Польшча патрабуе новую сыстэму папярэджаньня аб надзвычайных сытуацыях
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
29.08.2017 19:03
Актуальнасьць праблемы ўзрасла пасьля навальніцы, якая некалькі тыдняў таму абрынулася на паўночныя ваяводзтвы краіны.
pixabay.com/Public Domain CC0
Польшча патрабуе новую рэгіянальную сыстэму папярэджаньня аб неспрыяльных кліматычных умовах. Пра гэта гаворыцца ў сьвежым нумары выданьня Dziennik Gazeta Prawna. Актуальнасьць праблемы ўзрасла пасьля навальніцы, якая некалькі тыдняў таму абрынулася на паўночныя ваяводзтвы краіны.
Галоўным мэханізмам папярэджаньня людзей зараз застаюцца стацыянарныя сырэны, якія ахопліваюць менш за 78 адсоткаў насельніцтва краіны. Рэшта палякаў мусіць спадзявацца на гучнагаварыцелі, званы, гонгі ды розныя мэдыі – тэлебачаньне, радыё, смс-рассылку. Гэта вынікае з апошняга дакладу кіраўніка грамадзянскай абароны.
Такі дакумэнт рыхтуецца штогод, ён мусіць быць прадстаўлены да канца траўня. Таму можна дайсьці да высновы, што міністар унутраных справаў Марыюш Блашчак, прынамсі, на працягу трох апошніх месяцаў ведаў пра рэальны стан рэчаў. Больш за тое, амаль аналягічны даклад быў падрыхтаваны за папярэдні год. А гэта азначае, што й стары ўрад ня шмат зрабіў для мадэрнізацыі сыстэмы папярэджаньня, адзначае аўтар.
Што тычыцца цяперашняга кіраўніцтва міністэрства, то яно толькі пасьля жнівеньскай навальніцы анансавала працы ў гэтым кірунку. Газэта таксама расказвае пра бясплатную прыладу, якую стварылі два гады таму на замову ўладаў. Кожны, хто хоча атрымліваць актуальную інфармацыю, мусіць усталяваць праграму на свой смартфон. Паведамленьні дасылаюць дзяжурныя ваяводзкіх цэнтраў крызыснага кіраваньня. Прычым, робяць яны гэта ў кругласутачным рэжыме.
Праблема заключаецца ў тым, што мала хто такую інфармацыю атрымлівае. У сярэднім, кожны месяц праграму інсталююць крыху больш за 10 тысячаў карыстальнікаў. Гэта зусім неістотна, калі ўлічваць, што актыўных сім-картак у Польшчы зараз каля 52 мільёнаў.
св