Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік пакінуць без ахоўнай зоны. Гэта прадугледжана ўказам, што падпісаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Рашэньне ўжо пасьпела выклікаць пытаньні ў прадстаўнікоў грамадзкасьці.
Пра скасаваньне ахоўнай зоны (гэты статус распаўсюджваецца на тэрыторыі, што знаходзяцца ў межах кілямэтру вакол прыроднага комплексу) у чацьвер паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі. Паводле падпісанага дакумэнту, цяпер землі, якія сюды ўваходзілі, можна будзе выкарыстоўваць у гаспадарцы. То бок, у землекарыстальнікаў зьявіцца магчымасьць вырошчваць сельгаскультуры ды пасьвіць жывёлу ў непасрэднай блізкасьці ад запаведніка.
Што тычыцца знакаў радыяцыйнай небясьпекі, то яны будуць разьмешчаныя ў межах самога комплексу. У паведамленьні прэс-службы адзначаецца – пытаньне абмяркоўвалася з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі. Назіральнікі, у сваю чаргу, лічаць, што яго варта было б разглядаць больш грунтоўна – з удзелам навукоўцаў ды грамадзкасьці. Занепакоенасьць у спэцыялістаў выклікае магчымасьць распаўсюджваньня радыёнуклідаў. Кажа эколяг, кіраўнік арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.
Аляксандр Вінчэўскі: Я вельмі хвалююся, што замер ізатопаў вельмі дарагі, і ня ўся прадукцыя праходзіць жорсткі кантроль. Пры прыняцьці рашэньня грамадзкасьць ніхто не пытаўся. Але паколькі гэта тычыцца ня толькі палітыкі, але й здароўя людзей, безумоўна, было б цікава выслухаць меркаваньне тых, хто за ліквідацыю ахоўнай зоны. Праблема тычыцца ня толькі тых, хто жыве на гэтых землях. Паколькі прадукцыя ідзе па Беларусі і за мяжу, трэба больш шырока гэта абмяркоўваць. Факт, што ў стронцыя-90 пэрыяд паўраспаду складае 29 гадоў, у цэзія-137 – 30 гадоў. Калі браць пад увагу, што мусіць прайсьці 5 пэрыядаў паўраспаду, каб выкарыстоўваць тыя тэрыторыі, то атрымліваецца, што трэба чакаць мінімум 150 гадоў. А мы ўжо пашам ды сеем.
Як адзначыў Аляксандр Вінчэўскі, у чацьвер прадстаўнікі экалягічнай супольнасьці сустракаліся з кіраўніком Дэпартамэнту па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі Аляксандрам Цітком. У размове прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сытуацыях паведаміў – у наступным годзе тэрыторыі запаведніку чакаюць новыя зьмены.
Аляксандр Вінчэўскі: Будуць карэктавацца межы запаведніка каля населеных пунктаў. Напрыклад, у Нароўлі, якая знаходзіцца на рацэ. З аднаго боку горад, з другога – запаведнік, куды забаронена ступаць. Як нам тлумачылі, мясцовыя жыхары хочуць трапляць на бераг. Такія пытаньні будуць вырашаць з удзелам спэцыялістаў.
Некаторыя экспэрты лічаць, што ліквідацыя ахоўнай зоны вакол Палескага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку немэтазгодная таксама з гаспадарчага пункту гледжаньня. Працягвае эканаміст, актывіст праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «За свабоду» Андрэй Юркоў.
Андрэй Юркоў: Канешне, не хацелася б ставіць на сабе экспэрымэнты. А так атрымліваецца, што ўся прадукцыя, якая вырошчваецца на забруджаных тэрыторыях, развозіцца па ўсёй Беларусі. Таму атрымліваецца, што няхай не на 100 адсоткаў, але частку яе і я сам спажываю, мае бацькі, дзеці, блізкія, усе беларусы. Таму гэта сумны дастаткова факт. Але галоўнае, што ўсе мы цудоўна ведаем, што ў Беларусі кантролю прадуктаў харчаваньня на радыёнукліды амаль няма. У краіне хапае зямель. І, дарэчы, тыя землі, што там знаходзяцца, кепскія – дастаткова бедныя. Там пясчаныя глебы. Вельмі складана атрымаць нейкі прыбытак, не кажучы пра тое, што праз радыяцыю можа быць наўпроставая шкода для нашага здароўя.
Сёньня Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік з плошчай каля 215 тысячаў гектараў зьяўляецца самым вялікім прыродным комплексам у Беларусі. Яго стварылі на тэрыторыях, найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Ахоўная зона вакол запаведніку праходзіць па Брагінскім, Калінкавіцкім, Нараўлянскім, Мазырскім ды Хойніцкім раёнах.
Васіль Садоўскі
слухайце далучаны гукавы файл