будзе каштаваць таньней, чым карыстаньне аналягам, які езьдзіць на бэнзіне ці салярцы. А ўжо ў 2030 годзе аўтамабілі з электрычнымі рухавікамі пачнуць дамінаваць на рынку новых машынаў. Зьніжэньне цэнаў адбудзецца, перш за ўсё, дзякуючы канкурэнцыі паміж буйнымі канцэрнамі з Усходу ды Захаду, адзначаецца на старонках газэты Puls Biznesu.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт