Logo Polskiego Radia
Print

«Эўразьвяз можа ўзалежніцца ад карумпаванага праекту Крамля»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 21.07.2017 20:30
  • «Эўразьвяз можа ўзалежніцца ад карумпаванага праекту Крамля».mp3
Дасьледчы цэнтар Atlantic Council у сваім аналізе моцна крытыкуе пляны Расеі й Нямеччыны пабудаваць газаправод Nord Stream II.
Ільля ЗаслаўскіІльля ЗаслаўскіAliaksandr Papko/radyjo.net

Дэлегацыя польскіх портаў Шчэцін і Сьвінавуйсьце на перамовах у нямецкім Штральзундзе выказала прадстаўнікам ураду Нямеччыны прэтэнзіі ў сувязі з пабудовай газаправоду Nord Stream II. Да 2019 году расейскі канцэрн «Газпром» плянуе пракласьці другую нітку газаправоду Nord Stream, якая спалучыць Расею й Нямеччыну па дне Балтыйскага мора. Супраць гэтага праекту выступілі Польшча, Чэхія, Славаччына, краіны Балтыі, Вугоршчына й Румынія. Улады Эўразьвязу таксама непакояцца, што газаправод ўзалежніць Эўропу ад расейскага газу. Nord Stream II – гэта палітычна матываваны праект, які не дывэрсыфікуе паставак газу й і не прывядзе да зьніжэньня цэнаў паліва – сьцьвярджае расейскі аналітык Ільля Заслаўскі ў дакладзе «Крамлёўскія газавыя гульні ў Эўропе», апублікаваным амэрыканскім дасьледчым цэнтрам Atlantic Council. З аўтарам дасьледаваньня размаўляе Аляксандар Папко.

Спадар Ільля, у сваім дакладзе вы сьцьвярджаеце, што «Газпром» – гэта зусім не звычайнае камэрцыйнае прадпрыемства, як думаюць многія на Захадзе, а карпарацыя, якая кантралюецца расейскім урадам і выконвае загады расейскіх уладаў. Ці можаце вы прывесьці прыклады такога кантролю?

Ільля Заслаўскі: Няма сумневаў у тым, што «Газпром» поўнасьцю кантралюецца Крамлём. Гэта бачна і ў інфраструктурных праектах, і ў закупках кампаніі, і ў палітыцы продажу газу. Гэтая кампанія працуе не ў інтарэсах уладальнікаў акцыяў, а ў інтарэсах Крамля. Вельмі часта яна прымае рашэньні, якія ня маюць эканамічнага абгрунтаваньня, шкодзяць расейскаму бюджэту, затое перасьледуюць палітычныя мэты.

Паглядзім на кіраўніцтва кампаніі: Уладзімер Пуцін зрабіў старшынём яе праўленьня Аляксея Мілера. Мілер быў яго паплечнікам з часоў працы ў мэрыі Пецярбурга. Тое самае можна сказаць пра многіх іншых топ-мэнэджэраў гэтай кампаніі: Зубкова, Голубева, Селязьнёва, кіраўніка «Газроммбанка» Акімава, галаву рады дырэктараў кампаніі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Яны альбо паходзяць з КДБ, альбо з Санкт-Пецярбурга, альбо і адтуль, і адтуль.

З «Газпромам» зьвязаныя шматлікія карупцыйныя скандалы. Гэта дзякуючы «Газпрому» меркаваны зяць Пуціна Кірыл Шамалаў атрымаў долю ў кампаніі «СИБУР» і стаў мільярдэрам. Пуцін выкарыстоўвае «Газпромам» у інтарэсах сваёй уласнай сям’і! Іншы скандал зьвязаны з пакупкай «Газпромам» кампаніі «Сибнефть» у мільярдэра Рамана Абрамовіча. Скандалы настолькі шматлікія, што я магу размаўляць пра іх гадзінамі.

Вы таксама заявілі, што «Газпром» выкарыстоўвае сваю гандлёвую палітыку як зброю супраць некаторых краінаў у Эўропе. Ці можаце вы падаць прыклады?

Ільля Заслаўскі: На пачатку 2015 году «Газпром» па загадзе з Крамля рэзка скараціў пастаўкі газу па газаправодзе Nord Stream. Гэта было зроблена, каб пакараць Польшчу ды іншыя краіны, якія пастаўлялі газ, што прыйшоў праз Nord Stream, ва Ўкраіну. Такіх прыкладаў насамрэч шмат. Робэрт Ларсан у сваім дасьледаваньні, якое мы цытуем у нашым дакладзе, пералічвае больш за 50 прыкладаў, калі расейскае кіраўніцтва выкарыстоўвала пастаўкі газу, каб аказаць ціск на ўрады іншых краінаў.

