Logo Polskiego Radia
Print

Сьвятар, які маліўся за беларусаў.

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 30.07.2017 12:18
Пра Баляслава Слосканса расказвае на старонках сьвежага нумару выданьня "Часопіс" Сяргей Чыгрын.

Сьвятар, які маліўся за беларусаў. Зь лёсам выбітных постацяў мінулага працягвае знаёміць чытачоў выданьня "Часопіс" Сяргей Чыгрын. У новым нумары ён расказвае пра рыма-каталіцкага сьвятара, біскупа, Баляслава Слосканса. Рэлігійны й грамадзкі дзеяч нарадзіўся ў 1893 годзе ў былой Віцебскай губэрні. Латыш па нацыянальнасьці, ён любіў беларусаў і выдатна размаўляў па-беларуску.

У 1926 быў прызначаны на пасаду апостальскага адміністратара Менскага й Магілёўскага. Але ўжо ў наступным годзе за сваю актыўную дзейнасьць быў арыштаваны ды высланы на Салавецкія астравы. Пасьля трох гадоў зьняволеньня Слосканс прыехаў у Магілёў, але празь 10 дзён яго ізноў арыштавалі ды адправілі ў Сібір. Пасьля Енісейску, Стара-Юруханску ды Краснаярску сьвятара перавялі ў маскоўскую турму, зь якой вызвалілі ў студзені 1933 году, выдаўшы яго латвійскаму ўраду ўзамен на камуністычнага актывіста.

Затым была вандроўка па Эўропе ды сустрэчы зь вернікамі. Падчас Другой сусьветнай вайны Слосканс трапляе ў нямецкі лягер для ваеннапалонных, але дзякуючы эпіскапам, яго вызваляюць. З 47 году наведваў беларускія асяродкі ў розных краінах Старога сьвету. Дзякуючы яму, у бэльгійскім горадзе Лёвэне паўстаў беларускі цэнтар.

Сьвятар падтрымліваў эмігрантаў, што апынуліся на Захадзе. Сярод іх – Мікола Равенскі, аўтар музыкі да славутага рэлігійнага гімну «Магутны Божа». Баляслаў Слосканс фінансаваў беларускія каталіцкія часопісы, якія выходзілі ў Парыжы й Рыме, а на пачатку 60-х гадоў ініцыяваў прызначэньне для беларусаў ўласнага біскупа. Памёр сьвятар у 1981. Праз 23 гады быў афіцыйна абвешчаны вызнаўцам веры. У гонар Баляслава Слосканса названая адна з вуліцаў Рыгі.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт