Расея ўкладвае ў прапаганду вялізныя сродкі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
30.06.2017 13:43
Чарговы віток расейскай прапаганды раскруціўся пасьля смаленскай авіякатастрофы.
Foto: Peggy_marco / pixabay.com
Пра расейскую прапаганду ў выглядзе парталу Спутник, які перадае інфармацыю на польскай мове, піша niezalezna.pl. Праўда, прапаганда Расеі ў Польшчы прысутная ўжо шмат гадоў, але яе інтэнсіўнасьць мяняецца ў залежнасьці ад палітычнай сытуацыі. Асаблівую актыўнасьць у гэтай галіне можна было заўважыць пасьля некарысных для Расеі рашэньняў польскіх уладаў, напрыклад, пра далучэньне дзяржавы да NATO, пры першых спробах правядзеньня люстрацыі ці падчас першага кіраваньня краінай партыі ПіС.
Чарговы віток расейскай прапаганды раскруціўся пасьля смаленскай авіякатастрофы і працягваецца да сёньняшняга часу. У распаўсюджваньне крамлёўскага бачаньня падзей ва Ўкраіне і дзейнасьці актуальнага польскага ўраду ўкладваюцца вялізныя грошы.
Партал Спутник працуе на 34 мовах, зьмест інфармацыі бывае розны ў залежнасьці ад краіны, у якую яна прызначаная. У кожнай дзяржаве ёсьць група няштатных супрацоўнікаў. Спутник апэратыўна рэагуе на тое, што адбываецца ў Польшчы, асабліва калі гаворка ідзе пра Ўкраіну, NATO, энэргетычную палітыку і смаленскую катастрофу. Зьмест некаторых навін Спутника паяўляецца на польскіх парталах, між іншым, на сайце gazetawarszawska.com/politics было зьмешчана інтэрвію з Янушам Корвінам-Мікэ пад загалоўкам «Ці снайпэры на Эўрамайдане праходзілі падрыхтоўку ў Польшчы?», якое запісаў карэспандэнт Спутника Леанід Сіган.
«Гэта магутны інструмэнт інфармацыйнай вайны», – адзначае экспэрт па пытаньнях Усходняй Эўропы доктар Ежы Таргальскі. І дадае, што ў 2013 годзе, калі быў створаны Спутник, адбылося аб’яднаньне трох устаноў: інфармагенцтва Риа Новости, тэлебачаньня Russia Today і радыё Голос России. Тэлебачаньне RТ мае прыкладна 150 млн. гледачоў па ўсім сьвеце.
niezalezna.pl/нг