У вашым дакладзе вы аналізуеце мэтазгоднасьць праекту пабудовы газаправоду Nord Stream ІІ. Ці будзе Эўропа ў бліжэйшыя гады патрабаваць больш газу? Чаму вы лічыце праект пабудовы новай газавай трубы сумнеўным?

Ільля Заслаўскі: Выключная важнасьць і небясьпека праекту Nord Stream ІІ вынікае з таго, што ў ім удзельнічае Нямечына – самая вялікая краіна Эўразьвязу. Пабудова гэтага газаправоду можа ўдарыць па эўрапейскіх дэмакратычных прынцыпах. Калі казаць пра попыт на газ у Эўропе, то ён ня вырасьце настолькі значна, як «Газпром» і яго партнэры стараюцца паказаць. Гэтая велічыня ўвогуле надзвычай непрадказальная.

«Газпром» у сваіх аналізах любіць заяўляць да 2030-2035 году попыт на газ у Эўропе ўзрасьце на мільёны кубамэтраў. На мой погляд, гэтыя прагнозы палітызаваныя і ўвогуле бессэнсоўныя. У энэргетычнай індустрыі мы ў стане пралічыць попыт толькі на 5-7 гадоў наперад., і нават такія прагнозы аказваюцца недакладнымі. З часоў фінансавага крызысу 2008 году попыт на газ у Эўропе не расьце. Таму найбольш рэалістычны прагноз павінен датычыць 5-7 гадовага гарызонту і прадугледжваць стагнацыю попыту.

Гэты попыт можа быць задаволены рознымі спосабамі: здабычай уласнага газу (у тым ліку сланцавага), энэргіяй з аднаўляльных крыніцаў, магчыма, «чыстымі» тэхналёгіямі спальваньня вугалю, атамнай энэргіяй ці газам зь іншых рэгіёнаў – з Поўдня, звадкаванага газу з ЗША. Таму сьцьвярджэньні «Газпрому» пра тое, што Эўропе абсалютна неабходна больш расейскага газу, не адпавядаюць рэчаіснасьці.

Як пабудова Nord Stream ІІ паўплывае на эўрапейскі газавы рынак? Як плянаваны газаправод паўплывае на транзытныя дзяржавы – такія як Украіна? Ці ёсьць экалягічныя ці іншыя засьцярогі, зьвязаныя з яго пабудовай?

Ільля Заслаўскі: Дасьледаваньні праведзеныя эўрапейскім цэнтрам эканамічнага аналізу Bruegel паказваюць, што з-за перагружанасьці сетак, якія транспартуюць газ зь Нямеччыны ў Цэнтральную і Ўсходнюю Эўропу, цэны газу могуць узрасьці. Цэны могуць вырасьці і ў Заходняй Эўропе, паколькі пабудова газаправоду патрабуе вялікіх зьменаў у інфраструктуры.

Калі казаць пра Ўкраіну, то калі Эўракамісія дазволіць будаваць Nord Stream ІІ, то Ўкраіна страціць свой статус галоўнага транзіцёра расейскага газу. «Газпром» будзе выкарыстоўваць украінскія газаправоды толькі па астаткавым прынцыпе, магутныя ўкраінскія газасховішчы ня будуць задзейнічаны й паступова прыйдуць у заняпад. Эўразьвяз пазбавіцца вельмі надзейнага транзытнага шляху і ўзалежніцца ад карумпаванага праекту, якія не запэўнівае стабільнасьць паставак у пікавыя пэрыяды, а таксама зьяўляецца сумнеўным з пункту гледжаньня доўгатэрміновай бясьпекі.

Якую палітыку ў стасунку да «Газпрому» павінен весьці Эўрапейскі зьвяз?

Ільля Заслаўскі: Я выступаю за палітыку стрымліваньня ў стасунку да расейскага рэжыму, уключаючы стрымліваньне ў энэргетычным сэктары. Эўразьвяз павінен даваць дазвол на рэалізацыю праектаў у галіне энэргетычнай інфраструктуры, зыходзячы з меркаваньняў бясьпекі й барацьбы з карупцыяй. Таксама Эўразьвяз павінен браць пад увагу патрабаваньні дывэрсыфікацыі паставак энэрганосьбітаў, барацьбы са зьменамі клімату. Гэта ня значыць, што я выступаю супраць любых паставак расейскіх энэрганосьбітаў у Эўропу. Аднак яны павіныя адпавядаць прынцыпам лібэралізацыі эўрапейскага газавага рынку. Кожная краіна павінная мець магчымасьць атрымаць энэрганосьбіты ад альтэрнатыўнага пастаўшчыка – ня толькі расейскага. Гэта адзіны шлях для разьвіцьця.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт