Саюз беларускіх пісьменьнікаў ізноў шукае таленты. Чарговы раз творчая арганізацыя абвясьціла прыём заявак у Школу маладога пісьменьніка. Заняткі ў ёй праводзяць вядомыя майстры слова. Веды будучыя літаратары атрымліваюць абсалютна бясплатна.
Школа маладога пісьменьніка – нефармальны адукацыйны праект, што ладзяць ужо ня першы год. Галоўныя ўмовы для ўдзельнікаў – апантанасьць літаратурай і паўналецьце. Адзначым, хоць у назьве і прысутнічае слова «маладога», максымальны ўзрост слухачоў арганізатары не абмяжоўваюць. Яшчэ адзін істотны момант – заяўкі прымаюць з усёй Беларусі.
Ад прэтэндэнтаў чакаюць невялікі ўласны твор (жанр істотнага значэньня ня мае), матывацыйны ліст, а таксама сьпіс зь імёнамі аўтараў ці назвамі мастацкіх кніг, якія больш за ўсё паўплывалі на кандыдата. Сярод усіх жадаючых выберуць самых таленавітых. Звычайна ў групе каля 20 чалавек. Пра тое, як адбываецца конкурс, нашай рэдакцыі паведаміў спэцыяліст па камунікацыях Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Ціхан Чарнякевіч.
Ціхан Чарнякевіч: Мы набіраем маладых літаратараў кожны год. Ёсьць адпаведныя куратары школы Алена Казлова й Юлія Цімафеева. Ёсьць вельмі вядомыя выкладчыцы. Напрыклад, празаік Людміла Рублеўская, выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ганна Бутырчык і Натальля Паваляева. Яны вывучаюць дасланыя творы й матывацыйныя лісты і адбіраюць будучых студэнтаў нашай школы. Як правіла, кожны год ёсьць конкурс. Часам на адно месца прэтэндуюць 3 ці 4 чалавекі. То бок, праект даволі папулярны. У 2017 годзе атрымліваецца міні-юбілей – 5 гадоў.
Па словах нашага суразмоўцы, за ўсе гады, што існуе школа, празь яе прайшло каля сотні пачынаючых пісьменьнікаў. На самым старце выкладчыкі працавалі, у тым ліку, з маладымі паэтамі, але паступова вырашылі сканцэнтравацца на падрыхтоўцы празаікаў. Спатканьні адбываюцца раз на два тыдні – па суботах. Праграма даволі разнастайная. Працягвае Ціхан Чарнякевіч.
Ціхан Чарнякевіч: Будуць адбывацца лекцыі, майстар-клясы зь пісьменьнікамі, перакладчыкамі ды крытыкамі. Заплянаваныя практычныя заняткі па рэдагаваньні свайго тэксту. Удзельнікі даведаюцца пра тое, як будуецца сам тэкст. Ёсьць крыху гісторыі літаратуры. Словам, вельмі насычаная й цікавая праграма, разьлічаная на цэлы дзень. Найлепшае, што можна атрымаць у школе – гэта веды й досьвед стасункаў камунікацыі зь людзьмі, якія таксама пішуць, пачынаюць пісаць ці вельмі хочуць пачаць пісаць. У нас заўсёды вельмі дружная атмасфэра, пасьля навучаньня навучэнцы падтрымліваюць прыяцельскія адносіны.
Зь нядаўняга часу ў школе зьявіўся другі год навучаньня, праграма якога не абмяжоўваецца напісаньнем мастацкіх твораў ды рэдагаваньнем тэкстаў. Слухачам даводзіцца працаваць над уласным выданьнем. У канцы навучаньня маладыя літаратары атрымліваюць спэцыяльныя сэртыфікаты. Што тычыцца выпускнікоў, то Саюз беларускіх пісьменьнікаў уважліва сочыць за іхным лёсам. Паводле Ціхана Чарнякевіча, многія з былых слухачоў і зараз актыўна працуюць у літаратуры.
Ціхан Чарнякевіч: Як правіла, гэтыя людзі друкуюцца ў нашых літаратурных часопісах. Нехта ўжо ўдзельнічаў у літаратурных прэміях. Пры Саюзе пісьменьнікаў у выдавецтве «Кнігазбор» кожны год рыхтуюцца кніжкі, у якіх друкуюцца творы менавіта навучэнцаў Школы маладога пісьменьніка. Нехта пасьпеў зьезьдзіць у рэзыдэнцыю маладога літаратара ў Вільні (яго курыруе ПЭН-Цэнтар). То бок, іхняя творчасьць – не выпадковая зьява. Было б добра паглядзець празь пяць гадоў на тое, што атрымалася за гэты час. Я думаю, гэта будзе цэлая генэрацыя маладой прозы.
Заняткі ў Школе маладога пісьменьніка пачнуцца ў кастрычніку і будуць доўжыцца 8 месяцаў. Заяўкі ад патэнцыйных удзельнікаў прымаюць да сярэдзіны верасьня. Падрабязную інфармацыю пра ўмовы сёлетняга конкурсу можна знайсьці на афіцыйным сайце Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Васіль Садоўскі
слухайце далучаны гукавы файл